Пошук

03.08.2022 09:49   Catholic.by
Касцёл у Любчы. Фота Віталія Палінеўскага

У суботу 13 жніўня ў Любчы, што на Навагрудчыне, адбудзецца ўрачыстае ўнясенне ў касцёл рэліквій святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага, якую называюць «маленькай арабкай».

Любчанская святыня, благаслаўлёная тры гады таму, належыць да навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла і мае тытул Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага. Рэліквіі святой заступніцы касцёла ў Любчы былі прывезены з кляштара сясцёр кармэлітак у Бэтлееме.

Урачыстасць распачнецца сустрэчай рэліквій «маленькай арабкі» на ўездзе ў мястэчка. Адтуль у працэсіі вернікі скіруюцца да касцёла, дзе адбудзецца святая Імша і будзе магчымасць ушанаваць рэліквіі святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага.

Пачатак а 18-й гадзіне.

Сястра Марыя ад Езуса Укрыжаванага. Фота: Wikimedia

Мар’ям Баўардзі нарадзілася 2 студзеня 1846 года ў Ібіліне на поўначы Ізраіля. Яе бацькі былі вельмі беднымі, але сумленнымі людзьмі і пабожнымі грэка-католікамі.

Застаўшыся разам з братам Паўлам круглай сіратой ва ўзросце ўсяго трох гадкоў, Мар’ям была аддадзена пад апеку свайго дзядзькі, брата таты, які праз пэўны час пераехаў у Егіпет. Дзяўчынка не хаділа ў школу і заставалася непісьменнай.

Калі Мар’ям было трынаццаць гадоў, дзядзька, згодна з усходнімі звычаямі, збіраўся выдаць яе замуж, але дзяўчына рашуча адмовілася, бо жадала належаць выключна Богу. На працягу наступных гадоў яна працаваля ў якасці хатняй прыслугі ў Александрыі, Ерузалеме, Бэйруце і Марсэлі.

Там на пачатку Вялікага посту 1865 года ўступіла ў супольнасць сясцёр кампасіяністак, але з-за хваробы праз два месяцы была вымушана яе пакінуць. Потым Мар’ям была прынятая ў супольнасць юзэфітак, але праз два гады пастулату (падрыхтоўкі да распачацця манаскага жыцця) выйшла з яе, паколькі, паводле меркавання настаяцельніц, была больш схільная да жыцця ў кляўзуры.

У выніку 14 чэрвеня 1867 года яна ўступіла ў кляштар кармэлітак у По (Францыя), дзе пазней прыняла імя Марыя ад Езуса Укрыжаванага.

21 жніўня 1870 года, яшчэ ў навіцыяце (уступны этап манаскага жыцця), была скіравана ў Індыю, дзе засноўваўся кляштар кармэлітак у Мангалуры. 21 лістапада 1871 года дала першыя манаскія абяцанні, а праз год вярнулася ў По, адкуль у жніўні 1875 года была скіравана ў Бэтлеем, дзе засноўваўся першы кляштар кармэлітак на тэрыторыі Палестыны.

Кананізацыйны абраз святой. Фота: Рapaboys

Сястра Марыя ад Езуса Укрыжаванага адышла ў вечнасць 26 жніўня 1878 года. Прычынай смерці стала гангрэна, якая пачалася з-за пералому ад падзення.

Была беатыфікавана Папам Янам Паўлам ІІ 13 лістапада 1983 года, і кананізаваная Папам Францішкам у Рыме 17 мая 2015 года.

Успамін святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага адзначаецца ў Касцёле 26 жніўня, у дзень Маці Божай Чэнстахоўскай.

Рэлікварый святой на месцы яе спачыну ў Бэтлееме. Фота: Wikimedia

Рэліквіі святой спачываюць у касцёле пры кляштары кармэлітак у Бэтлееме і аточаны вялікай пашанай не толькі сярод хрысціянаў, але і мусульманаў.

Да месца яе спачыну адбываюцца рэгулярныя пілігрымкі.

Першым месцам у Беларусі, дзе з’явілася частка рэліквій святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага, некалькі гадоў таму стаў касцёл Нараджэння Маці Божай у Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Цяпер жа рэліквіі «маленькай арабкі» можна будзе ўшанаваць таксама ў касцёле ў Любчы.

Абноўлена 03.08.2022 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.