Пошук

30.06.2019 23:21   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у Любчы, што на Навагрудчыне, Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч з удзелам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі благаславіў новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага.

Паводле некаторых звестак, менавіта ў Любчы ў Нёмане быў ахрышчаны кароль Міндоўг. Тут таксама было заснавана першае на нашых землях біскупства і закладзена першая каталіцкая святыня.

Урачыстыя мерапрыемствы распачаліся каля ўваходу ў парк перад Любчанскім замкам. На іх завітаў… сам кароль Міндоўг, які ў 1253 г. прыняў тут хрост.

У гэтым гістарычным месцы з удзелам пробашча навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла і любчанскага душпастыра кс. Юрыя Жэгарына быў адкрыты памятны знак, у які святар уклаў грамату «Дзеля памяці ў наступных пакаленнях».

«На гэтым месцы шмат стагоддзяў таму, каля Любчанскага замка, стаяла каталіцкая святыня — адна з першых у Вялікім Княстве Літоўскім, — сказана ў дакуменце. — <…> Памяць пра свае карані, пра мінулае, дае надзею на будучыню і можа захаваць ад памылак наступныя пакаленні.

Вернікі гэтага месца ўзносяць свае малітвы, каб вера і вернасць Езусу ніколі не знікла і не аслабла ў Любчы і Беларусі, каб паўстала яшчэ больш святыняў і каб яны былі цэнтрамі духоўнага жыцця і духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны».

Гэтае пасланне нашчадкам было закладзена ў асаблівы дзень, калі ў старажытным мястэчку на беразе бацькі-Нёмана Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў новы касцёл, пабудаваны намаганнямі мясцовых парафіянаў пад кіраўніцтвам ксяндза Юрыя Жэгарына і з дапамогаю вялікай колькасці людзей добрай волі. Менавіта яны, гэтыя дабрадзеі — часта далёкія геаграфічна, але блізкія сэрцам, — духоўна пашырылі парафіяльную сям’ю невялікага мястэчка і дапамаглі ёй узвесці на хвалу Пана новую прыгожую святыню.

Папярэдні касцёл у Любчы быў зачынены і знішчаны 80 гадоў таму, у 1939 годзе. Пасля з’яўлення рэлігійнай свабоды вернікі доўгі час маліліся ў старым доме, абсталяваным пад капліцу, які з часам стаў зусім непрыдатным для Божага культу і пагражаў вось-вось разваліцца.

На парозе прыгожай і светлай новай святыні мясцовыя вернікі шчыра і цёпла прывіталі ўсіх сваіх дарагіх гасцей, перадусім свайго пастыра біскупа Аляксандра Кашкевіча, а таксама свайго колішняга душпастыра біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку, які стаяў на світанні адраджэння парафіяльнага жыцця ў Любчы пасля цёмнай ночы дзесяцігоддзяў атэістычнага савецкага рэжыму.

Нездарма менавіта біскуп Антоні прамовіў Божае слова падчас урачыстай святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На яе пачатку пастыр Гродзенскай дыяцэзіі сардэчна падзякаваў усім, хто прычыніўся да прыемнай Богу, святой справы пабудовы святыні, і акрапіў асвячонай вадой яе рукатворныя сцены разам з нерукатворнай святыняй Містычнага Цела Хрыста, якая складаецца з жывых людзей, мясцовых вернікаў.

У дапаўненне абраду благаслаўлення біскуп Антоні Дзям’янка акадзіў святыню, і прыемны водар разам з малітвамі любчанскіх вернікаў і іх шчырымі сэрцамі ўзнёсся ўгору, да нябеснага трону Найвышэйшага Бога.

«Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога» (Эф 2, 19).

Гэтымі словамі святога апостала Паўла звярнуўся іерарх у сваёй гаміліі да ўдзельнікаў гістарычнай падзеі. «Вы, дарагія браты і сёстры, з’яўляецеся дамачадцамі, бо святы Бог у Найсвяцейшай Тройцы адзіны сярод вас тут, у Любчы, мае свой дом. Касцёл — гэта Божы дом. Гэта для нас вялікая радасць», — дадаў біскуп Антоні.

Дзякуючы сваёй фенаменальнай памяці сённяшні пастыр Пінскай дыяцэзіі захаваў у сэрцы ўсіх тых, для каго дзень благаслаўлення святыні ў Любчы стаў асабліва радасным.

«Радуюцца святары, душпастыры, якія раней прыязджалі з Навагрудка і Уселюба: ксяндзы Януш Карась, Аляксандр Сасноўскі, Аляксандр Баклажэц, усе святары навакольных парафій. Радуецца ў нябёсах і святой памяці айцец Войцех Навачык, які з Гулага, з Котласа прыбыў на Навагрудчыну і 28 гадоў, ажно да сваёй смерці ў 1984 годзе, падтрымліваў у жыхароў Любчы веру ў Бога ў час ночы атэізму», — сказаў біскуп.

«Калі мы асвячаем касцёл у мясцовасці, дзе раней была разбурана святыня, то нанава перажываем таямніцу ўваскрасення Хрыста. Бо сам Езус Хрыстус, укрыжаваны і ўваскрослы, з’яўляецца краевугольным каменем. Гэта ў Ім уся будоўля расце на святую ў Пана святыню. З Ім і вы таксама ўздымаецеся ў супольным будаўніцтве, каб стаць жытлом Бога ў Духу», — перафразуючы апостала Паўла, сцвердзіў іерарх (пар. Эф 2, 21–22).

Акрамя таго, біскуп Антоні нагадаў, што новы любчанскі касцёл асвячаецца ў месцы на беразе Нёмана, дзе ў 1253 годзе адбыўся першы хрост Літвы, які прыняў тут разам са сваімі падданымі кароль Міндоўг.

«Касцёл будзе нагадваць нам пра найбольшую каштоўнасць, якую мы маем — пра веру. Але яна не статычная, а дынамічная.

Той, хто яе практыкуе праз малітву, вядзе сакрамэнтальнае жыццё, захоўвае пасты, стараецца жыць паводле Божых запаведзяў, дапамагае бескарысліва тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, — у тым вера ўзмацняецца. Калі ж аддаць прыярытэт іншым каштоўнасцям, то можа паўтарыцца тое, што стала з Міндоўгам, які праз кароткі час, кіруючыся палітычнай кан’юнктурай, вярнуўся да паганства», — перасцярог пастыр Пінскага Касцёла.

На заканчэнне ён выказаў любчанскім вернікам свае пастырскія пажаданні:

«Дарагія браты і сёстры, жадаю, каб святыня служыла вам як Божы Дом доўгія гады. Каб тут адбываліся хросты, Першыя Камуніі дзяцей, каб вернікі ядналіся тут з Хрыстом ў сакрамэнце пакаяння, каб заключаліся сужэнствы, каб прымалі сакрамэнт намашчэння хворыя. Няхай тут з моцаю прамаўляецца Божае слова ў катэхезах, настаўленнях, гаміліях, казаннях.

Гэты будынак няхай будзе для вас Домам Божым і брамай да нябёсаў», — завяршыў гамілію біскуп Антоні, зноў перафразуючы Святое Пісанне.

На заканчэнне Эўхарыстыі больш за гадзіну гучалі словы віншавання і падзякі, поўныя шчырай радасці і ўдзячнасці перадусім Богу, які дазволіў менш як за два гады пабудаваць цудоўную святыню і такім чынам рэалізаваць тое, у што яшчэ ўзімку 2017 года не надта верылася нават самым аптымістычным з любчанскіх парафіянаў.

Усё, што яны перажылі за гэты час, вылілася ў сапраўдную паэму, якую напісала верніца парафіі з ваколіц Любчы Валянціна Гайшун. Яе твор пачынаецца праўдзівымі і зусім не пафаснымі словамі:

«Гісторыю піша не біскуп — гісторыю піша народ».

І далей, без пафасу, з праўдзівым да шчымлівасці рэалізмам распавядае яна, як паступова мясцовы люд з дапамогаю дабрадзеяў будаваў у Любчы касцёл.

Унёсак кожнага быў каштоўны і дарагі ў вачах Бога. Найвышэйшы дакладна ведае і памятае не толькі пра тых, хто ў дзень благаслаўлення святыні атрымаў з рук пробашча кс. Юрыя Жэгарына памятны падзячны дыплом, але і пра ўсіх, хто заклаў у яе будаўніцтва нават найменшую духоўную ці матэрыяльную цаглінку.

Пасля святой Імшы адбылося чэрвеньскае набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Выстаўленне было зроблена ў новай манстранцыі, падараванай любчанскай парафіі яе даўнімі і вернымі сябрамі з польскага Падляшша.

Так у малітвах і падзяках незаўважна праляцеў час і настаў вечар. Белыя галубы — сімвал Духа Святога і Божага супакою — з рук біскупаў узляцелі ўвысь, але, крыху пакружыўшы, так і засталіся каля новай святыні, перад якою распачалася святочная праграма. На канцэртнай пляцоўцы выступалі творчыя калектывы з Мінска, Навагрудка і Любчы.

 

Адкрыла творчую частку выступленне мужчынскага хору «Арнамент», які сваім прыгожым спевам аздобіў таксама ўрачыстую літургію.

Нарэшце былі абвешчаны і ўзнагароджаны прызамі пераможцы віктарыны і конкурсу вершаў пра Любчу, якія праводзіліся перад урачыстасцю. Тут жа адбыўся і конкурс печыва любчанаў. Гасцінныя мясцовыя жыхары шчодра і смачна пачаставалі ўсіх гасцей, а народныя майстры правялі выставу-кірмаш традыцыйных вырабаў.

Абноўлена 01.07.2019 12:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа