10 сакавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё незвычайнай выставы сапраўдных кніжных скарбаў, якія нядаўна былі адшуканы ў сховах былога кляштара брыгітак у Гродне.
Упершыню для шырокай публікі будзе прадстаўлена ўнікальная магчымасць убачыць па сутнасці фрагмент архіва старадаўняй друкарні: неразрэзаныя і незбрашураваныя аркушы XVII і XVIII стагоддзяў, падрыхтаваныя для далейшай працы пераплётчыкаў. На кожным з вялікіх друкарскіх аркушаў размяшчалася па восем старонак тэксту, якія ў далейшым павінны былі адпаведным чынам складацца ў асобныя сшыткі, сшывацца разам, абразацца і пераплятацца ў прывычную нам сёння форму кнігі-кодэкса.
Па невядомых прычынах, частка накладу двух выданняў не прайшла адпаведную апрацоўку і засталася ў стосах з асобных аркушаў, якія на працягу некалькіх стагоддзяў заставаліся ў сховах былога Гродзенскага манастыра брыгітак. Яны дазваляюць нам атрымаць добрае ўяўленне пра тое, як друкаваліся кнігі ў мінулыя стагоддзі, асэнсаваць і візуальна ўявіць старажытную тэхналогію збірання і пераплёту выданняў.
Сёння спецыялісты могуць нават казаць пра змест і назвы двух выданняў, якія павінны былі атрымаць форму кнігі яшчэ некалькі стагоддзяў таму назад. Гэта «Статут ордэна брыгітак» 1673 года і «Брэвіярый» 1748 года.
Разам з гэтымі незвычайнымі матэрыяламі са старажытнай друкарні ў Музеі кнігі будуць экспанавацца элементы кніжнага пераплёту і аналагічныя старадрукаваныя кнігі ў «завершаным выглядзе» з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
- Адкрыццё выставы ў Музеі кнігі (памяшканне 347) адбудзецца 10 сакавіка ў 16.00.
- Выстава будзе працаваць да 31 сакавіка. Дата яе завяршэння можа быць зменена.
- Час працы выставы адпавядае распарадку працы музея кнігі.
- Уваход на адкрыццё вольны. У астатнія дні — па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
- Тэлефоны для даведак:
+375 (17) 293 27 81
+375 (17) 293 27 22
+375 (17) 293 27 79