Пошук

23.02.2022 12:35   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Айцы дамінікане, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, запрашаюць усіх ахвотных падчас Вялікага посту прайсці курс інтэнсіўнай фармацыі на тэму: «У што мы верым?»

Падставай гэтага велікапоснага фармацыйнага курсу стане Youcat — змястоўная і даступная апрацоўка Катэхізісу Каталіцкага Касцёла для моладзі на беларускай мове. Знаёмства з ім будзе карысным таксама і для дарослых.

Папа Бэнэдыкт XVI, ініцыятар з’яўлення гэтага выдання, заахвочваў моладзь:

«Прашу вас, вывучайце катэхізіс з палкасцю і настойлівасцю! Ахвяруйце на гэта свой час!» Падчас Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў Мадрыдзе ў 2011 годзе, ён раздаў кніжкі Youcat удзельнікам.

Велікапосны фармацыйны курс мае дзве мэты.

  • Па-першае, паглыбіць веды і разуменне каталіцкай веры па наступных пунктах:
    • вера;
    • сакрамэнты;
    • жыццё ў Хрысце;
    • малітва.
  • Па-другое, працаваць над сумленнем і карыстацца набытымі ведамі такім чынам, каб яны сталі падставаю для размовы з Богам у форме просьбы, перапрашэння, падзякі і праслаўлення.

Увесь змест Youcat падзелены на 44 дні — ад Папяльцовай серады (2 сакавіка) да Вялікага чацвярга (14 красавіка) — такім чынам, што ў кожны з гэтых дзён прапануецца разбіраць 12 пунктаў, разважаць над імі і маліцца.

Катэхізіс для моладзі Youcat можна набыць у касцёльных кіёсках.

Арганізатары курсу заахвочваюць мець уласную кніжку, каб чытаць асабіста, у сям’і або ў супольнасці і дзяліцца з іншымі тым, што кранае, а таксама абмяркоўваць тое, што цяжка зразумець ці ўспрыняць.

Курс будзе праходзіць дыстанцыйна. З гэтай мэтай у мэсэнджары Viber ствараецца група юкат2022, дзе можна будзе знайсці вялікую частку штодзённых матэрыялаў.

Магілёўскія дамінікане і вернікі парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі запрашаюць усіх ахвотных падчас Вялікага посту далучыцца да іх у гэтым аскетычна-фармацыйным курсе, на што спатрэбіцца прысвяціць крыху часу за кошт меншага карыстання інтэрнэтам, а таксама намаганні і сістэматычнасць. Удзельнікі будуць маліцца адзін за аднаго, каб гэты час прынёс у жыцці кожнага адпаведны плён. Арганізатары прапануюць у якасці штодзённай малітвы за супольнасць удзельнікаў курсу малітву анёла з Фацімы:

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн.

Падрабязная інфармацыя па тэл.:

+375 (29) 291 92 11 — айцец Раман Шульц ОР

е-mail:

schulzop@gmail.com

Абноўлена 23.02.2022 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця