У суботу 20 лістапада ў Лідзе сёстры з Кангрэгацыі дачок Марыі Беззаганнай урачыста адзначаць 100-годдзе свайго служэння на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Як паведамляе Grodnensis.by, цэтрам святкавання стане парафія Святой Сям’і ў Лідзе (вул. Гастэлы, 22–1), пры якой нясуць служэнне сёстры з гэтай законніцкай супольнасці.
Пачатак урачыстай святой Імшы ў 12.00.
Кангрэгацыя дачок Марыі Беззаганнай была заснавана ў літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі 21 лістапада 1891 года ў Закрочыме (Польшча) благаслаўлёным Ганаратам Казьмінскім пры ўдзеле Валерыі Людвікі Гасяроўскай для праслаўлення Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Кожная законніца гэтай супольнасці з першых дзён манаскага жыцця становіцца ўласнасцю Марыі.
Сёстры прыносяць сябе ў ахвяру Маці Божай як прыладу для выратавання бліжніх малітвай і працай у патрэбах душы і цела, а таксама ўласным прыкладам. Яны пакліканы быць анёламі-ахоўнікамі для жыхароў тых месцаў, дзе служаць кожны дзень.
Хоць сёстры гэтай законніцкай супольнасці не носяць адмысловага манаскага адзення (габіту), яны вядуць жыццё, уласцівае ўсім кансэкраваным асобам, у чыстасці, убостве і паслухмянасці.
Сёстры Кангрэгацыі дачок Марыі Беззаганнай нясуць служэнне ў Лідзе, а таксама пры парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).