Пошук

12.08.2021 15:52   Паводле: Grodnensis.by
Фота а. Юрыя Находкі OCD / Grodnensis.by

14 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат) адзначаць юбілей 100-годдзя з моманту заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса.

Цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі падзякі за 100 гадоў існавання кангрэгацыі і 30 гадоў служэння кармэлітак у Беларусі ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пачатак Імшы ў 12.00.

Перад Эўхарыстыяй адбудзецца прэзентацыя кангрэгацыі.

Сёстры кармэліткі запрашаюць усіх ахвотных да ўдзелу ў малітве, каб падзякаваць Богу за вялікі дар заснавання іх супольнасці.

***

Як нагадвае Grodnensis.by, Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса была заснавана айцом Анзэльмам Гондэкам OCD у Сасноўцы ў Польшчы 31 снежня 1921 года. Айцец Анзэльм адчуў у сэрцы Божы заклік, каб акрамя ўжо існуючага Ордэна Сясцёр Кармэлітак Босых, якія жывуць і моляцца, працуюць і служаць Богу ў закрытых кляштарах, заснаваць супольнасць кармэлітак, якія б жылі духоўнасцю гэтага ордэну, але служылі, маліліся і працавалі сярод людзей.

З прапановай заснавання новай галіны ордэна айцец Анзэльм звярнуўся да Яніны Керацінскай, якая адчувала пакліканне да манаскага жыцця ў кармэліцкай харызме. Яна згадзілася, давяраючы Богу сваё жыццё, прынесла манаскія абяцанні і атрымала імя Тэрэза ад святога Юзафа. Неўзабаве з’явіліся пакліканні ў новую супольнасць. Сёстры сустракаліся са шматлікімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі, але з Божай дапамогай усе іх атрымалася пераадолець.

Айцец Анзэльм Гондэк назваў супольнасць Кангрэгацыяй Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса і заахвочваў наследаваць цноты Дзіцяткі Езуса. Жыццё сясцёр нагадвала жыццё Святой Сям’і з Назарэта: убогае, простае і цалкам даверанае Божаму Провіду.

У якасці заданняў у харызме супольнасці было вызначана служэнне бедным і найбольш патрабуючым, катэхізацыя дзяцей і моладзі, дапамога ў сакрыстыі, служэнне арганісткі, выхаванне дзяцей у дзіцячым садку, праца з дзецьмі-інвалідамі і шматлікія хатнія працы пры кляштары.

У сотую гадавіну заснавання кангрэгацыі прыпадае таксама 75-годдзе адыходу ў вечнасць сузаснавальніцы гэтай манаскай сям’і Слугі Божай Тэрэзы ад святога Юзафа (Яніны Керацінскай).

Абноўлена 13.08.2021 11:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа