Пошук

12.08.2021 11:01   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

У нядзелю 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, на Залатой Горцы ў Мінску адбудзецца вялікі фэст Маці Божай Зельнай і святога Роха.

Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў народзе называецца «Маці Божай Зельнай», паколькі існуе традыцыя ў гэты дзень благаслаўляць зёлкі і кветкі, а таксама першыя плёны новага ўраджаю: збожжа, садавіну і гародніну.

З гэтай нагоды ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску (пр. Незалежнасці, 44 А) адбудзецца цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы на палявым алтары каля касцёла, падчас якой святар благаславіць зёлкі і плады сёлетняга ўраджаю.

Пачатак цэлебрацыі ў 12.30.

У найстаражытнейшай каталіцкай парафіі беларускай сталіцы ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі традыцыйна з’яўлялася адпустовай. Гэта быў адзін з тытулаў Залатагорскай парафіі, а ў цэнтральным алтары касцёла знаходзіцца, як і калісьці, абраз Маці Божай Унебаўзятай.

Пасля Імшы запланавана культурная праграма і час, каб падзяліцца сакрэтамі вырошчвання і выкарыстання раслін.

У панядзелак 16 жніўня адзначаецца ўрачыстасць святога Роха — апекуна Мінска і асаблівага ратаўніка ад хваробаў і эпідэмій.

Урачыстыя святыя Імшы ў Залатагорскім касцёле ў гэты дзень будуць цэлебравацца ў 8.00, 12.00 і 18.30.

Цэлебрацыю святой Імшы ў 18.30 узначаліць Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа