20 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведае парафію святога Мікалая, біскупа, у Свіры, дзе ўдзеліць сакрамэнт канфірмацыі групе тутэйшай моладзі.
З гэтай нагоды заслужаны беларускі іерарх узначаліць цэлебрацыю святой Імшы, якая распачнецца ў свірскім касцёле а 13-й гадзіне.
Пробашч парафіі ў Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, шчыра запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да супольнай малітвы за тых, хто прымае сакрамэнт хрысціянскай сталасці, а таксама за арцыпастыра, які ў гэтыя дні адзначае 40-годдзе святарства.