У суботу 19 чэрвеня ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне алтара Святога Крыжа, якое здзейсніць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Алтар у навагрудскім касцёле разам з іншымі элементамі святыні быў знішчаны ў савецкія часы. Некалькі месяцаў таму намаганнямі мясцовай супольнасці вернікаў і людзей добрай волі алтар Святога Крыжа быў адбудаваны паводле старых фотаздымкаў. Ансамбль барочнага алтара ўпрыгожвае фігура ўкрыжаванага Езуса Хрыста, якая, паводле версіі некаторых гісторыкаў, паходзіць са знішчанага касцёла айцоў езуітаў у Навагрудку, які не захаваўся.
Пасвячэнне алтара адбудзецца падчас святой Імшы, цэлебрацыя якой распачнецца а 11-й гадзіне.
Пасля яе заканчэння ў 12.30 на плошчы перад касцёлам пройдзе ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы пад назвай «Храмы Радзімы» мастака Анатоля Наліваева, якога мастацтвазнаўцы часам называюць «Напалеонам Ордай ХХ стагоддзя». Экспазіцыя складаецца з 78-і мастацкіх твораў, на якіх выяўлены як захаваныя, так і страчаныя касцёлы з усёй Беларусі і нашага Віленскага краю.
Наведаць выставу цалкам бясплатна могуць усе ахвотныя.