27 верасня на Міхальскай гары недалёка ад Нясвіжа адбудзецца святая Імша ў гонар Арханёла Міхала за нашу Айчыну і аб хутчэйшым вяртанні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на радзіму.
Арханёл Міхал з'яўляецца галоўным нябесным апекуном Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Зараз праходзіць перэгрынацыя яго фігуры ў катэдрах усіх дыяцэзій на Беларусі.
Пачатак Імшы а 16-й гадзіне. Міхальская гара знаходзіцца ў 1,5 км ад Нясвіжа ў накірунку на Цімкавічы.
Імша адбудзецца на месцы, дзе раней быў касцёл св. Міхала Арханёла, які ўласнаручна пабудаваў у канцы XVI ст. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка.
На гэтым месцы быў таксама будынак навіцыяту езуітаў і санктуарый св. Міхала, які наведвалі шматлікія пілігрымы.
Існуе напісаная ў XVIІ ст. кніга «Цуды на Міхальскім пагорку», дзе распавядаецца пра шматлікія цуды, якія там адбыліся. Адзін экзэмпляр кнігі, па некаторых звестках, знаходзіцца ў Плоцку (Польшча) у Нацыянальнай бібліятэцы.