З 12 па 23 жніўня ў Друі на Браслаўшчыне, у старадаўнім кляштары бэрнардынаў XVII–XVIII стагоддзяў (прадмесце Сапежын) пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы пройдзе шосты мастацкі пленэр, у якім возьмуць удзел прафесійныя мастакі.
Кляштарны комплекс знаходзіцца на стромкім беразе Дзвіны, на гістарычнай Сапежынскай вуліцы, з'яўляецца творам архітэктуры барока з рысамі віленскага барока.
Мастацкая палітра ўдзельнікаў будзе прадстаўлена прафесійнымі мастакамі ў вельмі шырокім дыяпазоне: Анастасія Бурко, Любоў Гаўрылюк, Кацярына Говен, Сяргей Грыневіч, Аляксандр Грышкевіч, Аляксандр Даманаў, Віталь Друй, Наталля Залозная, Таццяна Кандраценка, Інга Карашкевіч, Ілона Касабука, Вольга Куваева, Юрый Немагай, Кацярына Пашкевіч, Таццяна Радзівілка, Данііл Сетурыдзэ, Кацярына Сумарава, Дар'я Сумарава-Копач, Таццяна Уласевіч, Павел Хадаровіч, Яўген Шадко, Ірына Ясюкайць-Дударава. Стыль, спосаб пісьма і тэхніка жывапісу ўдзельнікаў пленэру ахоплівае самыя розныя кірункі сучаснага мастацтва.
Таксама падчас пленэру будуць працаваць фотамастак Валерый Вядрэнка і музыка Яўген Кучмейня.
Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах — дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва мастоў, пошук агульнай гамы, дэталізацыя адценняў сугучча і сумоўя.
Час удзелу ў пленэры ў Друі для мастакоў — гэта час не толькі інтэнсіўнай працы над мастацкімі творамі, але і духоўных пошукаў.
Факультатыўная тэма VI-га Друйскага мастацкага пленэру — «Друя — 400 год Магдэбургскага права».
8 жніўня 1618 года Ян Станіслаў Сапега падпісаў прывілей на заснаванне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын з разлікам ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. 3 сакавіка 1620 года Сапежыну было дадзена Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на срэбнай вадзе». Прывілей Сапегі неаднойчы пацвярджаўся вялікімі князямі ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях. 3 пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі Магдэбургскае права пашырылася на іншыя часткі горада. Роўна 400 гадоў таму, у 1620 г., Друя атрымала Магдэбургскае права. У яе гісторыю зрабілі ўнёсак Сапегі і Агінскія, гэтыя мясціны маляваў знакаміты Напалеон Орда.
23 жніўня адбудзецца выстава мастацкіх прац па выніках пленэру.
На вернісаж, які адкрыецца а 10-й гадзіне ў будынку бэрнардынскага кляштара і будзе працягвацца адзін дзень, арганізатары запрашаюць усіх жадаючых.
Паколькі мястэчка Друя знаходзіцца ў памежнай зоне, усім гасцям неабходна мець пры сабе пашпарт.