Пошук

04.07.2020 08:13   Catholic.by

У нядзелю 5 ліпеня а 13-й гадзіне на партале Catholic.by распачнецца прамая трансляцыя ўрачыстай святой Імшы з нагоды 30-й гадавіны вяртання касцёла святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат).

У адроджанай свірскімі вернікамі святыні цэлебрацыю святой Імшы прыміцыі ўзначаліць ксёндз новапрэзбітэр Павел Сідарэнка, які падчас навучання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай смемінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску праходзіў у тутэйшай парафіі летнюю душпастырскую практыку.

На заканчэнне цэлебрацыі новапрэзбітэр удзеліць усім прысутным у святыні вернікам і тым, хто духоўна далучыцца да іх з дапамогаю відэатрансляцыі, прыміцыйнае благаслаўленне (без традыцыйнага ўскладання рук).

Свірская парафія, якая знаходзіцца на землях гістарычнага Віленскага краю, існуе з 1452 г. Мураваны касцёл у мястэчку быў узведзены ў 1654 г. На пачатку ХХ ст. у сувязі з узрослай колькасцю вернікаў святыня была значна разбудавана: новы касцёл памерамі ў некалькі разоў пераўзыходзіў стары, які ператварыўся ў трансепт — папярочную наву павялічанай святыні.

Вернікі на чале з кс. інфулатам Станіславам Кучынскім і першым пробашчам адроджанай парафіі кс. Войцехам Леманскім перад дзвярыма вернутага касцёла ў Свіры, 1990 г. Фота з архіва парафіі

Працы былі канчаткова завершаны ў 1909 г., а асвячэнне касцёла пасля яго кардынальнай перабудовы адбылося 18 чэрвеня 1928 г. Яго здзейсніў тагачасны Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

У 1960 г. касцёл быў зачынены і ператвораны ў вытворчае памяшканне завода аптычнага прыборабудавання. У 1990 г. намаганнямі мясцовых вернікаў вернуты парафіі.

Пробашч парафіі св. Мікалая, біскупа, у Свіры кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі ад парафіянаў запрашае ўзяць удзел ва ўрачыстасці або далучыцца да яе з дапамогаю анлайн-трансляцыі.

Да 30-й гадавіны вяртання святыні у свірскім касцёле можна будзе ўбачыць фотавыставу ўнікальных здымкаў абраза Маці Божай Будслаўскай, якую прадставіць дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас.

Здымкі былі зроблены ім у сакавіку мінулага года падчас замены шкла на цудадзейнай іконе, што дало магчымасць сфатаграфаваць яе ў найлепшай якасці. Фота дазваляюць убачыць усе дэталі вялікай святыні нашага народа і выдатнага твора сакральнага мастацтва эпохі Адраджэння.

Так добра разгледзець абраз Маці Божай Будслаўскай немагчыма нават знаходзячыся непасрэдна перад алтаром у Нацыянальным санктуарыі.

Паколькі сёлета далёка не ўсе маглі наведаць урачыстасці ў Будславе, гэтая выстава — цудоўная магчымасць убачыць цудадзейную ікону, паглядзець у вочы Маці Божай Будслаўскай, зблізку звярнуцца да Яе з сардэчнай просьбай, а таксама набыць якасна надрукаваную выяву абраза.

Абноўлена 04.07.2020 10:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа