Пошук

31.01.2020 10:30   Catholic.by
Звон з вежы свірскага касцёла, скінуты ў савецкі час. Фота Віталія Палінеўскага

2 лютага ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) ушануюць памяць апошняга Свірскага дэкана ксяндза Казіміра Шылэйкі ў 60-ю гадавіну яго адыходу ў вечнасць.

З гэтай нагоды цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў свята Ахвяравання Пана ўзначаліць у свірскім касцёле Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Пачатак у 13.00.

Пробашч парафіі ў Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі запрашае ўзяць удзел у святой Імшы парафіянаў і гасцей.

Кім быў апошні Свірскі дэкан?

Казімір Шылэйка нарадзіўся 14 верасня 1886 года ў Жыжморах каля Кашадараў (сёння — Кайшадорыс) даўняга Віленскага краю. Быў адзіным сынам у сям’і.

Пасля заканчэння школы паступіў у Ковенскую духоўную семінарыю (сёння — Каўнас) і 19 сакавіка 1909 года прыняў святарскае пасвячэнне. Працаваў вікарыем у некалькіх парафіях Віленшчыны, а ў 1916 годзе быў прызначаны адміністратарам парафіі ў Дубінках колішняга Уцянскага павету (сёння — Дубінгей), дзе нёс служэнне да канца 1924 года.

Вымушаны пакінуць парафію з-за складанасцяў, звязаных з міжваенным дзяржаўным падзелам, пэўны час працаваў у Вільні, а ў красавіку 1925 года біскуп Юрый Матулевіч прызначыў ксяндза Казіміра пробашчам парафіі ў Нарвілішках. З 1927 да 1935 года нёс служэнне пробашча ў Начы, а з 1935 да 1938 — у парафіі святога апостала Андрэя ў Лынтупах колішняга Свянцянскага павету.

Душпастырскую руплівасць ксяндза Казіміра Шылэйкі высока ацанілі касцёльныя ўлады, таму на час адсутнасці Свянцянскага дэкана даручылі яму выкананне гэтых адказных абавязкаў.

У ліпені 1938 года ксёндз Казімір Шылэйка быў прызначаны пробашчам парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры і Свірскім дэканам. Гэтае служэнне святар нёс на працягу 22-х гадоў, ажно да смерці ў лютым 1960 года.

Нягледзячы на перажытыя цяжкасці бязбожнага савецкага рэжыму і нацысцкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, ксёндз Казімір Шылэйка ўвесь час верна нёс святарскае служэнне і заставаўся са сваёй паствай, цудам пазбегшы смерці, арышту і высылкі.

Выгнаны з плябаніі, не маючы даху над галавой, мужны душпастыр у нялюдскіх умовах нёс святло Евангелля сярод цёмнай ночы бязвер’я і атэістычнай прапаганды.

Неўзабаве пасля смерці апошняга Свірскага дэкана савецкія ўлады зачынілі касцёл у Свіры, разрабавалі і ператварылі ў завод. Сёлета вернікі свірскай парафіі святога Мікалая, біскупа, перажываюць 30-годдзе вяртання забранай святыні, дзякуючы Богу за асобу свайго колішняга пробашча, ксяндза Казіміра Шылэйкі, і за цуд захавання велічнага касцёла, пабудаванага іх пабожнымі продкамі.

Абноўлена 31.01.2020 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця