Пошук

18.12.2019 12:39   Тэкст: Вольга Ляшчэвіч / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

19 снежня распачнецца традыцыйна святочная «вандроўка» Бэтлеемскага агню па гарадах і мястэчках Беларусі. У гэты дзень агонь, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, будзе дастаўлены на беларуска-польскую мяжу.

З 19 па 22 снежня скаўты запаляць гэтым агнём лампады ў касцёлах розных гарадоў і мястэчак Беларусі.

Штогод акцыя перадачы Бэтлеемскага агню яднае шматлікіх людзей у розных краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Полымя, якое сімвалізуе нараджэнне Збаўцы, а таксама супакой, надзею і еднасць, запальваецца ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, затым дастаўляецца ў Вену (Аўстрыя) і перадаецца праз скаўцкую эстафету ў розныя краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Першая акцыя распаўсюджвання Бэтлеемскага агню праводзілася ў 1986 годзе. Тады прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую ў Бэтлееме лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэдадні свята Божага Нараджэння. Гэтую ініцыятыву падтрымалі аўстрыйскія скаўты. Ужо праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай.

Фота Віталія Палінеўскага

На афіцыйным узроўні акцыю перадачы Бэтлеемскага агню падтрымліваюць як кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.

У 1998 годзе полымя Бэтлеемскага агню было перададзена ў 22 краіны Еўропы, сярод якіх была і Беларусь.

Гэтая падзея адыблася дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў Беларусі.

«Распаўсюджванне агню з Бэтлеема ўжо стала нашай традыцыяй. Штогод мы прыносім, прывозім Святло Слова, якое сталася Целам, у розныя парафіі нашай Бацькаўшчыны. І мы вельмі цешымся, што праз гэта можам служыць Богу і бліжнім. Няхай Езус народзіцца ў нашых сэрцах! Вясёлых святаў!» — кажа генеральны камісар каталіцкіх скаўтак у Беларусі Юлія Чарніцкая.

19 снежня прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перададуць агонь з Бэтлеема ў катэдральны касцёл святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. У гэты ж дзень у гродзенскай катэдры эстафету перадачы агню распачнуць скаўты з каталіцкіх супольнасцяў.

21 снежня каталіцкія скаўты і скаўткі даставяць агонь у архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Распаўсюджванне Бэтлеемскага агню будзе працягвацца да 22 снежня.

Спіс парафій будзе будзе дададзены.

Абноўлена 18.12.2019 12:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.