Пошук

14.11.2019 14:41   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота Рыты Янкоўскай.

Адказны за моладзь у Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі абвяшчае конкурс на стварэнне агульнабеларускіх лагатыпу і гімну Сусветных дзён моладзі, якія ў 2020 годзе пройдуць на дыяцэзіяльным узроўні.

Любая моладзь, святары і кансэкраваныя асобы!

Нядаўна ўсе мы пачулі спеў-заклік «Беларусь, Беларусь!», напісаны ксяндзом Тадэвушам Крыштопікам, выкананы і запісаны студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што гэтая песня ўжо стала шлягерам.

Спеў спадабаўся не толькі вернікам, але крануў сэрцы таксама тых, хто яшчэ знаходзіцца ў пошуках Бога.

Дарагія сябры, з’яўленне такога спеву і яго поспех азначаюць, што Беларусь мае таленты!

Гэта я меў на ўвазе, калі 1 лістапада заклікаў да ўдзелу ў конкурсе на лагатып і гімн 37-х Сусветных дзён моладзі, якія ў 2022 годзе пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне. Дзякую ўсім, хто падтрымаў гэтую ініцыятыву!

Сёння я звяртаюся да вас з новай прапановай.

Гэтым разам абвяшчаецца конкурс на лагатып, графічную выяву (плакат) і гімн 35-х Сусветных дзён моладзі, якія будуць ладзіцца на дыяцэзіяльным узроўні ў 2020 годзе пад дэвізам: «Хлопча, кажу табе, устань» (Лк 7, 14).

Удзельнічаць у конкурсе можа моладзь ад 16 да 35 гадоў.

Супольная праца заўсёды прыносіць багаты плён, таму заклікаю да сумеснай працы падчас сустрэч і заняткаў па рэлігіі з вашымі катэхетамі.

Кірунак вашай працы падкажа эпізод з Евангелля паводле Лукі, у якім апісваецца, як Езус уваскрасіў памерлага юнака — адзінага сына ўдавы з горада Наін. Менавіта адсюль узятыя словы дэвізу СДМ: «Хлопча, кажу табе, устань» (Лк 7, 14).

Езус уваскрашае сына ўдавы. Выява: iglesiarusa.org.ar

Натхненнем на стварэнне лагатыпу і гімну вам паслужыць таксама змест адгартацыі папы Францішка «Хрыстус жыве», напісанай у форме ліста да вас, юнакоў і дзяўчат. Уваскрашэнне сына ўдавы мае перадусім духоўнае значэнне, і ў супастаўленні са зместам адгартацыі можа стаць ілюстрацыяй закліку Святога Айца, скіраванага ім да моладзі: устаць з камфортнай канапы, адарвацца ад манітора гаджэтаў і абудзіцца для актыўнага жыцця, у тым ліку духоўнага, — «Кажу табе, устань!»

Лагатып і графічная выява (плакат) павінен адлюстроўваць хрысціянскую тоеснасць, быць каляровым; ён павінен, між іншым, абавязкова ўключаць элементы традыцыйных нацыянальных колераў Беларусі. На выяве абавязкова павінны быць Езус і юнак.

Падказкай для творчасці можа паслужыць графічная выява — сімвал 2020 Пастырскага года ў Касцёле на Беларусі, створаны маладым салезіянскім святаром Артурам Ляшнеўскім SDB.

Што датычыцца гімна, то згаданы змест неабходна выказаць у словах, пакладзеных на музыку. Запісаць твор можна ў асабістым выкананні (сола) або ў выкананні музычнага гурту. Гімн павінен выклікаць радасць і быць моладзевым вызнаннем веры і даверу Хрысту; павінен заклікаць да вандроўкі жыццёвым шляхам следам за Езусам.

Спрабуйце, дарагія сябры! Свае працы скіроўвайце да 7 снежня ўключна на адрас электроннай пошты:

sdm2020konkurs@gmail.com

  • Лагатып, графічная выява (плакат) прадстаўляецца ў лічбавым фармаце з апісаннем зместу.
  • Гімн прадстаўляецца ў запісаным выглядзе, да якога прыкладаецца тэкст і ноты.

Конкурс будзе праводзіцца ў два этапы. На першым этапе будуць адабраныя лепшыя працы, якія пасля разгледзіць журы ў складзе пяці прадстаўнікоў ад дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Яны і вызначаць пераможцаў з улікам водгукаў саміх юнакоў і дзяўчат са сваіх дыяцэзій.

Такім чынам, 35-я Сусветныя дні моладзі, што ладзяцца на дыяцэзіяльным узроўні, у дыяцэзіях на Беларусі пройдуць пад адным сімвалам і з адным гімнам, які вывучыць і будзе спяваць уся беларуская каталіцкая моладзь!

Пераможцы конкурсу прадставяць Беларусь на 37-х Сусветных днях моладзі, якія ў 2022 годзе пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне.

Ніхто з удзельнікаў не застанецца без падарунка!

Акрамя таго, дыяцэзія-пераможца набывае права на правядзенне Нацыянальнага форуму маладых у 2020 годзе.

Вялікая просьба да святароў і законных сясцёр, якія займаюцца душпастырствам моладзі, падтрымаць і заахвоціць нашу моладзь да актыўнага ўдзелу.

Абноўлена 14.11.2019 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа