Традыцыйная фармацыйная сустрэча маладых святароў (да 5 гадоў святарства ўключна) з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій адбудзецца з 18 па 20 лістапада ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.
Пачатак сустрэчы 18 лістапада ў 18.00, заканчэнне — 20 лістапада ў 19.00.
Як паведамілі арганізатары фармацыйных сустрэч, на гэты раз маладыя святары змогуць перажыць мерапрыемства крыху ў новым фармаце з цікавымі дакладчыкамі і дасведчанымі практыкамі. Гэта звязана, між іншым, з тэмай сустрэчы: «Дыялог з Богам, дыялог у сям’і».
Такая тэматыка была выбрана невыпадкова, бо менавіта справа духоўнага суправаджэння сем’яў у складаных грамадскіх умовах сучаснасці — сур’ёзны выклік для Касцёла і святара ў нашыя дні.
Сабраныя святары змогуць непасрэдна сустрэцца з прадстаўнікамі разнастайных сямейных рухаў, абмеркаваць з імі радасці і клопаты духоўнай працы з сужэнцамі і сем’ямі.
Больш падрабязную інфармацыю пра сустрэчу можна атрымаць у святароў, адказных за фармацыю маладых душпастыраў у дыяцэзіях, або ў рэктараце духоўнай семінарыі ў Пінску.