У суботу 26 кастрычніка ў Мінску пройдзе дзень знаёмства з «Божымі кароўкамі» — адгалінаваннем скаўцкага руху для малодшых дзяўчынак.
- «Божыя кароўкі» — так называюць дзяўчынак ад 8 да 11 гадоў, якія займаюцца скаўтынгам. Хлопчыкаў-скаўтаў такога ўзросту называюць «ваўчкамі».
- «Божыя кароўкі» дзеляцца на групы-шосткі, кожная са сваім імем аднаго з колераў вясёлкі. Іх дэвіз: «Вось я!»
- «Божыя кароўкі» носяць чырвоныя каптуркі з сямю чорнымі кропачкамі і жывуць паводле закону, які мае сем пунктаў, у атмасферы шчаслівай сям’і, радасці і прастаты.
Іх сустрэчы праходзяць на ўлонні прыроды, дзе «Божыя кароўкі» пазнаюць хараство Бога і Яго стварэння і вучацца ўсё рабіць разам, дапамагаючы адна адной. Акрамя рэгулярных сустрэч адбываецца некалькі супольных паездак на працягу года, а кульмінацыяй становіцца летнік — летні скаўцкі лагер.
Бліжэй пазнаёміцца з «Божымі кароўкамі» можна ў суботу 26 кастрычніка пры парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску.
Узяць удзел у мерапрыемстве арганізатары запрашаюць татаў і мам дзяўчынак, якія ўжо далучыліся да скаўцкага руху, а таксама бацькоў дачушак такога ўзросту, якія мараць стаць «Божымі кароўкамі». Запрашаюць яны і хрысціянскую моладзь, якая шукае магчымасці і спосабу дапамагаць малодшым узрастаць у любові да Бога, бліжняга і навакольнага свету.
У праграме сустрэчы знаёмства, гарбата, тэорыя, практыка, праца ў групах, адказы на пытанні, забавы, абед, песні, цікавыя госці, святая Імша.
Пачатак сустрэчы ў 9.00, заканчэнне — у 18.00.
Адрас: в. Копішча, вул. Авіяцыйная (мікрараён Новая Баравая, Уручча 1).
Усіх, хто плануе правесці гэты дзень разам з «Божымі кароўкамі», адказныя просяць паведаміць па тэлефонах:
+375 (29) 372 31 07 — Ангеліна
+375 (29) 669 96 15 — Наталля