Пошук

Фота: ru.artsdot.com

Увечары 3 кастрычніка ў францішканскіх супольнасцях адбываецца незвычайнае набажэнства — Transitus, або літургічны ўспамін пераходу святога Францішка ў неба.

Святы адышоў з гэтага свету ў суботу вечарам 3 кастрычніка 1226 года ва ўзросце 45-і гадоў. Дваццаць з іх ён пакутаваў, а два апошнія гады жыцця меў на руках, нагах і на баку раны Пана нашага Езуса Хрыста — стыгматы.

Момант адыходу Францішка ў вечнасць на падставе сведчанняў відавочцаў апісаў святы Бонавэнтура:

«Калі настаў час яго пераходу, ён даручыў склікаць усіх братоў, якія жылі там, каб перад аблічам смерці суцешыць іх ласкавымі бацькоўскімі словамі і заклікаць любіць Бога.

Ён прамовіў апошняе казанне аб цярпенні і беднасці, а таксама аб вернасці святому Рымскаму Касцёлу, ставячы вышэй за ўсё клопат аб захаванні Евангелля.

Калі ўсе браты сядзелі вакол яго, ён выцягнуў рукі над імі ў выглядзе крыжа, таму што заўсёды любіў гэты знак, і благаславіў усіх братоў, як прысутных, так і тых, хто адсутнічаў.

Ён сказаў:

„Трывайце, дзеці, у боязі Божай і заўсёды заставайцеся ў Богу.

І хоць набліжаюцца ўжо да вас турботы і спакусы, благаслаўлёныя тыя, хто трывала працягвае тое, што пачаў. Я, аднак, спяшаюся да Бога, ласцы якога ўсіх вас даручаю“.

<…> Калі выканаліся ў ім усе Божыя таямніцы і святую душу, вызваленую ад цела, агарнула бясконцае Божае святло, благаслаўлёны муж спачыў у Пану».

Набажэнствы «Transitus» у францішканскіх супольнасцях Беларусі:

  • Гродна, касцёл Маці Божай Анёльскай (францішканскі, вул. Агародная, 2 ) — 19.00
  • Маладзечна, касцёл святога айца Піо (парафія св. Казіміра, вул. Вялікі Гасцінец) — 18.00
  • Івянец, касцёл святога Міхала Арханёла — 18.00
  • Мінск, касцёл святога Францішка Асізскага (Новая Баравая, вул. Авіяцыйная) — 19.00

Абноўлена 03.10.2019 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.