23 верасня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца святая Імша падзякі за 70 гадоў жыцця біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, Эўхарыстыю ўзначаліць сам юбіляр, які ў гэты дзень прагне дзякаваць Пану Богу за дар свайго жыцця і за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на ягоным шляху.
Пачатак Імшы ў 12.00.
Да ўдзелу запрашаюцца святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі дыяцэзіі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч нарадзіўся 23 верасня 1949 г. у в. Падгайдзі, у парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі.
Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Каўнасе. 30 мая 1976 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.
У 1976–1981 гг. працаваў у Панявежысе вікарыем. З 1981 г. — пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні.
13 красавіка 1991 г. Святы Айцец прызначыў кс. Аляксандра Кашкевіча біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі. Пасвячэнне адбылося 23 мая 1991 г.
З 2006 па 2015 гг. з’яўляўся Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З 2015 года — намеснік Старшыні ККББ.