Пошук

12.09.2019 15:44   Catholic.by

29 верасня ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку (вул. Міцкевіча, 1) адбудзецца парафіяльная ўрачыстасць.

У гэты дзень падчас святой Імшы ў 10.00 парафіяне і госці з іншых парафій прымуць шкаплер заступніцтва князя нябесных войскаў — св. Міхала Арханёла. У 18 гадзін распачнецца аўтарскі вечар духоўнай музыкі кс. Тадэвуша Крыштопіка, падчас якога святар правядзе таксама прэзентацыю новавыдадзенай кнігі «Распазнаць дух антыхрыста».

Ксёндз Тадэвуш Крыштопік на працягу ўжо многіх гадоў стварае піша музыку, вершы і сам з’яўляецца іх выканаўцам. Святар выдаў некалькі дыскаў з песнямі. Раней ён ужо праводзіў свой творчы вечар у актавай зале музычнай школы Навагрудка.

У кнізе кс. Крыштопіка «Распазнаць дух антыхрыста» закранаюцца пытанні: хто такі антыхрыст на аснове біблійных тэкстаў і разважанняў айцоў Касцёла і святых; як дзейнічае дух антыхрыста сёння; абагаўленне чалавека, або гуманізм вышэй за Бога; што такое дыктатура рэлятывізму (паводле папы Бэнэдыкта XVI) і талерантнасць да граху ў імя свабоды, роўнасці і братэрства.

Прысутныя змогуць задаць кс. Тадэвушу пытанні і набыць кнігу, якая выдадзена ў папяровым і аўдыёфармаце. Уваход вольны.

Шкаплер св. Міхала Арханёла збіраюцца прыняць у навагрудскай парафіі каля 100 чалавек. Гэты шкаплер — перш за ўсё бачны знак даверу св. Міхалу Арханёлу. Першы такі шкаплер з’явіўся ў XІХ ст. пры касцёле св. Яўстафія ў Рыме і належаў да створанага ў Рыме ў 1878 г. брацтва св. Міхала Арханёла. Шкаплер быў зацверджаны папам Львом ХІІІ у ХІХ ст. Папа Бэнэдыкт ХVІ у адным са сваіх пасланняў напісаў, што матывы знешняга прыняцця шкаплера нагадваюць пра пераможную дапамогу вялікага Абаронцы.

Шкаплер складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Частка шкаплера, якая спадае на плечы, азначае паставу адданасці Божай волі, вытрымку ў выпрабаваннях. Пярэдняя частка, якая спадае на грудзі, нагадвае, што сэрца носьбіта шкаплера павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, азначае адмову ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.

Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках, упэўненасці, што мы маем вялікага заступніка і абаронцу. Шкаплер з’яўляецца яшчэ адным выразам і сведчаннем нашай веры.

Якую ролю выконвае шкаплер?

  1. Шкаплер з’яўляецца бачным знакам абрання св. Міхала Арханёла сваім памочнікам у барацьбе з грахом і спакусамі.
  2. Шкаплер — строй анёльскага войска, даспехі, панцыр супраць зла. Падобна як жаўнера ці святара можна пазнаць па вопратцы, так таго, хто належыць да шкаплернай супольнасці, можна пазнаць па гэтым знаку.
  3. Як вопратка аберагае цела ад знешніх уздзеянняў, шкаплер выконвае падобную ролю ў духоўным вымярэнні — аберагае ад усяго, што магло б стаць перашкодаю на шляху да збаўлення: ад граху, д’ябла, вечнага асуджэння ў пекле.
  4. Нашэнне з верай шкаплера — крыніца Божых ласкаў, неабходных у барацьбе са сваімі заганамі. Шкаплер — адзенне, прызначэннем якога з’яўляецца абарона нашага цела.

Якія ласкі дае нашэнне шкаплера?

  1. Абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і абарону Святога Касцёла, часткай якога з’яўляюся.
  2. Ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць, розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў.
  3. Пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры.
  4. Энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце.
  5. Збаўленне душаў чыстцовых.
  6. Атрыманне адпустаў.
  7. Ласку добрай смерці.

Шкаплер ні ў якім разе не з’яўляецца абярэгам або талісманам. Сам факт яго нашэння аўтаматычна не вызваліць чалавека ад розных знешніх і ўнутраных праблем.

Свае ласкі міласэрны Бог дае шчодра тым, хто мае шчырую веру. «Паводле веры вашай будзе дадзена вам», — кажа Езус. Таму нашэнне шкаплера з’яўляцца выразам веры, напамінам пра магутнае заступніцтва св. Міхала Арханёла, а таксама сведчаннем. Многія людзі, размаўляючы са святаром, выказваюць страх перад сурокамі, праклёнамі, злымі людзьмі, варажбой і рознымі формамі акультызму, якія вельмі распаўсюджаныя ў нашым грамадстве. Сапраўды веруючаму чалавеку, які жыве ў згодзе з Богам і сваім сумленнем, не трэба гэтага баяцца. Паколькі Арханёл Міхал з’яўляецца пераможцам пякельных моцаў зла, то, калт мы носім з верай шкаплер, наш вораг не зможа падступіцца да нашай душы і цела.

Умовы прыняцця і нашэння шкаплера

  1. Прыняць шкаплер з рук святара або дыякана.
  2. Насіць яго пастаянна на сабе.
  3. Маліцца штодзённым простым экзарцызмам папы Льва ХІІІ: «Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн!»

Як падрыхтавацца да прыняцця шкаплера?

Неабходна прыступіць да сакрамэнтальнай споведзі і быць здольным да атрымання ласкаў святога адпусту.

Калі людзі жывуць не ў сакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), яны могуць прыняць шкаплер?

У такіх выпадках дапускаецца прыняцце шкаплера, аднак неабходна мець вялікае жаданне, каб св. Міхал Арханёл у гэтым знаку, падказаў і дапамог вырашыць гэтыя праблемы.

Ці могуць прыняць шкаплер дзеці?

Няма ніякіх перашкодаў, каб шкаплер прымалі малыя дзеці. Аднак пажадана, каб яны былі ва ўзросце, калі ім зразумелыя асноўныя праўды веры — найлепш пасля прыняцця Першай Камуніі.

Ці могуць прыняць шкаплер прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій?

Дапускаецца, каб бачны знак аховы ад Міхала Арханёла прыняла ўся сям’я, нават і ахрышчаныя ў Праваслаўнай Царкве (у нашых умовах шмат змешаных сем’яў). Важна, каб ласкай асаблівага заступніцтва св. Міхала карысталася ўся сям’я, якая ў сучасных умовах перажывае вялікі крызіс.

Абноўлена 13.09.2019 09:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа