15 верасня з нагоды свята Узвышэння Святога Крыжа, якое адзначаецца напярэдадні, на Мядзельскай Кальварыі адбудзецца адпустовая ўрачыстасць. Кармэліты босыя з Мядзела запрашаюць да ўдзелу ўсіх жадаючых.
Праграма
- 11.00 — прывітанне ў касцёле Маці Божай Шкаплернай Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага. Малітоўная працэсія на Кальварыю
- 11.45 — прывітанне біскупа Юрыя Касабуцкага перад брамай Прабачэння
- 12.00 — набажэнства Крыжовага шляху на Кальварыі
- 14.00 — адпустовая Эўхарыстыя на гары Крыжоў з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі
Мядзельская Кальварыя — унікальнае месца культу на нашай зямлі
«Кальварыя» азначае месца ўкрыжавання і смерці Езуса Хрыста. Гэта адпаведнік тэрміна «Галгота» (месца Чэрапа), які ўжываецца ў Бібліі. У розных кутках свету тэрмінам «Кальварыя» акрэсліваецца не толькі месца, але ўвесь крыжовы шлях Езуса Хрыста, і прадстаўляецца ён у форме брамаў альбо капліц, якія адлюстроўваюць паасобныя моманты апошняга зямнога шляху Божага Сына. Яны распасціраюцца па мясцінах з рознымі рэльефамі і краявідамі, каб спалучыць евангельскую гісторыю з рэальнасцю канкрэтнага месца ў свеце. Самай вядомай і першай з’яўляецца Ерузалемская Кальварыя, якую прайшоў Сын Божы, каб адкупіць чалавецтва ад грахоў.
Па прыкладу Святой Зямлі ў розных кутках свету вернікі стваралі і будавалі святы шлях Збаўцы, каб такім чынам не толькі духоўна, але і фізічна далучацца да тых, хто нясе свой крыж за Езусам Хрыстом.
Мядзельская Кальварыя знаходзіцца на ўскраіне Мядзела каля аўтатрасы Мядзел-Паставы. Гэта гістарычнае месца пакланення шматлікіх каталіцкіх вернікаў.
Гэтая Кальварыя ўнікальная тым, што такога тыпу пабудоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма. Некалькі разоў на год, таксама і ў верасні, у свята Узвышэння Святога Крыжа, вернікі мядзельскай парафіі і госці з іншых мясцінаў удзельнічаюць тут у шматлюднай працэсіі — набажэнстве Крыжовага шляху, пасля чаго на гары Трох крыжоў цэлебруецца святая Імша.
Агульная працягласць Крыжовага шляху складае 2 км. Гісторыя Мядзельскай Кальварыі бярэ пачатак у 1765 годзе. У той час яна складалася з 21 каплічкі і 8 брамаў, размешчаных на палях, паблізу касцёла і на рынку мястэчка.
Кальварыя была задумана і пабудавана паводле плану Крыжовага шляху ў Ерузалеме. З густам былі размешчаны капліцы рознага кшталту; таксама на каменных падмурках размясцілі абразы і фігуры, збудаваныя з дрэва.
Благаславіў Кальварыю біскуп Фелікс Тавянскі, беларускі суфраган, 8 жніўня 1772 г. Цырымонія працягвалася чатыры дні. На працягу гэтага часу гасцей частавалі гаспадары Кошчыцы.
У 1866 г. парафія была перададзена Праваслаўнай Царкве. Кальварыя нейкі час была занядбанай.
У 1927–1929 гг. Мядзельская Кальварыя пачала адбудоўвацца са стацыямі Пана Езуса і Маці Божай. Ініцыятарам гэтага быў айцец Браніслаў Ярасінскі. У тыя часы тэрыторыю Кальварыі займаў Генрых Козел-Паплеўскі, жыхар Старога Мядзела. Пад капліцу ён вызначыў плошчу 7 м у шырыню (якую потым пашырыў да 9 м) у іншым месцы пад назвай «Гуркі». З дапамогай мядзельскіх жыхароў а. Браніслаў устанавіў месцы для капліц, арыентуючыся на план Кальварыі Зэбжыдоўскай у Польшчы, і ў вызначаных месцах заклаў крыжы. Стацыі благаславіў біскуп Уладзіслаў Бандурскі ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 27 мая 1928 г.
Пасля смерці Генрыха Козела-Паплеўскага кармэліты босыя купілі ў спадара Валатковіча 50 гектараў зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварку ў в. Некасецк. У 1933–1938 гг. намаганнямі а. Ігнацыя Быліцы было пабудавана 15 капліц, пакрытых бляхай. У летні час Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай законнікаў. Далейшыя працы па яе рэстаўрацыі перарвала Другая сусветная вайна. 2 лістапада 1942 года Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, была практычна знішчана.
14 верасня 2014 г. нанава пабудаваную (ужо ў трэці раз) Мядзельскую Кальварыю благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сённяшняя Кальварыя пачынаецца ўваходнай брамай Прабачэння з фігурай Маці Божай з Ля Салет і налічвае 14 капліц, размешчаных у лесе і на ўзгорках. Заканчваецца Крыжовы шлях на Гары Крыжоў, дзе таксама знаходзіцца палявы алтар, які ўзвышаецца над цудоўнай панарамай Мядзела і мясцовых азёраў. У браму ўмураваныя два камяні: адзін — са Святой Зямлі, з кляштара кармэлітаў босых Stella Maris на гары Кармэль, другі — з Кальварыі Зэбжыдоўскай у Польшчы ў памяць пра знішчаныя папярэднія Кальварыі ў Мядзелі.