Пошук

10.01.2018 13:06   La Santa Sede — Sala Stampa / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

З набліжэннем апостальскага візіту папы Францішка ў Чылі і Перу, які адбудзецца з 15 па 22 студзеня, Святы Айцец звярнуўся да народаў абедзвюх гэтых краінаў з кароткім відэазваротам.

У ім Папа перадусім падкрэсліў, што едзе туды як пілігрым радасці Евангелля, каб з усімі падзяліць «супакой Пана» і «ўмацаваць у адной надзеі».

«Я жадаю сустрэцца з вамі, паглядзець вам у вочы, убачыць вашыя твары і мець магчымасць разам адчуць блізкасць Бога, Яго дабрыню і міласэрнасць, што нас абдымае і суцяшае».

Народжаны ў суседняй Аргенціне, папа Францішак адзначыў, што ён ведае гісторыю гэтых краін, «якая фармавалася з намаганнямі, з адданасцю», а таксама выказаў сваё жаданне разам з іх народамі «ўзнесці падзяку Богу за веру і любоў да Бога і да братоў у найбольшай патрэбе, асабліва за любоў <…> да тых, каго адкінула грамадства».

«Я жадаю стаць удзельнікам вашых радасцяў, смуткаў, цяжкасцяў і надзеяў, сказаць вам, што вы не самотныя, што Папа з вамі, што ўвесь Касцёл вас прымае, што Касцёл глядзіць на вас».

Святы Айцец нагадаў, што мір, такі патрэбны ўсім людзям, паходзіць толькі ад Бога: толькі Ён можа яго даць. Таму неабходна няспынна прасіць у Бога дар міру. Мір — «гэта дар, які Хрыстус дае ўсім нам, падмурак нашага суіснавання і грамадства; мір грунтуецца на справядлівасці і дазваляе нам знайсці патрабаванні еднасці і гармоніі <…>. Гэта мір Уваскрослага, які прыносіць радасць і штурхае нас быць місіянерамі, ажыўляючы дар веры, што вядзе нас насустрач, да падзеленай еднасці адной веры, якую мы святкуем і перадаем».

У сваім звароце Папа выказаў упэўненасць, што сустрэча з уваскрослым Хрыстом умацоўвае ў надзеі. Пантыфік падкрэсліў, што хрысціяне не прывязваюцца да рэчаў гэтага свету, што «наш позірк скіраваны далей, у іншы свет, нашыя вочы глядзяць на Яго міласэрнасць, якая лечыць нашыя горычы».

«Датыкальная блізкасць Бога робіць з нас супольнасць жывую і здольную адчуваць разам з тымі, хто стаіць з намі поплеч, і рабіць упэўненыя крокі сяброўства і братэрства. Мы — браты, якія ідзём насустрач іншым, каб умацоўвацца ў адной веры і надзеі».

Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Амерыкі, Святы Айцец даручыў свой будучы апостальскі візіт і ўсе інтэнцыі, якія вернікі трымаюць у сэрцах, каб Яна як добрая Матуля прыняла іх і паказала шлях да Сына. Напрыканцы звароту Папа, як заўсёды, папрасіў, каб вернікі не забываліся за яго маліцца, і развітаўся з тымі, хто яго чакае ў Чылі і Перу: «Да вельмі хуткай сустрэчы!»

Абноўлена 12.01.2018 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа