Фільм рэжысёра Юрыя Гарулёва, прысвечаны перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, атрымаў спецпрыз Міжнароднага каталіцкага кінафестывалю KSF Nepokolana 2017 і XII Польскага фестывалю «Лёсы палякаў 2017».
Стужка распавядае гісторыю перэгрынацыі ў парафіі ў Багданаве і прылеглых вёсках.
«Гэта не проста дакументальнае кіно, у якім паказана рэлігійнае жыццё, але і жыццё беларускай вёскі, якая паступова аджывае. Падчас здымак, якія працягваліся тыдзень, я стараўся паказаць тое, што бачыў сам: бабулек, дзяцей, заняткі рэлігіі, катэхезу святара ў школе і г.д.», — адзначыў у размове з карэспандэнтам Catholic.by рэжысёр фільма Юрый Гарулёў.
Гэтая стужка была прызнана лепшай сярод усіх сямі фільмаў, прадстаўленых на гэтых фестывалях на тэму фацімскіх аб’яўленняў.
Спадзяюся, што неўзабаве мы арганізуем прагляд фільма і для беларускай публікі, — адзначыў Юрый Гарулёў. — Пакуль што гэта пытанне разглядаецца — хутчэй за ўсё паказ будзе арганізаваны ў мінскай архікатэдры або ў Чырвоным касцёле.
Юрый Гарулёў — беларускі рэжысёр і дырэктар каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат», лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне».