Пошук

04.04.2026 13:55   Catholic.by

4 красавіка, калі Касцёл чувае ў цішыні Вялікай суботы, знаходзячыся каля Гробу Пана, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, адзначае свой чарговы дзень нараджэння. З гэтай нагоды Рэдакцыя інтэрнэт-партала Catholic.by звяртаецца да іерарха са словамі віншаванняў.

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны арцыбіскуп Юзаф!

57 год таму, 4 красавіка, у Вялікую пятніцу 1969 года, дзякуючы любові Вашых таты і мамы, Вы ўпершыню пабачылі дзённае святло. У гэты дзень Касцёл перажываў найвялікшую падзею ў гісторыі чалавецтва смяротную ахвяру Божага Сына Езуса Хрыста дзеля збаўлення роду людскога з няволі граху і пекла.

Сёння, у дзень Вашых народзінаў, ізноў прыпаў асаблівы дзень — Вялікая субота. У маўчанні і суме па Езусе Хрысце, які памёр на Крыжы, але адначасова з сэрцамі, напоўненымі надзеяй на Яго Змёртвыхпаўстанне, мы чакаем святла Пасхала, які асветліць цемру, і радаснага Аллелюя, якое прагучыць гэтай ноччу падчас Пасхальнай Вігіліі, каб узрадавацца разам з жанчынамі, якія, шукаючы Езуса каля пустога гробу, пачулі: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5-6).

Узначальваючы Касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і падзяляючы цяжар адказнасці за Касцёл у Беларусі з іншымі беларускімі іерархамі як Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі, Вы штодзённа прыносіце ў ахвяру служэння бліжнім свой час, здароўе, сілы і апостальскую руплівасць, прысвячаючы сабе, Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію на Беларусі Найдаражэйшай Крыві Хрыста.

Удзячныя за гэта, жадаем Вам шмат сілаў і «моцныя плечы», каб утрымаць і данесці да канца цяжар пастырскага служэння, Божай ласкі і, нягледзячы на цяжкасці, шмат радасці, якую дае Уваскрослы Хрыстус, які, паводле слоў Папы Францішка, жыве і хоча, каб кожны жыў. Адчувайце сябе заўсёды маладым маладосцю Хрыста. Няхай гэтая евангельская радасць напаўняе Вашае сэрца на многія святыя леты.

З павагай і дарам малітвы
ад імя супрацоўнікаў Рэдакцыі
ксёндз Павел Эйсмант
дырэктар партала Catholic.by

Абноўлена 04.04.2026 14:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа