
На надыходзячую ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Якую радасць лёс прынёс —
Сягоння Езус уваскрос!
Сягоння з мёртвых Ён устаў —
Непадуладным смерці стаў!
Пакінуў Крыж свой назусім
І падарыў збаўленне ўсім.
Ён рана-раненька ўваскрос,
Шлях паказаўшы да нябёс.
Цяпер душа — крылаты птах —
Свой ведае нябесны шлях.
(з верша Мар’яна Дуксы)
Умілаваныя вернікі, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!
Вітаю вас, умілаваныя браты і сёстры, у гэты самы ўрачысты дзень літургічнага года. Вось настаў яшчэ адзін Вялікдзень у нашым жыцці. Тыдзень таму мы святкавалі Вербную нядзелю. Гэта быў трыўмфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, падрыхтаваны людзьмі. А сёння, пасля Вялікага тыдня, мы святкуем нядзелю Уваскрасення Пана. Гэта таксама дзень трыумфу Хрыста, але зусім іншы, бо яго падрыхтаваў Бог. Гэта дзень перамогі над грахом і смерцю. Гэты трыумф больш незаўважны, чым любая іншая падзея. Ён адбываецца без сведкаў. Папа Бэнэдыкт XVI сказаў, што праўда пра ўваскрасенне — гэта першая праўда, у якую мы верым, і першая, дзякуючы якой мы верым. «Вера, — гаварыў гэты вялікі тэолаг, — нараджаецца з асабістай сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом і становіцца ўздымам мужнасці і свабоды, які прымушае нас абвяшчаць усяму свету: Езус уваскрос і жыве вечна. Езус хоча, каб мы верылі ў Яго, каб дазволілі Яму весці нас, каб мы жылі з Ім, становячыся ўсё больш падобнымі да Яго і ўсё больш праведнымі».
Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея, гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету!
Сёння Касцёл з радасцю абвяшчае менавіта гэта: ён перадае надзею, якую Бог зрабіў моцнай і непераможнай, уваскрашаючы Езуса Хрыста з мёртвых; ён перадае надзею, якую носіць у сваім сэрцы і якой жадае падзяліцца з іншымі. Падзяліцца ўсюды, асабліва там, дзе хрысціяне церпяць пераслед з-за сваёй веры; ён заклікае надзею, якая здольная абудзіць дабро, асабліва калі гэта патрабуе нашых вялікіх намаганняў. Сёння Касцёл спявае «Гэта ёсць дзень, які даў нам Пан! Радуйцеся і весяліцеся ў ім! Аллелюя!». Сёння Касцёл моліцца і заклікае Марыю, Зорку Надзеі, каб прывяла чалавецтва да надзейнай гавані збаўлення, якой з'яўляецца Сэрца Хрыста, Пасхальнай Ахвяры, Езуса, які адкупіў свет, Нявіннага, які «паяднаў нас, грэшных, з Айцом». Яму, пераможнаму Валадару, укрыжаванаму і ўваскросламу, сёння мы з радасцю ўзносім нашае Аллелюя! (пар. Бэнэдыкт XVI, 12.04.2009 г.).
Мае дарагія. Кожны год у Велікодную нядзелю мы чуем сведчанне апостала Пятра, якое апісана ў Дзеях Апосталаў. Гэтае казанне святога Пятра мае асаблівае значэнне ў развіцці апостальскай місіі ў першыя гады хрысціянства. Яно было прамоўлена ў доме Карнэлія, сотніка, які быў рэлігійным чалавекам, але не ведаў Езуса Хрыста. Яму з’явіўся анёл Божы і загадаў прывесці Пятра ў Цэзарэю. Да таго часу апостал Пётр прапаведаваў вестку пра ўваскрасенне толькі ў габрэйскіх супольнасцях. Казанне, прамоўленае ў доме Карнэлія, азначала перасячэнне важнай мяжы ў жыцці Касцёла. Яно адкрыла шлях для абвяшчэння Евангелля ўсім народам свету (пар. Мц 28, 18-20).
Сёння Касцёл успамінае гэтае сведчанне святога Пятра, каб паказаць нам моц уваскрасення. Езус, выходзячы з магілы, пераадольвае ўсе межы.
Езус Хрыстус вызваляе нас ад страху смерці і тым самым вызваляе нас ад усялякіх чалавечых страхаў: страху перад хваробай, няшчасцем, перажываннем розных цярпенняў і несправядлівасці.
Гэта таксама дазваляе нам пераадольваць межы ў нашым рэлігійным жыцці. Можа, кагосьці з нас пераследуе нейкі грэх, цяжкі ці лёгкі, ад якога мы даўно марым вызваліцца. Уваскрослы Пан дае нам сілу і надзею на перамогу, вызваляе нас ад усялякага зняволення граху, бо Ён — наш Валадар і Збаўца.
Кажучы: «Спакой вам!», Змёртвыхпаўсталы Хрыстус усяляе ў спалоханыя душы апосталаў адвагу. Незвычайную адвагу. Тую ж адвагу, якую Ён упершыню даў ім падчас буры на возеры. Ён сказаў ім тады: «Я з вамі. Не бойцеся!» Іншымі словамі, «Я ёсць Бог. Мая адвага — гэта ваша адвага! Не бойцеся! Будзьце моцнымі Маёю адвагай!» Уваскрослы Езус прапануе і нам тыя ж дары. Толькі мы павінны распазнаць і прыняць іх. Адважна, не баючыся. Прыняць гэты шчодры дар ад Пана, які перамог смерць.
Браты і сёстры. Евангелісты Ян і Лука, апісваючы з’яўленне ўваскрослага Пана апосталам, падкрэсліваюць, што на пачатку сустрэчы Езус паказаў ім прабітыя рукі і бок (Ян 20, 20). «Паглядзіце на Мае рукі і ногі», — кажа Ён напалоханым і ўстрывожаным апосталам (пар. Лк 24, 39). Сапраўды, чаму Уваскрослы Езус з’яўляецца з ранамі на целе? Чаму Ён іх паказвае? Можа, каб падкрэсліць рэалістычнасць сваіх цярпенняў, ад якіх засталіся гэтыя раны?
Святы Антоній Падуанскі звязвае гэта з тэкстам Ісаі са Старога Запавету (49, 14-16): «Сказаў Сіён: Пакінуў мяне Пан, і Бог мой забыў пра мяне. Ці можа жанчына забыць сваё немаўля? Нават калі яна забудзе, Я не забуду цябе. Вось, Я накрэсліў цябе на далонях Маіх». Гэтая цытата з кнігі прарока Ісаі выказвае абсалютную вернасць Бога адносна чалавека, якая пераўзыходзіць чалавечую любоў. Нават калі зямная любоў маці падвядзе, Божая любоў нязменная, а чалавек накрэслены на далонях Божых — гэта сімвалізуе вечную памяць і клопат Бога пра нас. Гэты фрагмент Бібліі запэўнівае нас, што Бог не адварочваецца ад чалавека з-за яго слабасцяў і памятае пра нас, незалежна ад абставінаў.
Бог накрэсліў імя кожнага чалавека на сваіх далонях — гэта значыць, што чалавек для Бога надзвычай каштоўны, што Бог заўсёды памятае і думае пра нас. Гэта пасланне пра Божую любоў, якая больш трывалая, чым нават самая моцная чалавечая сувязь.
Вельмі сімвалічна пра гэта разважаў узгаданы ўжо святы Антоній Падуанскі. Каб нешта запісаць, казаў ён, патрэбныя папера, чарніла і пяро. Бог, каб не забыць пра чалавека, запісвае імя кожнага з нас на далонях Хрыста; у якасці чарніла Ён выкарыстоўвае кроў Езуса; у якасці пяра Бог прымяняе цвікі. Тэкст гэты можна перакласці таксама выказваннем самога Бога: «Вось, Я выгравіраваў цябе на далонях Маіх». Таму Езус паказвае нам свае далоні, каб паказаць сваю нязменную міласэрнасць! Гэта пасланне не для дня парузіі (другога Яго прыйсця), а для цяперашняга моманту, калі нам здаецца, што Бог кінуў нас, што Ён абыякавы да нас, што Ён пакінуў нас адных сярод самых балючых перажыванняў XXI стагоддзя, калі мы адчуваем сябе здабычаю зла і безабароннымі перад злом гэтага свету. Але Бог у гэты час не можа забыцца пра нас, бо менавіта ў гэты час Бог паклікаў і выбраў менавіта нас. Ён нібыта выгравіраваў кожнага з нас на сваіх далонях, таму імя кожнага з нас гарыць на Яго руках і гучыць на Яго вуснах — гэта ратунак для нас.
Святы Аўгустын гаварыў: «Resurrectio Domini spes nostra. — Уваскрасенне Пана — наша надзея». Гэтым сцвярджэннем вялікі біскуп растлумачыў усім, што Езус уваскрос, каб мы не паддаліся роспачы, думаючы, што са смерцю жыццё канчаткова заканчваецца. Хрыстус уваскрос, каб даць нам надзею.
Уваскрасенне Хрыста, які перамог смерць, становіцца для нас заклікам: варта ахвяраваць усё дзеля Настаўніка з Назарэта, бо Ён з’яўляецца крыніцай, сэнсам і завяршэннем жыцця кожнага з нас!
Мае дарагія. Вернасць Бога — гэта найлепшая страхоўка нашага жыцця. Што б ні здарылася ў нашым жыцці, Бог заўсёды верны нам, незалежна ад нашых пачуццяў. Больш за тое, калі нам цяжка, Ён побач. Яго не расчароўвае наша слабасць. Калі мы падаем, Ён першы працягвае руку, каб дапамагчы нам устаць. Ён — наш Айцец, для якога мы важныя, унікальныя, настолькі каштоўныя, што Ён палічыў нас вартымі Яго смерці на крыжы за нас. Бог нязменны, таму нам заўсёды гарантавана Яго ласка. Ён засведчыў перад чалавецтвам бязмежную любоў і міласэрнасць да грэшнага чалавека, гарантуючы ўсім нам збаўленне і вечнае жыццё. І чакае ад нас, што мы станем Ягонымі сведкамі, сведкамі Уваскрослага Хрыста ў мітусні гэтага свету.
Браты і сёстры. Сёння мы вітаемся «Хрыстус Уваскрос!», і ад кожнага хочам пачуць у адказ «Сапраўды Уваскрос», бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, гэта значыць што мы належым да Хрыста, да Яго Праўды і да Яго Валадарства. Хрыстус Уваскрос! Хрыстус жыве! Ён жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, як казаў папа Францішак, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету. Будзем жа і мы сапраўднымі сведкамі нашай веры ва Уваскрослага Пана! Няхай Эўхарыстыя — Пасхальная гасціна, якая ўслаўляе моц збаўчай любові Хрыста, — умацуе нашу веру ў Яго прысутнасць сярод нас. Ідучы па жыцці, давайце, па прыкладзе апосталаў, казаць сваім бліжнім, што Хрыстус «палюбіў іх аж да ахвяры са свайго жыцця», што Ён памёр за іх, а на трэці дзень уваскрос і жывы! Давайце з любоўю, па прыкладзе Марыі Магдалены з досвітку Змёртвыхпаўстання, пойдзем насустрач нашым братам і сёстрам, каб яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасенне! Няхай любоў растлумачыць ім усё, каб яны, як і мы, пазналі і паверылі ў Любоў (пар. Мц 28, 1-8).
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.
Віншуючы з радасным святам надзеі, давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю: у Імя Айца,+ і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 29 сакавіка 2026 года
Пальмовая Нядзеля Мукі Пана







