Пошук

17.03.2026 19:02   Марыя Валодзіна / Vatican News BY
Фота: Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін перад рэліквіяй святога Францішка Асізскага/ niedziela.pl

Святы Францішак прапануе сучаснаму свету, поўнаму трывогі, эканамічных крызісаў і войнаў, шлях радасці, сціпласці і братэрства, — падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар на Імшы з нагоды ўшанавання рэліквіі святога ў Асізі.

Набажэнства, прысвечанае 800-й гадавіне смерці святога Францішка, адбылося ў Асізі 15 сакавіка. Упершыню ў гісторыі яго парэшткі паказалі вернікам.

«Тэрапія» для сучаснага свету

Аскетызм, уменне радавацца малым рэчам, адчуваць сябе братамі ўсіх і ўсяго гэта дзейсная тэрапія, якую святы Францішак Асізскі прапануе свету, які характарызуецца «нястрымным жаданнем валодаць, раскошай, марнатраўствам, павярхоўнасцю і спажывальніцтвам», падкрэсліў іерарх у гаміліі. Ён заўважыў, што пасланне Асізскага Бедняка актуальнае для пакалення, якое пакутуе ад трывогі і суму, выкліканых беспрацоўем, эканамічнымі крызісамі, кліматычнымі праблемамі і войнамі ўсіх супраць усіх і ўсяго.

Непераадольны чалавечы і духоўны магнетызм

Кардынал Паралін нагадаў эпізод з кнігі «Кветачкі святога Францішка», у якім адзін з паплечнікаў пытаецца, чаму за святым ідзе ўвесь свет, хоць ён і не вылучаецца ні прыгажосцю, ні вучонасцю, ні шляхетнасцю. Бядняк адказаў, што погляд «святых вачэй Бога» ніколі не спыняўся на больш грэшным і горшым чалавеку, чым ён.

«І ўсё ж ім захапляліся такія геніі Сярэднявечча, як Джота і Дантэ», 

нагадаў Дзяржсакратар.

На думку іерарха, сапраўдная прычына такой прывабнасці заключаецца ў чалавечай і духоўнай постаці святога Францішка. Яго першы біёграф Тамаза да Чэлана апісваў яго як чалавека лагоднага характару і спакойнай натуры. Ён ветліва размаўляў, асцярожна настаўляў, сумленна выконваў даручаныя яму справы, даваў мудрыя парады і плённа працаваў. Ён быў добразычлівым ва ўсім, меў спакойны розум, мяккае сэрца і сціплы дух, любіў малітву і сузіранне, і быў заўсёды поўны энтузіязму.

Брат усім і ўсяму

Кардынал Паралін звярнуў увагу на тры рысы святога: дасканалую радасць, высокую беднасць і ўсеагульнае братэрства. Асізскі святы ўмеў «пакорліва, цярпліва і радасна» прымаць цяжкасці жыцця.

Яго беднасць была не толькі аскетычнай практыкай, але і спосабам быць максімальна падобным да Хрыста.

Ён адчуваў сябе братам усяго і кожнага: людзей, тварэння, Сусвету, нават смерці.

Завяршаючы гамілію, іерарх нагадаў, што славуты «Гімн стварэння» святы Францішак напісаў у час крызісу і цемры, унутранай і знешняй. Яго час нагадвае сённяшні, калі «цемра вайны, здаецца, засланяе святло надзеі». Дзяржаўны сакратар пажадаў усім «міру і дабра» і заклікаў маліцца словамі святога Францішка, просячы Бога асвятліць цемру сэрцаў і даць «праўдзівую веру, моцную надзею, дасканалую любоў і глыбокую пакору».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа