Галоўная
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Навіны
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Касцёл у Беларусі
Дыяцэзіі
Канферэнцыя Біскупаў у Беларусі
Апостальская Нунцыятура ў РБ
divider3
Навучальныя ўстановы
Касцёльны суд
Манаскія супольнасці
Рухі і супольнасці
Дабрачынныя арганізацыі
divider4
Гісторыя Касцёла ў Беларусі
Санктуарыі
divider5
СМІ і выдавецтвы
Прэс-сакратар
Літургія
Урачыстасці і святы
Літургічны каляндар
Лекцыянарый
Літургія гадзінаў
Матэрыялы для літургіі
Агульныя ўводзіны да літургічных кніг
Святыя
Бібліятэка
Святое Пісанне
Афіцыйныя дакументы
Гаміліі іерархаў
Малітоўнік
Матэрыялы для катэхетаў
Святарам
Слоўнік
Відэа
Пра нас
Рэдакцыя
Кантакты
divider6
Умовы выкарыстання матэрыялаў
Пошук
Пошук
Беларуская
Русский
•
Галоўная
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Навіны
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Касцёл у Беларусі
Дыяцэзіі
Канферэнцыя Біскупаў у Беларусі
Апостальская Нунцыятура ў РБ
divider3
Навучальныя ўстановы
Касцёльны суд
Манаскія супольнасці
Рухі і супольнасці
Дабрачынныя арганізацыі
divider4
Гісторыя Касцёла ў Беларусі
Санктуарыі
divider5
СМІ і выдавецтвы
Прэс-сакратар
Літургія
Урачыстасці і святы
Літургічны каляндар
Лекцыянарый
Літургія гадзінаў
Матэрыялы для літургіі
Агульныя ўводзіны да літургічных кніг
Святыя
Бібліятэка
Святое Пісанне
Афіцыйныя дакументы
Гаміліі іерархаў
Малітоўнік
Матэрыялы для катэхетаў
Святарам
Слоўнік
Відэа
Пра нас
Рэдакцыя
Кантакты
divider6
Умовы выкарыстання матэрыялаў
дашлі навіну
ахвяраваць
Галоўная
Навіны
Панядзелак, 14 ліпеня 2008
ВУП выдавецтва «Pro Christo»
14.07.2008 14:10
Заснавальнік – Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Адрас: пл. Свабоды 9, 220030 г. Мінск, Тэл./факс: +375 17 3561750; E-mail: pro-christo@catholic.by . Сайт: pro-christo.catholic.by
Серада, 9 ліпеня 2008
Біскуп Казiмiр Велікаселец
09.07.2008 16:08
Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі на пенсіі Біскуп Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у в. Стараволя Пружанскага раёна. Бліжэйшы касцёл, які дзейнічаў, быў у Кобрыне. І, напэўна, яшчэ тады, калі бацька вазіў яго на ровары за дзесяткі кіламетраў у гэты касцёл, нарадзілася яго глыбокая вера.
Кардынал Казімір Свёнтэк (пам. 2011 г.)
09.07.2008 16:05
Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. У выніку пераследавання рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.
Біскуп Антонi Дзям’янка
09.07.2008 16:01
Біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка нарадзіўся 1 студзеня 1960 г. у в. Заброддзе ў парафіі Дзераўная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Біскуп Уладзіслаў Блін
09.07.2008 15:55
Біскуп Віцебскі на пенсіі Біскуп Уладзіслаў Блін нарадзіўся 31 мая 1954 г. у Свідвіне Кашалінскага ваяводства ў Польшчы (бацькі яго родам з Беларусі).
Біскуп Аляксандр Кашкевіч
09.07.2008 15:48
Біскуп Гродзенскі на пенсіі Біскуп Аляксандр Кашкевіч нарадзіўся 23 верасня 1949 г. у в. Падгайдзі, у парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
09.07.2008 15:01
Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі на пенсіі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў.
«Слова жыцця»
09.07.2008 14:34
Газета Гродзенскай дыяцэзіі Заснавальнік – Гродзенская дыяцэзія Адрас рэдакцыі: К. Маркса, 4, 230025 г. Гродна, Тэл.: (152) 75-64-38; E-mail: slowo.grodnensis@gmail.com Сайт: slowo.grodnensis.by
«Дыялог»
09.07.2008 14:33
Рэлігійны часопіс Заснавальнік – парафія Маці Божай Фацімскай /г. Баранавічы/ Адрас рэдакцыі: вул. Шаўчэнкі 6, 225320 г.Баранавічы, Тэл.: (0163) 46-56-06; Факс: (0163) 46-39-99 E-mail: dialog1994@tut.by Сайт: dialog1994.by
«Наша вера»
09.07.2008 14:26
Штоквартальны рэлігійна-культурны часопіс Падзеі сучаснага жыцця Касцёла, тэолагічныя артыкулы, даследаванні па гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, артыкулы навукоўцаў - мастацтвазнаўцаў, філолагаў, гісторыкаў, вершы і проза беларускіх і замежных аўтараў і інш. Заснавальнік – Мінска-Магілёўская архідыяцызія. Адрас рэдакцыі: пл. Свабоды 9, 220030 г. Мінск, Тэл./факс: +375 17 3561750; E-mail: media@catholic.by . Сайт: media.catholic.by/nv Падпісны індэкс: для ведамаснай падпіскі - 74913/2 для індывідуальнай падпіскі - 74913
Рухі абароны жыцця
09.07.2008 14:07
У наш час асаблівае месца займае ўзмацненне барацьбы, якая вядзецца паміж цывілізацыяй смерці і цывілізацыяй жыцця. Ментальнасць, супрацьлеглая жыццю, пасялілася ў сэрцах мільёнаў людзей па ўсім свеце. З 1924 года, калі ў Савецкім Саюзе ўпершыню ў свеце былі легалізаваныя аборты, цывілізацыя смерці хутка пашыралася на іншыя краіны. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў багатыя дзецьмі краіны апынуліся ў дэмаграфічным крызісе. У імя фальшыва разуметых любові і свабоды забіваецца незлічоная колькасць людзей на розных этапах іх жыцця. У выніку абортаў гінуць зачатыя дзеці, а ў выніку эўтаназіі ці падтрыманага самазабойства — старэйшыя і хворыя асобы. Замах на жыццё чалавека заўсёды звязаны з недахопам любові. Аборт — гэта выключна трагічнае праяўленне крызісу сужэнскага жыцця. Гэта таксама найбольш жудасная форма насілля ў сям’і. Падобным чынам прычына эўтаназіі — не старасць, працяглая хвароба або калецтва. Перш за ўсё — гэта адсутнасць любові, праява жорсткасці дарослых дзяцей у адносінах да іх старэючых бацькоў. Усюды, дзе няма любові, чалавек становіцца няздатным да таго, каб ахоўваць сваё жыццё і жыццё іншых людзей. Адсутнасць любові непазбежна вядзе да будавання цывілізацыі смерці. Ніякае права, ніводная Канстытуцыя і ніводзін крымінальны кодэкс не ў стане захаваць чалавечае жыццё. Такую ахову могуць гарантаваць толькі любоў і павага да кожнага чалавека. Жыццё чалавека — гэта плод любові, і яго каштоўнасць разумее і шануе той, хто любіць, гэта значыць, жыве ў сяброўстве з Богам. Толькі той, хто жыве ў прысутнасці Бога, хто вучыцца Яго любові, вернай і ахвярнай, будуе цывілізацыю любові. Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae пісаў: «Калі ён [чалавек] выракаецца Бога і жыве так, быццам Бога няма, альбо не паважае Яго запаведзяў, то вельмі проста і хутка адракаецца таксама ці падвяргае сумненню годнасць чалавечай асобы і недатыкальнасць яе жыцця» (EV, 96.). Касцёл пастаянна нагадвае, што «чалавечае жыццё павінна шанавацца і ахоўвацца ў абсалютнай ступені з моманту зачацця. Ужо з першай хвіліны свайго існавання за чалавечай істотай павінны быць прызнаныя ўсе правы чалавечай асобы, сярод якіх — непарушнае права кожнай бязвіннай істоты на жыццё» (ККК, 2270.). Права на жыццё — гэта паўсюднае права і датычыць усіх людзей, незалежна ад расы, паходжання, узросту. Яно дзейнічае з моманту зачацця, у дзяцінстве, юнацтве і сталасці, аж да глыбокай старасці. Яно распаўсюджваецца таксама на калек, на асобы, невылечна хворыя, на тых, хто не можа карыстацца розумам, не выключаючы яшчэ ненароджаных. Жывая чалавечая істота становіцца чалавекам не ў момант нараджэння, але ў момант зачацця. Жыццё — гэта Божы дар, і таму яно святое і недатыкальнае. «З праўды аб святасці жыцця вынікае прынцып яго недатыкальнасці, упісаны ад пачатку ў сэрца чалавека, у яго сумленне» (EV, 40.). Чалавек не з’яўляецца гаспадаром жыцця, таму ён не мае права прымаць рашэнне аб жыцці ці смерці. Толькі Бог мае права распараджацца жыццём. Умяшанне ва ўласнае жыццё або жыццё іншых людзей зневажае права Створцы на жыццё чалавека. У барацьбу супраць жыцця ў сусветным маштабе ўключыліся розныя арганізацыі, якія ў імя свабоды чалавека пашыраюць цывілізацыю смерці і насілля. З другога боку, з’явілася шмат людзей, якія бароняць чалавечае жыццё, ствараючы розныя таварыствы і пашыраючы цывілізацыю жыцця і любові ва ўсім свеце, абараняючы чалавека ад самазнішчэння. У некаторых краінах гэтыя рухі аб’ядноўваюцца ў федэрацыі і маюць падтрымку на міжнароднай арэне. Рухі, якія абараняюць чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, можна падзяліць на тры групы. Першую групу ўтвараюць рухі малітоўнага характару. Гэта перш за ўсё Круцыята малітвы ў абарону зачатых дзяцей, а таксама Рух распаўсюджвання духоўнага ўсынаўлення. Абодва рухі носяць масавы характар: прысягу духоўнага ўсынаўлення склалі сотні тысяч вернікаў. Асаблівым чынам яны ахопліваюць малітваю тых маці, якія стаяць перад трагічным выбарам: нарадзіць дзіця ці зрабіць аборт (EV, 100.). У той жа час гэтыя рухі адказваюць на заклік Яна Паўла ІІ: «Неадкладна патрэбна вялікая малітва за жыццё — малітва, што пранікае ўвесь свет». Малітваю трэба ахапіць таксама тых, хто не моліцца: «Евангелле жыцця прызначана не толькі для веруючых, але — для ўсіх» (EV, 101.). Другую групу складаюць рухі, якія аказваюць дапамогу непасрэдна цяжарным маці, адзінокім маці і шматдзетным сем’ям. Іх дзейнасць заключаецца ў стварэнні і вядзенні дамоў адзінокай маці, цэнтраў для ахвяраў насілля ў сям’і, прытулкаў для маці з дзецьмі ў крызісных сітуацыях, а таксама сямейных кансультацый, медыцынскіх кабінетаў і школ жыцця. Трэцяя група — гэта фармацыйныя рухі, якія робяць націск на выхаванне пашаны да кожнага чалавечага жыцця, выхаванне да адказнага бацькоўства і чыстасці. Яны вядуць фармацыйную дзейнасць праз рэкалекцыі, навучальныя курсы, курсы для лектараў, псіхалагічныя і педагагічныя семінары. Вядуць выдавецкую дзейнасць і распаўсюджваюць матэрыялы, якія служаць абароне жыцця, выхаванню чыстасці, ахове сям’і і каштоўнасцяў, звязаных з ёю, а таксама фармуюць унутраную паставу адказнага бацькоўства. Рухі абароны жыцця прапаноўваюць і падтрымліваюць усялякія ініцыятывы, якія служаць дабру зачатага дзіцяці, яго маці і сям’і. Самае галоўнае — каб кожнае зачатае дзіця магло нарадзіцца, а яго сям’я мела адпаведныя ўмовы, каб яго прыняць і выхаваць. Таму трэба зрабіць усё, каб цяжарная жанчына, баючыся, што не здолее выхаваць дзіця, якое носіць пад сваім сэрцам, не спрабавала вырашыць праблему шляхам, што вядзе да смерці дзіцяці, а ў выніку — да яе асабістай трагедыі, але каб знайшла патрэбную дапамогу і падтрымку. «Абавязак служэння жыццю кладзецца на ўсіх і на кожнага з нас» (EV, 79.), — вучыў нас Слуга Божы Ян Павел ІІ. «Таму ўсе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі як асобныя людзі, але таксама як супольнасць, робячы з безумоўнай павагі да чалавечага жыцця падмурак для новага грамадства. Мы пакліканыя любіць і шанаваць жыццё кожнага чалавека, а таксама цярпліва і смела імкнуцца да таго, каб у нашую эпоху, у якой становіцца ўсё больш прыкметаў смерці, урэшце запанавала новая культура жыцця — плён культуры праўды і любові» (EV, 77.). Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Рэлігійнае выхаванне ў сям’і
09.07.2008 14:06
У рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі прымаюць удзел многія асяроддзі і грамадскія групы. Галоўная адказнасць за выхаванне ляжыць на бацьках. Менавіта бацькі маюць шмат магчымасцяў з гэтага пункту гледжання, бо яны аказваюць уплыў на сваіх дзяцей з першых хвілінаў іх жыцця праз блізкія адносіны і сведчанне ўласнага жыцця. Існуе цесная сувязь паміж рэлігійнасцю бацькоў і ўнутранай паставай іх дзяцей у гэтай сферы. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «паколькі бацькі далі жыццё дзецям, то яны ў самай высокай ступені абавязаныя выхоўваць патомства, таму іх трэба лічыць першымі і галоўнымі выхавацелямі. Выхаваўчае заданне мае такое вялікае значэнне, што магчымую адсутнасць гэтага наўрад ці можна чым-небудзь запоўніць. Таму што бацькі павінны стварыць такую сямейную атамасферу, напоўненую любоўю і павагаю да Бога і да людзей, каб яна спрыяла цэласнаму асабістаму і сацыяльнаму выхаванню дзяцей» (GE, 3.). Рэлігійнае і маральнае выхаванне дапамагае развіць у дзіцяці хрысціянскі погляд на жыццё. Яно адбываецца праз кантакт бацькоў з дзіцем. Яны не павінны ніколі забываць, што ў канчатковым выніку ўсё павінна весці да адной мэты — гэта значыць да збаўлення чалавека. Выхаванне складаецца з многіх фактараў, якія могуць сур’ёзна ўплываць на фармаванне ўнутранай паставы дзіцяці. Выхоўваць — гэта значыць так уплываць на дзіця, каб яно няспынна развівалася фізічна, інтэлектуальна, сацыяльна, маральна, рэлігійна. Бацькі павінны так выхоўваць дзіця, каб яно магло выканаць сваё жыццёвае заданне і пакліканне. У будучыні, калі выбярэ шлях сужэнскага жыцця, каб было яно добрым мужам або жонкаю, гатовым да ахвярнай любові. Абавязак бацькоў — дапамагчы дзіцяці ў арганізацыі заняткаў, а таксама паклапаціца пра яго фізічнае і інтэлектуальнае развіццё, забяспечыць яму магчымасць набываць вопыт у кантактах з людзьмі і развіваць асабістыя здольнасці і схільнасці. Аднак на першым месцы павінна стаяць фармаванне ў дзіцяці адпаведных адносінаў да Бога. Нельга абмяжоўваць рэлігійнае выхаванне дзіцяці толькі тым, што яго пасылаюць «у касцёл» або на катэхізацыю. Тэлевізійныя праграмы, кампутарныя гульні, пазашкольныя заняткі або выезды ў нядзелю за горад, не могуць быць апраўданнем занядбанняў штодзённай малітвы, катэхізацыі, нядзельнай святой Імшы або рэлігійных практыкаў. У хатняй бібліятэцы павінны быць рэлігійныя кніжкі і часопісы як для дзяцей, моладзі, так і для дарослых. Пачэснае месца павінна заняць Святое Пісанне. Крыж, абразы Езуса і святых на сценах дома павінны быць не толькі ўпрыгожаннем, але і сімвалам веры ўсёй сям’і. Клопат пра рэлігійнае выхаванне праяўляецца таксама ў адпаведным перажыванні рэлігійных святаў і ўрачыстасцяў у сям’і. Нельга дапускаць таго, каб бацькі не праводзілі з дзецьмі размоваў на рэлігійныя тэмы. Бацькі сваім прыкладам і сведчаннем веры павінны давесці дзіця да Хрыста і навучыць яго весці сяброўскі дыялог са Збаўцам, пастаянна адказваць на Божы заклік. Падкрэсліваючы Божую любоў, бацькі павінны абуджаць давер да Нябеснага Айца і жаданне абапіраць сваё жыццё на Дэкалогу, які з’яўляецца праявай Яго добразычлівасці і клопату пра нашае сапраўднае шчасце і вечнае жыццё. Вучачы дзяцей быць вернымі Божым запаведзям, кіравацца наказам сумлення, бацькі павінны падрыхтаваць іх да пастаяннага спаўнення Божай волі і да рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання: сужэнскага, святарскага, манаскага альбо самотнага паводле ўласнага выбару. Усялякія формы ўздзеяння бацькоў на дзіця павінны быць скіраваны на тое, каб дзіця вучылася жыць для іншых і такім чынам імкнулася дасягнуць вечнага збаўлення. Бацькі сваім прыкладам павінны абуджаць у дзіцяці надзею на вечнае жыццё, нагадваць пра тое, чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, пра тое, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго (пар. 1 Кар 2, 9). Крытэрыем сувязі чалавека з Богам з’яўляецца індывідуальная малітва. Так, як кожны дзень дзіця жадае і шукае кантакту з любячымі бацькамі, так і штодзённа нанава ён патрабуе Божай прысутнасці. Праз малітву, катэхізацыю, Эўхарыстыю, сакрамэнт паяднання, чытанне Святога Пісання, удзел у рэкалекцыях, парафіяльных фармацыйных групах ствараецца і ўзмацняецца сувязь з Богам як найлепшым Айцом. Сталае ў рэлігійнай сферы дзіця прыходзіць да пераканання, што Божыя запаведзі не з’яўляюцца непатрэбным цяжарам ці абмежаваннем свабоды, але наадварот — яны становяцца яго мудрасцю і сілай. Рэлігійна сталы чалавек — гэта той, хто адкрыў, што пазнаванне і спаўненне Божай волі выводзіць яго на шлях благаславення і шчасця. Любіць сваіх дзяцей — гэта значыць, прыводзіць іх да Хрыста, нашага Збаўцы і найлепшага Выхавацеля чалавека. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Неакатэхуменальны шлях
09.07.2008 14:04
У 1964 годзе Франсіско (Кіко) Аргуэлло — мастак, які нарадзіўся ў Іспаніі, і Кармэн Эрнандэс — выпускніца хімічнага факультэта, выхаванка інстытута Місіянераў Езуса Хрыста, сустракаюцца сярод жыхароў трушчобаў на ўскраінах Мадрыда. Праз тры гады ў гэтым асяроддзі, якое складаецца перадусім з бедных людзей, фармуецца своеасаблівы сінтэз евангелізацыі і катэхізацыі, які абапіраецца на слова Божае, літургію і вопыт супольнасці, і гэта ў святле перамен пасля Другога Ватыканскага Сабору стане падставай для таго, што Неакатэхуменальны шлях распаўсюдзіцца па ўсім свеце. З баракаў гэты вопыт хутка пераходзіць у некаторыя парафіі. Праз некалькі гадоў група экспертаў Кангрэгацыі Божага Культу, якія на працягу некалькіх гадоў распрацоўвалі дакумент на тэму катэхуменату для дарослых, былі пад вялікім уражаннем, убачыўшы, як тое, што неўзабаве павінна было быць абвешчана як «Абрады хрысціянскага пасвячэння дарослых», Дух Святы, пачынаючы ад убогіх, ужо ператвараў у жыццё. Кангрэгацыя ўзгадніла назву «Неакатэхуменат», або даведнік па хрысціянскай фармацыі пасля хросту. Неакатэхуменальны шлях з моманту свайго ўзнікнення быў прапанаваны як шлях пасвячэння ў веру. Гэта не нейкая спецыяльная духоўнасць, але шлях ўзрастання, своеасаблівы «даведнік па каталіцкай фармацыі, вельмі важнай для грамадства і цяперашніх часоў» (Ян Павел ІІ, Ліст Ogni Qualvolta, 30.08.1990.). Гэта працэс сталення ў веры, якая адбудоўвае хрысціянскую супольнасць, і тая становіцца знакам для свету і супраціўляецца працэсу секулярызацыі. На гэтым шляху веры ў накірунку радыкалізму ўласнага хросту цэнтральным становіцца хрысціянская супольнасць, а яе асноўным ядром — сям’я. Менавіта ва ўлонні канкрэтнай хрысціянскай супольнасці асабіста ажыццяўляецца жывы і непасрэдны вопыт хрысціянскага жыцця. Тут мы вучымся слухаць слова Божае, адносячы яго да свайго жыцця, вучымся маліцца і плённа ўдзельнічаць у святой Імшы і іншых сакрамэнтах. Біскупы з розных рэгіёнаў, заклапочаныя сітуацыяй секулярызацыі, якая мела месца ў столькіх парафіях, і бачачы, што там, дзе з’яўляецца Неакатэхуменальны шлях, узнікаюць малыя жывыя супольнасці, поўныя людзей, да гэтага часу аддаленых ад Касцёла, прыкладалі ўсе намаганні, каб распачаць такі самы працэс хрысціянскага пасвячэння, просячы аб катэхетах з іншых гарадоў або краінаў. У выніку з’явіліся так званыя «вандроўныя катэхеты». Падчас сустрэчаў катэхетаў прадстаўляюцца гэтыя просьбы біскупаў і на іх дабравольна адклікаюцца тыя, хто адчувае сябе пакліканым адправіцца абвяшчаць Евангелле і аддаць сябе ў распараджэнне гэтай місіі на падставе паўнамоцтваў, якія дае ім уласны хрост. Такім чынам з’яўляецца нанава мадэль першапачатковага Касцёла, евангелізаванага апосталамі і вандроўнымі катэхетамі, якія не ствараюць нейкай спецыяльнай групы. Яны застаюцца ў складзе сваіх супольнасцяў і парафій, з якіх выпраўляюцца на місію і ў якія перыядычна вяртаюцца. На працягу крыху больш за трыццаць гадоў дзякуючы місійнай дзейнасці вандроўных катэхетаў Неакатэхуменальны шлях распаўсюдзіўся на пяці кантынентах. Перад абліччам секулярызацыі, якая працягваецца ўжо многія гады, Касцёл у многіх месцах памяншаецца і апынаецца ў сітуацыі крайняй слабасці; перадусім знішчаецца сям’я. Чэрпаючы натхненне са словаў Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, Кіко і Кармэн убачылі неабходнасць пасылаць сем’і на місіі як для заснавання Касцёла ў некаторых рэгіёнах, так і для падтрымкі і ўзмацнення існуючых супольнасцяў пры дапамозе сем’яў, якія паказвалі б аблічча хрысціянскай сям’і. Бачачы евангелізацыйную сілу, якою валодае Шлях, біскупы прасілі высылаць сем’і на перыферыю, у раёны, якія часта ўяўлялі сабою велізарныя барачныя пасёлкі, каб ствараць там асяродкі евангелізацыі, здольныя стрымаць секты, фармуючы малыя супольнасці, пакуль не з’явіцца магчымасць прыслаць туды якога-небудзь прэзбітэра і стварыць новыя парафіі. У выніку, у 1988 годзе Слуга Божы Ян Павел ІІ выслаў у некалькі дыяцэзій першыя сто сем’яў, аб якіх папрасілі біскупы. На ўсіх кантынентах ужо ёсць каля 1000 сем’яў, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля місій і справы евангелізацыі. Дзякуючы прароцкаму бачанню ініцыятараў Неакатэхуменальнага шляху, адвазе Слугі Божага Яна Паўла ІІ і місійнаму запалу сем’яў на місіях гэтае сведчанне веры аказалася фундаментальным для новай евангелізацыі і стварэння новых парафій. Гэтыя сем’і застаюцца з’яднанымі са сваёй неакатэхуменальнай супольнасцю, уключанай у парафію. Такім чынам узнікае карыснае супрацоўніцтва паміж супольнасцю, парафіяй і місіяй. Дзякуючы гэтай справе евангелізацыі, распачатай сем’ямі, у розных рэгіёнах хутка з’явілася неабходнасць у прэзбітэрах, якія б падтрымлівалі новыя, толькі што створаныя супольнасці, і пры ўдзеле якіх можна было б стварыць новыя парафіі. У сувязі з гэтым былі заснаваныя семінарыі «Redemptoris Mater». Гэта дыяцэзіяльныя семінарыі, яны заснаваныя біскупамі ў згодзе з Міжнароднай групай, адказнай за Шлях. Гэта місіянерскія семінарыі — прэзбітэры, выхаваныя ў іх, падрыхтаваныя для таго, каб быць пасланымі біскупам у кожны куток свету; яны міжнародныя — семінарысты паходзяць з розных краінаў і кантынентаў, што з’яўляецца канкрэтным знакам каталіцкасці, а таксама гатоўнасці быць пасланымі ў любое месца. Сёння функцыянуюць 53 семінарыі на ўсіх кантынентах. Аднак найбольш значнай рысай гэтых семінарый з’яўляецца тое, што, з аднаго боку, гэта дар, які дапамагае дыяцэзіі адкрывацца на місійнасць, каб ісці на ўвесь свет, а з другога боку яны знаходзяць у Неакатэхуменальным шляху тую падтрымку, якая спадарожнічае семінарыстам падчас іх падрыхтоўкі, а пасля прыняцця прэзбітэрату надалей падтрымлівае іх у няспыннай фармацыі. Ватыканская Кангрэгацыя па справах свецкіх зацвердзіла дэкрэтам ад 29 чэрвеня 2002 года Статуты Неакатэхуменальнага шляху. Місіяй гэтых супольнасцяў, якія застаюцца ў цяперашняй структуры Касцёла, з’яўляецца ўказанне новага спосабу перажывання Евангелля сёння, прымаючы пад увагу глыбокія патрэбнасці чалавека і гістарычны момант Касцёла. Супольнасці адчуваюць сябе абавязанымі нічога не знішчаць, усё ўшаноўваць, паказваючы плён Касцёла, які аднаўляецца і заклікае да навяртання. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Экуменізм — справа кожнага хрысціяніна
09.07.2008 14:03
«Місія Хрыста Адкупіцеля, даручаная Касцёлу, яшчэ вельмі далёкая ад свайго завяршэння. Гледзячы на чалавецтва ў канцы другога тысячагоддзя ад Яго прыйсця, мы бачым, што місія Касцёла яшчэ толькі пачынаецца і што ўсе свае сілы мы павінны задзейнічаць у яго служэнні». Такімі словамі распачынае Святы Айцец Ян Павел ІІ сваю энцыкліку Redemptoris missio. Найглыбейшай сутнасцю пасланніцтва Касцёла з’яўляецца прапаведванне Добрай Навіны пра Хрыста — адзінага Збаўцу. Святы апостал Павел пісаў у сваім пасланні да Карынцянаў: «Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). У сучасным свеце, дзе існуе шмат розных канфесій, мы як хрысціяне павінны паставіць сабе заданне: сумесна скіроўваць свае намаганні на абвяшчэнне Евангелля дзеля распаўсюджвання Божага Слова. Канфесійныя адрозненні, якія б яны ні былі — у тэалогіі, у спосабах евангелізацыі ці ў сацыяльным вучэнні, — усё гэта павінна не перашкаджаць, а толькі весці нас да зразумення таго, наколькі багатаю і разнастайнаю з’яўляецца наша рэчаіснасць. Экуменізм — гэта адметная з’ява ў сучасным свеце; гэта рух, скіраваны на дыялог розных канфесій, які дае магчымасць і рэальныя шанцы на аб’яднанне хрысціянаў, як гэтага прагнуў сам Езус Хрыстус: «Каб усе былі адно (...), каб свет паверыў, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21). Невыпадкова Другі Ватыканскі Сабор прысвяціў шмат увагі праблеме адзінства паміж хрысціянамі розных канфесій. Выразам гэтай заклапочанасці Айцоў Сабору стаў Дэкрэт пра экуменізм, у якім асаблівая ўвага была звернута на біблейскі і літургічны рухі, а таксама на абвяшчэнне слова Божага. Божае Слова вышэй за ўсялякія чалавечыя падзелы. Святое Пісанне было даверана ўсяму Касцёлу і таму з’яўляецца супольным дабром хрысціянства. З яго Касцёл заўсёды чэрпае жыццядайную сілу. Таму Айцы Сабору асабліва падкрэслілі ў Дэкрэце пра экуменізм, што «Святое Пісанне з’яўляецца ў дыялогу дасканальным інструментам ва ўсемагутнай руцэ Божай дзеля дасягнення адзінства, якое Збаўца вызначае ўсім людзям» (UR, 21.). Біблія з’яўляецца супольным дабром усяго хрысціянства. Менавіта да яе мы звяртаемся, калі прагнем пераадолець згубныя наступствы падзелу. Біблія — гэта Слова Бога, якое яднае вернікаў вакол асобы Яго Сына, Уцелаўлёнага Слова. Сёння, нягледзячы на адрозненні, што нас падзяляюць, мы можам стаць разам вакол стала Божага Слова, каб, услухоўваючыся ў яго, рабіць крокі насустрач адзін аднаму. Біблейскае экуменічнае апостальства, пра якое ішла гаворка ў дакументах Сабору, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў стала своеасаблівым мастом паміж рознымі канфесіямі. Менавіта гэты рух супольнымі намаганнямі католікаў, праваслаўных і пратэстантаў арганізаваў міжканфесійныя курсы, сімпозіумы, біблейскія нядзелі і цэлыя тыдні, прысвечаныя больш глыбокаму вывучэнню Бібліі. З’яўляюцца супольныя каментары і іншыя апрацаванні тэкстаў Святога Пісання, распаўсюджваюцца Біблія і біблейская літаратура. Існуе шмат магчымасцяў для супольнай працы ў галіне абвяшчэння Евангелля, што спрыяе аб’яднанню падзеленага Хрыстовага Касцёла. Сёння гэта становіцца душпастырскім заклікам да ўсіх Цэркваў і царкоўных супольнасцяў. Узгадаем словы Яна Паўла ІІ, які ў сваёй энцыкліцы Ut unum sint пісаў, што экуменізм з’яўляецца адным з душпастырскіх прыярытэтаў Касцёла і вызначальнікам хрысціянскага сумлення. Дзякуючы экуменічнай скіраванасці нашае хрысціянства можа станавіцца больш поўным і ўнутрана ўзбагачацца (Ut unum sint, 31; 34.). У справе адбудовы адзінства хрысціянаў вельмі важным з’яўляецца сведчанне, якое вернікі даюць сваім уласным жыццём. Прымаючы выклік сучаснага секулярызаванага свету, хрысціяне павінны зрабіць усё магчымае, каб разбурыць муры падзелаў і пераадолець перашкоды для абвяшчэння Евангелля Збаўлення праз Крыж Хрыста (Ut unum sint, 2.). З часоў Другога Ватыканскага Сабору ідучы па шляху экуменічнага пошуку, Каталіцкі Касцёл адчувае сваё пакліканне да евангельскага аднаўлення і пакаяння, а разам з тым дзякуе Хрысту за шчодры дар святасці і не жадае для сябе нічога, акрамя свабоды абвяшчаць Евангелле. Ян Павел ІІ у энцыкліцы пра экуменізм нагадвае, што сам Езус у хвіліну сваёй Му2кі маліўся, «каб усе былі адно» (Ян 17, 21). З гэтага вынікае абавязак садзейнічаць адзінству хрысціянаў, а таксама адказнасць перад Богам усіх, хто праз хрост стаў Целам Хрыста, за захаванне гэтага адзінства, бо падзел яўна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусаю для свету і пры гэтым шкодзіць справе абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню. Святы Айцец навучае, што «справа экуменізму павінна грунтавацца на навяртанні сэрцаў і на малітве» (Ut unum sint, 2.). Навяртанне сэрца і святасць жыцця ў спалучэнні з публічнымі і прыватнымі малітвамі за адзінства хрысціянаў — гэта душа ўсяго экуменічнага руху. Гэта тое, што Ян Павел ІІ называў «духоўным экуменізмам» (Ut unum sint, 21.). Ён падкрэсліваў, што любоў з’яўляецца самым глыбокім жыццядайным струменем працэсу аб’яднання. А любоў знаходзіць найбольш поўны выраз у супольнай малітве. Будзем жа трывалыя ў малітве і даручым справу адзінства хрысціянаў Найсвяцейшай Панне Марыі. Яна — Маці Божая і Вобраз Касцёла, духоўная Маці, якая заступаецца за вучняў Хрыста і за ўсё чалавецтва. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Круцыята вызвалення чалавека
09.07.2008 14:02
Круцыята вызвалення чалавека была створана ксяндзом Францішкам Бляхніцкім у адказ на заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ напачатку яго пантыфікату: «Прашу вас супрацьстаяць усяму, што пагражае годнасці чалавека і парушае добрыя звычаі грамадства». Круцыята вызвалення чалавека была ўрачыста аб’яўлена ў прысутнасці Святога Айца, прысвечаная яму і благаслаўлёная ім падчас першай пілігрымкі ў Польшчу ў 1979 годзе. У Святым Пісанні гаворыцца, што для таго, каб рабіць вялікія справы, патрэбны вялікія ахвяры, вялікія вырачэнні, а хрысціянін створаны для велічы на ўзор Хрыста, нашага Настаўніка. Галоўная апякунка Круцыяты — Беззаганная Марыя Маці Касцёла. Для членаў Круцыяты вызвалення чалавека прыкладам адвагі з’яўляецца святы Максімільян Кольбэ, які вучыць аддаваць жыццё за братоў. Вялікім аўтарытэтам з’яўляецца святы Ян Хрысціцель, які захоўваў поўнае ўстрыманне ад алкаголю, «не піў віна і хмяльнога напою». Круцыята вызвалення чалавека яднае ў сваіх шэрагах поўных абстынентаў, гэта значыць тых, хто поўнасцю ўстрымліваецца ад ужывання спіртнога. Яна імкнецца да таго, каб у імя любові да Беззаганнай заахвоціць як мага больш людзей да поўнай і дабравольнай адмовы ад ужывання алкаголю як напою, у розных формах і ў любой колькасці. Пад гэтае азначэнне не трапляе ўжыванне алкаголю з іншымі намерамі, напрыклад, як лякарства або ў літургічных мэтах. З такога азначэння абстыненцыі вынікае, што размова тут ідзе не пра змаганне з самім алкаголем, але пра змаганне са звычаем піцця алкагольных напояў. Круцыята вызвалення чалавека прапагандуе дабравольнае ўстрыманне, кіруючыся звышнатуральнымі і грамадскімі матывамі, галоўным чынам таму, што лічыць гэта эфектыўным сродкам для дасягнення мэты — пераадолення грамадскага бедства алкагалізму. «Пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32). Езус Хрыстус, наш Пан і сябра, прагне нашай сапраўднай свабоды, якая з’яўляецца таксама свабодаю ад граху. Алкаголь жа, як ведаем, цалкам знявольвае і таго, хто п’е яго, і яго акружэнне. Жонка, дзеці, сябры, калегі па працы закрануты гэтаю няволяю. Святы Айцец Ян Павел ІІ на адной з аўдыенцый у Ватыкане сказаў: «Чалавек не можа быць сабою, не годны свайго імя, калі не здольны сказаць сабе „не“». У нашай беларускай рэчаіснасці ўсё больш адчуваецца неабходнасць цвярозасці. Больш за тое, поўнае ўстрыманне мае вялікае практычнае значэнне ў барацьбе з алкагалізмам як неабходны сродак для ратавання алкаголікаў. У нас з’яўляецца ўсё больш груп анананімных алкаголікаў і груп сем’яў алкаголікаў. Гэтыя групы дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці. Але мы павінны весці барацьбу з прычынаю зняволення, а не толькі з яго наступствамі. Сёння навукова ўстаноўлены факт, што алкаголік можа быць выратаваны ад залежнасці толькі пры ўмове, што стане поўным абстынентам да канца жыцця. Аднак, каб алкаголік — як правіла чалавек са слабой воляй — мог вытрываць у гэтым рашэнні поўнасцю ўстрымлівацца ад алкаголю, ён павінен знайсці маральную падтрымку ў дабравольных абстынентах з моцнай воляй, якія карыстаюцца павагаю іншых людзей, ён павінен трапіць у асяроддзе, дзе поўнасцю ўстрымліваюцца ад ужывання алкаголю ці, прынамсі, у асяроддзе, дзе прысутнасць аднаго або некалькіх абстынентаў зламала паўсюдны таварыскі прымус піць. Адсюль вынікае патрабаванне поўнага дабравольнага ўстрымання ад алкаголю, прынятага з думкаю аб ратаванні бліжніх, якія з’яўляюцца ахвярамі залежнасці, а значыць, з матываў любові да бліжняга. З гэтага пункту гледжання абстыненцыя, або поўнае ўстрыманне ад алкаголю, выступае як неабходны састаўны элемент выратавальнай акцыі на карысць алкаголікаў і як учынак хрысціянскай любові да бліжняга. Абстыненцыя мае таксама вялікае значэнне з пункту гледжання супрацьалкагольнай прафілактыкі, асабліва ў адносінах да дзяцей і моладзі. Захоўванне дзяцей і моладзі ў поўным устрыманні ад алкаголю на працягу як мага большага часу — прынамсі, да васемнаццацігадовага ўзросту (абяцанне поўнага ўстрымання ад алкаголю з нагоды Першай Камуніі) — гэта адзін з пастулатаў выхавання, вартасць і неабходнасць якога сёння ніхто з разумных людзей не аспрэчвае. Аднак рэалізаваць гэты пастулат будзе практычна немагчыма, калі моладзь не будзе бачыць на кожным кроку прыкладаў поўнага ўстрымання ад алкаголю выхавацеляў і іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення, асабліва тых, хто для маладых людзей з’яўляецца прыкладам і аўтарытэтам. Калі ж у вачах моладзі піццё алкаголю будзе лічыцца тым, што дазваляецца «толькі дарослым», то менавіта з гэтай прычыны яно стане захапляльнаю і прывабнаю справаю. Поўнае ўстрыманне ад алкаголю эфектыўна пераадольвае прычыны алкагалізму і асабліва алкагольныя звычаі, якія паўсюдна пануюць у таварыскім жыцці з розных нагодаў: хрост, вяселле, пахаванне. Хрысціянін не пагаджаецца з такімі звычаямі. Алкагольныя звычаі — гэта галоўная апора алкагалізму. Пакуль яны пануюць, не можа весціся размова пра ратаванне алкаголікаў і пра засцеражэнне наступных пакаленняў ад алкагольнай залежнасці. Сучасны алкагалізм нельга перамагчы без поўнай абстыненцыі. Сёння хрысціяне павінны пачаць ствараць новыя звычаі: сустрэча Новага года без алкаголю, хрост без алкаголю, вяселле без алкаголю, пахаванне без алкаголю. Мы гэта можам і павінны зрабіць. Круцыята вызвалення чалавека прапагандуе поўную абстыненцыю таксама з пункту гледжання на яе выхаваўчаю вартасць. Устрыманне ад алкаголю з’яўляецца дасканалым сродкам фармавання цноты ўстрымання, сілы волі і характару, а перадусім такіх патрэбных цяпер самастойнасці і маральнай адвагі, якія дазваляюць ісці насуперак грамадскай думцы і паўсюдным звычаям. Толькі такія людзі, якія дзеля ратавання бліжніх і народу ад бедства алкагалізму адважацца на асабістую ахвяру адмовы ад алкаголю і якія самі вызваляцца ад усялякага роду алкагольных забабонаў і зоймуць бескампрамісную пазіцыю адносна алкагольных звычаяў, — толькі яны здольныя весці барацьбу і стварыць актыўны, ваяўнічы і пераможны супрацьалкагольны рух. Таму давайце ўжо сёння пачнём ствараць пры парафіях клубы абстынентаў для дзяцей, моладзі, дарослых; вернемся да практыкі даваць абяцанні поўнага ўстрымання ад алкаголю на розныя тэрміны. З Божаю дапамогаю і заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі мы можам змяніць гэтыя згубныя для нашага народу алкагольныя звычаі. Трэба толькі пачаць дзейнічаць ужо сёння, а не заўтра, памятаючы словы святога апостала Паўла: «Усё магу ў Тым, Хто ўзмацняе мяне» (Філ 4, 13). Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Салезіянская пілігрымка евангелізацыі
09.07.2008 14:01
Сярод мноства евангелізацыйных рухаў у Каталіцкім Касцёле ўжо некалькі дзесяткаў гадоў існуе маладзёжны рух пад назваю «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі». Ідэя стварэння евангелізацыйнага руху ўзнікла ў дні пілігрымкі моладзі ў 1991 годзе на Ясну Гуру, дзе адбывалася VІ сустрэча маладых людзей з усяго свету з Янам Паўлам ІІ. Святы Айцец аб’явіў дэвізам сустрэчы на 1992 год: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле». Гэтыя словы з Евангелля святога Марка сталі закваскай для стварэння супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі». Гэтыя супольнасці ўтварыліся, дзякуючы натхненню Духа Святога, які абуджае ў чалавеку жаданне евангелізаваць сябе і іншых, каб потым праз супольную фармацыю больш дзейсна і плённа выходзіць з Добраю Навінаю пра Езуса ў школы, на вуліцы, шпіталі, турмы і інш. Супольнасці «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» існуюць і працуюць пры розных парафіях і манаскіх дамах, яны адчыненыя для ўсіх маладых людзей і хочуць служыць усім, каму да спадобы справа евангелізацыі. Апекунамі руху з’яўляюцца Найсвяцейшая Панна Марыя, заснавальнік закону салезіянаў святы Ян Боско і заснавальніца Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў святая Марыя Дамініка Мадзарэло. Супольнасць «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» будуе і ажыўляе выхаваўчы вопыт святога Яна Боско — духоўнага кіраўніка ўсяго руху. Яго прапанова ўзрастаць у накірунку паўнаты жыцця і дасканалення ў любові з’яўляецца заклікам для моладзі. У духу радасці, адкрытасці, сяброўства і супакою, які спадарожнічаў святому, удзельнікі руху жадаюць фармаваць сваё маладое жыццё і праз гэта яны хочуць быць апосталамі новай евангелізацыі, да якой заклікаў моладзь Слуга Божы Ян Павел ІІ. У гэтым духу яны хочуць перажываць новае жыццё ў Хрысце як дар і абавязацельства. Таму члены руху павіны прыняць уласнае жыццё і адкрыцца на Бога — наблізіцца да Хрыста і прыняць Пана жыцця, быць у супольнасці з Ім, а таксама адчуць заклік да святасці і служэння іншым, гэта і будзе канкрэтнай евангелізацыйнай дзейнасцю. Святы Ян Боско пакінуў сваім духоўным дзецям сур’ёзнае абавязацельства, каб яны сталі вестунамі новага жыцця ў Хрысце, пасланнікамі дабрыні і супакою ў служэнні іншым маладым людзям. Стыль духоўнага жыцця супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» характарызуе прастата ў жыцці і давер. Дух святога Яна Боско надае гэтым супольнасцям атмасферу радасці, аптымізму і надзеі. Ян Боско — гэта «святы радасці», для яго святасць заключаецца ў тым, каб быць радасным. У натуру чалавека ўпісана пілігрымаванне. Кожны з нас знаходзіцца ў дарозе. У Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі і праз Яго — нашу дарогу, праўду і жыццё — пілігрымамі да дому Айца. Пілігрымка — гэта цяжар вандроўкі, які вынікае з духа веры як сведчанне пілігрымуючага Касцёла. Углядаючыся ў Марыю, Слугу Пана, якая ў пілігрымцы веры перажывала асаблівую сустрэчу з Богам, і ў святога Яна Боско, які вандраваў з моладдзю ў святыя мясціны, маладыя пілігрымы прагнуць падчас цяжару вандроўкі аднавіць сваю сувязь з Богам, усвядоміць жывую прыналежнасць да супольнасці Касцёла, а праз малітву і сакрамэнты здабыць супакой і Божую любоў у сабе, каб потым абвяшчаць гэта бліжнім. Час вандроўкі праз сведчанне і слова з’яўляецца абвяшчэннем Езуса Хрыста. Гэта простая і дзейсная форма евангелізацыі. Евангелізаваць — гэта значыць, перш за ўсё, звычайна і проста сведчыць пра Бога, аб’яўленага Езусам Хрыстом. Евангелізацыя дае пачатак нашаму асабістаму навяртанню. Толькі той будзе цалкам евангелізаваным, хто сам евангелізуе. Падчас пілігрымавання — гэтых своеасаблівых «рэкалекцый у дарозе» — пілігрымы шчыра жадаюць, каб пасялілася ў іх сэрцах ласка ўнутранай перамены і ласка евангелізацыі, гэта значыць паклікання да абвяшчэння Добрай Навіны. Сам Хрыстус Пан адорвае ўдзельнікаў руху гэтым жаданнем, і тады евангелізацыя ў «Салезіянскай пілігрымцы евангелізацыі» становіцца «перацяканнем любові», а евангелізацыйны запал вынікае з сапраўднай святасці жыцця. Першачарговаю мэтаю існавання супольнасці з’яўляецца жаданне рэалізаваць паліканне кожнага хрысціяніна да святасці праз паглыбленне жывой веры ў Езуса Хрыста і прыняцце Яго як асабістага Пана і Збаўцу. Сярод мэтаў руху называюць адказнасць у вызнаванні каталіцкай веры, што праяўляецца ў перадачы праўды пра Хрыста (евангелізацыя, абвяшчэнне Добрай Навіны), а таксама ўдзел у моладзевых супольнасцях і прысутнасць у асяроддзі маладых, служэнне на карысць выхавання маладога чалавека як добрасумленнага грамадзяніна і добрага хрысціяніна. У супольнасці «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» рэалізуецца выхаванне да евангелізацыі праз малітву, сакрамэнты і разважанне Божага слова, фармаванне глыбокага ўсведамлення каранёў веры і гатоўнасці абараняць хрысціянскія каштоўнасці, праз развіццё ў моладзі свядомасці таго, што неабходна сведчыць на кожным месцы і ў любой сітуацыі, праводзіць евангелізацыю на тэрыторыі парафіі, у школах, шпіталях, у дзіцячых дамах, турмах, а таксама на вуліцах. Дар руху «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» заключаецца ў тым, што ўдзельнікі маюць магчымасць на ўласным вопыце спазнаць, што евангелізацыя сапраўды ёсць Добраю Навінаю, што Бог ўваходзіць у жыццё маладога чалавека і прыносіць з сабою сапраўдную радасць, што Хрыстус вельмі любіць маладых людзей. З гэтага вопыту асабістай сустрэчы з Хрыстом — Панам жыцця — нараджаецца заданне: несці гэтую Добрую Навіну іншым. Падчас евангелізацыі праз малітву, абвяшчэнне Божага слова, спевы, пантаміму, тэатральныя пастаноўкі, праявы радасці, праз размовы маладыя пілігрымы нясуць Хрыста свету, які памірае ў безнадзейнасці, у роспачы і страху, нясуць свету, згаладаламу па любові, тую любоў, якую спазнаюць самі. Найбольшаю таямніцаю евангелізацыйных рухаў з’яўляецца тое, што Бог сам выбірае слабых і грэшных людзей, людзей нягодных і малых і, здзяйсняючы навяртанне ў іх сэрцах, пасылае іх абвяшчаць добрую навіну аб збаўленні ў Хрысце. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Таварыства добрай смерці
09.07.2008 14:00
У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем, што апошнімі рэчамі чалавека з’яўляюцца смерць, Божы суд, неба або пекла. Усімі магчымымі спосабамі людзі імкнуцца адцягнуць момант смерці, бо ў чалавеку ёсць прыроджанае жаданне жыць і страх перад неабходнасцю адысці з гэтага свету. Людзі, асабліва сучасныя, не хочуць нават думаць пра смерць. Між тым, статыстыка падае, што па ўсім свеце павялічваецца колькасць выпадкаў раптоўнай смерці, смерць збірае ўсё большае жніво падчас няшчасных выпадкаў, прыродных катаклізмаў і палітычных канфліктаў. Усе гэтыя з’явы павінны схіліць чалавека да разважання аб мізэрнасці зямнога недаўгавечнага жыцця, аб марнасці справаў гэтага свету, якія так мала трываюць, аб канчатковай мэце чалавечай душы, а таксама аб тым, каб у кожную хвіліну быць падрыхтаваным да смерці. Кожны крок у жыцці — гэта крок у накірунку смерці. Смерць, перадусім блізкіх нам людзей, абуджае ўнутранае супраціўленне і ставіць цяжкія пытанні аб сэнсе чалавечага жыцця, якое хутка прамінае. Таямніцу смерці можа раскрыць толькі вера. Для людзей веры праўда аб смерці не павінна быць трагічнай. Хрыстус паказаў, што смерць — не трагедыя, а пераход да іншага жыцця. «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25–26). Хоць мы любім жыццё, усё ж смерці не пазбегнем. Свет і зямное жыццё з’яўляюцца толькі памостам, па якому мы пераходзім у вечнасць. Святая Тэрэза ад Езуса кажа: «Памятай, што ў цябе толькі адна душа, і калі ты гэтую адзіную душу згубіш, у цябе не будзе іншай, якую ты мог бы збавіць». У самыя цяжкія хвіліны мы шукаем паратунку ў Марыі, якая з’яўляецца для свету «Апякункай і Маці добрай смерці». З гэтай мэтай Касцёл устанавіў і зацвердзіў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці, якое называюць таксама Апостальствам добрай смерці і якое цесна звязана з культам Маці Божай Балеснай. Культ Маці Божай Балеснай мае сваё глыбокае абгрунтаванне ў Евангеллі, асабліва ў Евангеллі ад святога Лукі (пар. Лк 2, 33–35) і Евангеллі ад святога Яна (пар. Ян 19, 25–27), а таксама ў вучэнні Айцоў Касцёла і святых. Да росквіту гэтага культу асаблівым чынам прычынілася Кангрэгацыя сэрвітаў, заснаваная ў XIII стагоддзі. Шматлікія брацтвы для ўшанавання Маці Божай Балеснай, якія ўзнікалі ў той час, падтрымліваліся аўтарытэтам Касцёла. Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці ў цяперашняй яго форме было зацверджана Папам Піем X у 1908 г. Гэты Папа надзяліў Таварыства шматлікімі прывілеямі і адпустамі, а таксама надаў яму універсальны характар, пашыраючы сферу яго дзейнасці на ўвесь Касцёл. Таварыства было аддана асаблівай апецы Маці Божай ад Сямі Болесцяў і святому Юзафу — двум вялікім апекунам добрай смерці. Члены Таварыства сваімі малітвамі і ахвярамі жадаюць выпрасіць для верных католікаў трыванне ў асвячальнай ласцы, для рэлігійна абыякавых і грэшнікаў — ласку навяртання, для ўсіх — добрую і святую смерць. Рэалізуючы гэтую мэту, асобы з Таварыства часта скіроўваюць свае думкі да вечнасці і стараюцца пазбягаць граху, каб быць падрыхтаванымі да смерці ў любую хвіліну; практыкуюць асаблівае набажэнства да Маці Божай Балеснай і святога Юзафа; маюць удзел у заслугах, якія вынікаюць з супольных малітваў усіх членаў Таварыства; удзельнічаюць у прывілеях і ласках, якія з’яўляюцца плёнам святых Імшаў, што адпраўляюцца кожны дзень у іх інтэнцыях. У кожную суботу і апошнюю нядзелю месяца ў галоўнай рэзідэнцыі Таварыства ў Францыі адпраўляецца святая Імша ў інтэнцыях Апостальства добрай смерці. Для таго, каб дапасавацца да ўсіх вернікаў, да кожнага стану жыцця, Таварыства дапускае тры ступені. Гэта дае магчымасць уступіць у яго кожнаму чалавеку, без выключэння. Першая ступень прадугледжвае выказванне асабістай згоды і запіс у Кнігу таварыства, што раўназначна адданню сябе ў апеку Маці Божай Апякункі добрай смерці. На другой ступені прадугледжаны запіс у Кнігу і прыняцце на сябе абавязацельства маліцца кожны дзень раніцай і вечарам тры «Вітай, Марыя» з дадатковай малітвай у канцы: «Маці Божая, Апякунка добрай смерці, маліся за нас! Святы Юзаф, маліся за нас». Асобы, якія належаць да трэцяй ступені, адгаворваюць малітву, вызначаную для другой ступені, а таксама робяць штодзённы рахунак сумлення, акрамя таго, раз у месяц (напрыклад, у першую пятніцу ці першую суботу месяца) прыступаюць да сакрамэнтаў паяднання і Эўхарыстыі. Для іх таксама прадпісана хаця б кароткая хвіліна цішыні для разважання над годнай падрыхтоўкай да добрай смерці. Добра было б, каб у кожнай парафіі былі створаны Таварыствы Маці Божай Апякункі добрай смерці. Члены Таварыства могуць распаўсюджваць гэтую справу сярод сем’яў у парафіі, такім чынам яны будуць дапамагаць святарам, асабліва калі гаворка ідзе пра наведванне хворых і чуванне пры паміраючых. Уступленне ў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці стане найлепшай гарантыяй добрай смерці, дзейсным заахвочваннем да добрага выкарыстання часу, які Міласэрны Бог яшчэ дае нам на гэтай зямлі. Частае разважанне пра таямніцу смерці з’яўляецца найлепшым спосабам максімальнага выкарыстання Божых ласкаў і натхненняў у нашым цяперашнім жыцці. Сёння ў Беларусі існуе рэлігійная свабода, аднак святыні перапоўненыя толькі ў вялікія святы. Усё менш дзяцей прыходзяць на катэхезу пасля Першай святой Камуніі, вернікі занядбоўваюць рэлігійныя практыкі, клапоцяцца перадусім пра дабрабыт на гэтым свеце, паддаючыся прадузятасці, трапляючы ў палон розных прыхільнасцяў і заганаў. Таму кожны хрысціянін павінен нагадаць сабе, што «добра жыць — гэта шмат, добра памерці — гэта ўсё». Найвялікшае сведчанне сапраўды хрысціянскага бачання смерці даў усім сваім жыццём і адыходам у дом Айца Нябеснага Слуга Божы Ян Павел ІІ. У сваім тэстамэнце ён напісаў: «(...) З магчымасцю смерці кожны заўсёды павінен лічыцца. І заўсёды павінен быць падрыхтаваны да таго, што стане перад Панам і Суддзёю — і адначасова перад Адкупіцелем і Айцом. Таму і я пастаянна памятаю пра гэта, давяраючы гэты рашучы момант Маці Хрыста і Касцёла — Маці маёй надзеі». Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Шанавальнікі святога Міхала Арханёла
09.07.2008 13:58
Таварыства пад назвай Апостальскі рух шанавальнікаў святога Міхала Арханёла адносіцца да малітоўных апостальскіх групаў. Да гэтага руху можа належаць кожны католік пасля адпаведнай падрыхтоўкі, якая працягваецца ад 3 да 6 месяцаў, а таксама заяўлення аб сваёй гатоўнасці спаўняць абавязкі членаў таварыства. Мэтай гэтага таварыства з’яўляецца імкненне да апостальскага жыцця з выкарыстаннем тых сродкаў, якія мае ў сваім распараджэнні Касцёл. З абавязкам апостальства члены таварыства спалучаюць культ святога Міхала Арханёла і Анёлаў Ахоўнікаў. Праз малітву альбо якім-небудзь іншым спосабам яны садзейнічаюць распаўсюджанню Валадарства Божага на зямлі. Дэвізам таварыства з’яўляецца кліч святога Міхала Арханёла «Хто як Бог», а таксама заахвочванне да таго, каб у жыцці кіравацца двума прынцыпамі: стрыманасць і праца. Гэтым дэвізам члены таварыства выказваюць сваё захапленне веліччу, дабрынёю і любоўю Бога, а таксама заяўляюць аб сваёй гатоўнасці належным чынам ушаноўваць Яго і нават змагацца за гэтае ўшанаванне, калі з’явіцца такая неабходнасць. У сваю чаргу, стрыманасць — гэта праява ўнутранай свабоды чалавека, які здольны пераадольваць дрэнныя схільнасці і ўсялякага роду неўпарадкаванасць, уласцівыя натуры чалавека. Побач са стрыманасцю ідзе праца ў патройным вымярэнні: духоўным, разумовым і фізічным. Дзякуючы практыкаванню так разуметых стрыманасці і працы члены таварыства самарэалізуюцца і такім чынам праслаўляюць Бога. Таварыствам апякуюцца святары з Кангрэгацыі Святога Міхала Арханёла — міхаліты. Кангрэгацыя вызначае спецыяльнага святара, які клапоціцца пра развіццё і адказвае за фармацыю таварыстваў у розных мясцовасцях. Ён таксама час ад часу праводзіць спецыяльныя рэкалекцыі — духоўныя практыкаванні для існуючых апостальскіх груп. Падчас рэкалекцый святар растлумачвае членам таварыства іх абавязкі і прывілеі і заахвочвае іх да дзейснага апостальства. Раз ці два разы на месяц адбываюцца сустрэчы таварыства. Галоўная частка сустрэчы — малітва да святога Міхала Арханёла, Анёлаў Ахоўнікаў і іншых святых. Пасля малітвы чытаецца фрагмент Евангелля, прапануецца разважанне над яго зместам і спецыяльная малітва, звязаная з прачытаным фрагментам Святога Пісання. Гэтыя малітвы прамаўляюць індывідуальна самі ўдзельнікі спаткання, завяршаючы малітоўны заклік асабістай просьбай аб патрэбных Божых ласках. Напрыканцы сустрэчы падаецца інфармацыя з жыцця Касцёла, а таксама члены таварыства заахвочваюцца да таго, каб яны бралі на сябе абавязацельствы здзяйсняць розныя апостальскія ўчынкі, напрыклад, наведванне хворых, падтрымка бедных. Таварыства імкнецца да ўзрастання колькасці членаў, якія заяўляюць аб сваёй дабраахвотнай прыналежнасці да яго, асабліва, каб у яго шэрагі ўступала моладзь і дзеці. Такім чынам таварыства жадае ажывіць сваю дзейнасць і абараніць дзяцей ад небяспекі сапсаванасці. У гэтым пастулаце крыецца заклік да рэлігійнага выхавання і дабрадзейнага жыцця з дзіцячых гадоў. Таварыства кіруецца ўласным Статутам, які распрацаваны ксяндзамі-міхалітамі. Паводле Статута абавязкамі членаў таварыства з’яўляюцца цнатлівае жыццё ў сяброўстве з Богам, развіццё культу святога Міхала Арханёла і Анёлаў Ахоўнікаў, штодзённае адгаворванне вызначаных малітваў, клопат пра развіццё пакліканняў да святарства і манаскага жыцця, удзел у апостальскіх працах пры сваёй парафіі, аказанне ўзаемнай дапамогі членам таварыства і спачуваючым, клопат пра яго колькаснае развіццё, удзел у рэкалекцыях таварыства і складанне раз у год адпаведнага ахвяравання на мэты таварыства. Члены таварыства адораны таксама выключнымі прывілеямі. Яны маюць удзел у духоўных дабротах кангрэгацыі ксяндзоў-міхалітаў, асаблівым чынам карыстаюцца плёнам спецыяльных святых Імшаў у іх інтэнцыях. Праз удзел у супольных малітвах шанавальнікі святога Міхала Арханёла паглыбляюць духоўную лучнасць з Богам і Анёламі і перажываюць таямніцу свайго жыцця як служэнне Богу. За памерлых членаў руху ў месяцы лістападзе ксяндзы-міхаліты адпраўляюць спецыяльную святую Імшу. Святыя Імшы адпраўляюцца таксама пры атрыманні звестак аб смерці членаў таварыства. Дзейнасць гэтага руху вельмі плённая для сучаснага Касцёла. Гэтая дзейнасць у цяперашнія часы, калі ўзяць пад увагу ўзмоцненую актыўнасць дэманаў, з’яўляецца як мага больш пажаданай. У розных дыяцэзіях Каталіцкага Касцёла ўзнікае неабходнасць таго, каб вернікі вярнуліся да адгаворвання малітвы, складзенай Папам Львом XIII, з просьбай аб дапамозе святога Міхала Арханёла ў барацьбе са злымі духамі. Развіццё таварыстваў і каталіцкіх рухаў шанавальнікаў святога Міхала Арханёла мае асаблівыя падставы ў Касцёле на Беларусі. Святары і вернікі, перажываючы адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, прасілі Святога Айца Яна Паўла ІІ, каб ён абвясціў святога Міхала Арханёла апекуном мясцовай касцёльнай правінцыі. Папа ўчыніў гэта і дазволіў, каб дзень святога Міхала на Беларусі адзначаўся як свята. Да гэтага свята вернікі рыхтуюцца, молячыся спецыяльныя навэнны. У гэтых абставінах развіццё таварыстваў святога Міхала сярод нас становіцца вельмі пажаданым. Таварыства святога Міхала ў парафіі можа складацца з групы вернікаў, якія прасякнуты ідэяй асабістай святасці. Чым больш будзе дзейнічаць такіх малітоўных групаў, тым менш будзе сярод нас людзей, якія грашаць. Няхай гэтыя разважанні пасадзейнічаюць стварэнню такіх апостальскіх групаў, каб яны былі для ўсіх вернікаў дзейснай дапамогай на шляху збаўлення. Малітва-экзарцызм Папы Льва XIII да святога Міхала Арханёла Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа, — пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а Ты, князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн. Марыя, Каралева Святых Анёлаў, маліся за нас! Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Шанштацкая справа сем’яў
09.07.2008 13:57
Глыбокія і імклівыя перамены, якія адбыліся ў апошнім стагоддзі як у грамадскай, так і ў культурнай сферах, сталі прычынаю няўпэўненасці і разгубленасці многіх сем’яў. Сярод паўсядзённасці хрысціянскія сужэнцы затрымліваюцца на пасрэднасці, не заўважаючы вялікага багацця ласкі, якое нясе з сабою заключэнне сакрамэнтальнага сужэнскага саюза. Таму з’явілася вострая неабходнасць душпастырскага клопату Касцёла, а таксама належнай і поўнай сужэнскай фармацыі, каб сужэнцы былі тым, кім павінны быць згодна з Божай задумай. Другі Ватыканскі Сабор шмат увагі прысвяціў тэматыцы сужэнства як спецыфічнага шляху да святасці. У дакументах Сабору чытаем: «Для ўсіх зразумела, што ўсе хрысціяне, якое б сацыяльнае становішча і прафесію яны не мелі б, пакліканыя да поўні хрысціянскага жыцця і да дасканаласці ў любові». Дакументы Касцёла апошніх гадоў указваюць на «недамаганні» сучаснай сям’і. «Сёння сям’я, — піша Ян Павел ІІ, — знаходзіцца пад уплывам вялікіх, глыбокіх і імклівых грамадскіх і культурных пераменаў. Многія сем’і перажываюць гэта, захоўваючы вернасць тым каштоўнасцям, якія складаюць фундамент інстытута сям’і. Іншыя — аказаліся ў стане няўпэўненасці і разгубленасці адносна сваіх заданняў, а часам нават засумняваліся і амаль страцілі ўсведамленне праўдаў пра сужэнскае і сямейнае жыццё і іх канчатковае значэнне. А іншыя, у выніку спазнаных несправядлівасцяў, сутыкаюцца з перашкодамі ў выкарыстанні сваіх асноўных правоў». Ян Павел ІІ звяртаецца да гэтай праблемы таксама ў Лісце да сем’яў. «Не раз бывае цяжка супраціўляцца перакананню ў тым, — піша Папа, — што робіцца ўсё, каб тое, што з’яўляецца „неналежнай сітуацыяй“, што пярэчыць „праўдзе і любові“ ва ўзаемаадносінах паміж мужчынамі і жанчынамі, што разбівае еднасць сем’яў, не зважаючы на сумныя вынікі, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей, — каб усё гэта паказаць як „належнае“ і прывабнае, надаючы яму знешнюю захапляльнасць. Такім чынам заглушаецца чалавечае сумленне, дэфармуецца тое, што сапраўды добрае і прыгожае, а чалавечая свабода прыносіцца ў ахвяру сапраўднаму зняволенню». Для таго, каб каталіцкае сужэнства магло споўніць сваё пакліканне да святасці ў сённяшнім свеце, безумоўна, неабходна выпрацаваць новую мадэль, пра якую Папа Ян Павел ІІ гаварыў у сваёй гаміліі да сем’яў падчас пілігрымкі ў Польшчу. Гэта мадэль Аркі Запавету з Богам у Хрысце. Да выпрацавання такой мадэлі сужэнства як Аркі Запавету звяртаецца ў сваіх духоўных прынцыпах Марыйны апостальскі рух з Шанштата, заснаваны 18 кастрычніка 1914 года Слугой Божым ксяндзом Ёзафам Кэнтэніхам. У Марыйным апостальскім руху з Шанштата, які названы па месцы ўзнікнення Шанштацкім рухам, асаблівае месца займае сям’я. Мэтай руху з’яўляецца маральна-рэлігійнае аднаўленне свету праз выхаванне з дапамогай Маці Божай новага чалавека ў новым хрысціянскім грамадстве. Дасягненне апостальскай мэты руху заснавальнік звязваў з аднаўленнем хрысціянскай сям’і. Гэта праяўляецца ў тым, што Шанштацкі рух распрацаваў для сем’яў марыйную духоўнасць і дзякуючы адпаведнай фармацыі рух садзейнічае развіццю і будаванню моцных сямейных сувязяў. Ідэя «новага чалавека і новага грамадства», пра якую кажа айцец Кэнтэніх, мае свае біблейскія падставы: «Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне» (2 Кар 5, 17). Гэты ідэал асабліва бачны ў выпадку сакрамэнтальнага сужэнства. Для членаў Шанштацкага руху асновай духоўнасці з’яўляюцца марыйная фармацыя, імкненне да святасці ў штодзённым жыцці, а таксама шлях духоўнай дзіцячасці. Разглядаючы сужэнства як адзін з шляхоў імкнення да хрысціянскай дасканаласці, Шанштацкі рух прапануе марыйную фармацыю, якая абапіраецца на Запавет любові з Маці Божай Тройчы Дзівоснай. Марыйная фармацыя ў Шанштацкім руху скіравана на сфармаванне марыйнага стылю жыцця асобы — новага чалавека — у апоры на моцны фундамент, якім з’яўляецца не нейкая ідэя, а асоба Езуса Хрыста. Крыніцай выхавання новага чалавека ў Шанштацкім руху з’яўляецца сапраўдная любоў да Маці Божай. Марыя, будучы прыкладам новага чалавека, з’яўляецца адначасова яго Выхавальніцай. Таму: «Марыя ідзе праз свет як вялікая Выхавальніца людзей. Яна жадае ўсюды нанава нараджаць Хрыста і такім чынам ратаваць хрысціянскую індывідуальнасць, якая знаходзіцца пад пагрозай, разбураны парадак свету і чалавечае грамадства». Марыя, якую ў Шанштацкім руху ўшаноўваюць як Маці Тройчы Дзівосную, асаблівым чынам спаўняе гэтае заданне з Шанштацкага санктуарыя. Праз даверлівае прысвячэнне і даручэнне сябе Марыі, а праз Яе — Богу, адбываецца выхаванне хрысціянскай індывідуальнасці. Марыйнае выхаванне запэўнівае сувязь з Марыяй, якая ў выніку вядзе да глыбокай сувязі з Богам Айцом, Хрыстом і Духам Святым. Сужэнцы, якія прымаюць рашэнне належаць да Справы сем’яў, заключаюць з Маці Божай Тройчы Дзівоснай Запавет любові. Моцаю гэтага запавету яны становяцца раўнапраўнымі партнёрамі запавету любові, які існуе паміж імі, і як адна супольнасць становяцца партнёрамі запавету з Богам. З гэтага запавету вынікае для іх заданне нястомна ўдасканальваць сваю любоў і будаваць сваю непаўторную сувязь з Богам. Запавет Любові ў Шанштацкім руху мае глыбокія карані ў біблейскім запавеце Бога з чалавецтвам. «У гісторыі збаўлення Бог ёсць Богам Запавету», — кажа айцец Кэнтэніх. Запавет любові, як і запавет усіх хрысціянаў, чэрпае сваю духоўную моц са святога хросту і на яго абапіраецца. Таму што сэнсам і мэтай Запавету любові з’яўляецца жывы запавет са Святой Тройцай. Паводле задумы айца Кэнтэніха сям’я была цэнтральнай супольнасцю, якой павінен быў служыць заснаваны ім Шанштацкі рух. Гаворачы пра заснаванне Справы сем’яў, ён усведамляў, што якімі будуць сем’і, такім будзе ў будучыні вобраз Касцёла і грамадства. Ён заахвочваў да мабілізацыі ўсіх сіл у накірунку арганізацыі руху, які прапагандаваў бы ідэал каталіцкага сужэнства, згоднага з задумаю Бога, і паказваў яго свету. На думку заснавальніка, Шанштацкая справа сем’яў рэалізуе мэту ўсяго Шанштацкага руху — новы чалавек і новае грамадства, — імкнучыся сфармаваць новы вобраз айца, маці і дзіцяці. Аднак для таго, каб сфармаваць новы вобраз сям’і, неабходна належным чынам разумець сам сакрамэнт сужэнства. Ідэал адноўленай хрысціянскай духоўнасці айцец Кэнтэніх бачыў у Назарэцкай Сям’і. Святая Сям’я з Назарэта стала для яго натхненнем да заснавання такой супольнасці, якая была б здольнай сфармаваць у сваіх шэрагах новы вобраз мужчыны-айца і новы вобраз жанчыны-маці. Прыклад гэтага «новага чалавека» ён бачыў у Марыі — новай Еве. Марыйная фармацыя ў Шанштацкім руху павінна дапамагчы сужэнцам у стварэнні «новай супольнасці», сфармаванай па прыкладзе таямніцы Святой Тройцы. У сакавіку 1942 года айцец Кэнтэніх апынуўся ў лагеры Дахаў. Падчас зняволення яго не пакідаюць думкі пра далейшую апостальскую працу. Павольна даспяваў план заснавання Справы сем’яў. У свята Маці Божай з гары Кармэль 16 ліпеня 1942 года айцец Кэнтэніх у Дахаў прыняў Акт запавету любові, які склаў адзін са зняволеных у лагеры, такім чынам быў пакладзены пачатак Справе сем’яў. Пасля заканчэння вайны і вяртання ў Шанштат айцец Кэнтэніх надалей нястомна працуе над арганізацыяй Справы сем’яў. Матывацыяй для яго былі распазнаваныя «знакі часу». На фоне розных гістарычных пераменаў, якія адбываліся ў свеце, заснавальнік бачыў неабходнасць змяніць таксама і тагачаснае разуменне сужэнства, сям’і і жанчыны. Аднаўлення патрабавалі таксама аўтарытэт бацькоўства і ўяўленне аб месцы дзіцяці ў сям’і. Шанштацкая справа сем’яў дапамагае сужэнцам найперш у ясным і глыбокім пазнанні маральнага парадку ў сужэнскім жыцці, каб пазней, учытваючыся ў вучэнне Настаўніцкага інстытуту Касцёла, самі сужэнцы лепей пазнавалі Божую задуму адносна святасці перадачы жыцця і адказнасці за яе. Заключаючы Запавет любові, сужэнцы імкнуцца да таго, каб не толькі ўшаноўваць Маці Божую, як прыклад, але таксама спазнаваць Яе дапамогу ў штодзённым сужэнскім жыцці. Маці Божая, найглыбей з’яднаная з Богам, уводзіць сужэнцаў у дасканалы запавет з Богам. Яны становяцца жывым санктуарыем — месцам, прысвечаным Богу. Запавет любові з’яўляецца гарантыяй для чалавечай, часта нетрывалай любові маладых. Сужэнская любоў, давераная Марыі, гэта ўжо не прыватная любоў дзвюх асобаў, яна свядома скіроўваецца імі на любоў да Бога. Прысвячэнне сябе ў Запавеце любові прадугледжвае як умову запавету імкненне да ідэалу мужчыны і жанчыны. Сужэнцы чакаюць у гэтым асаблівай дапамогі Маці Божай. Марыя, знаходзячыся найбліжэй да Хрыста, як некалі ў Кане Галілейскай, так і сёння ў Запавеце любові апярэджвае сужэнцаў у выпрошванні неабходных ласкаў у Яе Сына. Марыя, як і там, жадае сапраўднага шчасця для сужэнцаў. Для таго, каб прыняць гэты дар мацярынскага і ў той жа час выхаваўчага клопату Марыі, сужэнцы абавязуюцца ў Запавеце любові свядома працаваць над сабою праз прынясенне духоўных ахвяраў, звязаных з гэтаю працаю, якія становяцца ўкладамі ў скарбніцу ласкаў. Імкненне сужэнцаў да святасці рэалізуецца пры дапамозе пэўнай формы самавыхавання. Паступова пазнаючы Божую волю адносна саміх сябе, свайго сужэнства і сваёй сям’і, імкнуцца дасягнуць святасці. Гэта адпавядае задуме заснавальніка: «Мы не павінны гаварыць: мы хочам быць святымі, нягледзячы на тое, што жывем у сужэнстве, але мы хочам быць святымі, таму што жывем у сужэнстве». У фармацыі сужэнцаў у Шанштацкім руху важную ролю іграе хатні санктуарый. Гэта месца ў доме, прызначанае для супольнай і індывідуальнай малітвы. Дзякуючы абразам і рэлігійным сімвалам яно дапамагае адчуць прысутнасць Бога. Распаўсюджванню практыкі хатніх санктуарыяў паспрыяла вучэнне Другога Ватыканскага Сабору аб сям’і як «хатнім касцёле», дзе, як і ў Касцёле, актуалізуецца сапраўдная супольнасць з Богам. У выбраным месцы дома сям’я складае Акт запавету любові. «У гэтым пачэсным месцы» змяшчаюцца таксама знакі заключанага запавету: крыж — знак запавету Хрыста з Касцёлам як Абранніцай, а таксама абраз Маці Божай Тройчы Дзівоснай — знак шанштацкага Запавету любові. Хатні санктуарый становіцца месцам, дзе працягвае здзяйсняцца літургічны культ ушанавання Бога, які мае месца ў супольнасці Касцёла. Айцец Кэнтэніх заахвочваў развіваць рэлігійныя абрады і традыцыі, дзякуючы якім каштоўнасці веры перадаюцца з пакалення ў пакаленне. З гэтай мэтай у Шанштацкім руху акцэнтуецца асобая форма духоўнай падрыхтоўкі з нагоды асаблівых літургічных падзеяў, касцёльных святаў, марыйных урачыстасцяў, сужэнскіх і сямейных гадавінаў. Хатні санктуарый становіцца школай перадачы сужэнцамі дэпазіту веры сваім дзецям і прывучэння іх з малых гадоў да літургіі Касцёла. Значэнне хатняга санктуарыя для сужэнцаў можна акрэсліць словамі Яна Паўла ІІ, які назваў яго «прывілеяваным сродкам умацавання камуніі любові (...) і развіцця сужэнскай духоўнасці». Шанштацкі рух з’яўляецца адным са шматлікіх рухаў, якія ўзніклі ў апошні час у Каталіцкім Касцёле і якія хутка і інтэнсіўна развіваюцца ў многіх кутках свету. Дзякуючы распрацаванай духоўнасці рух эфектыўна садзейнічае цэласнай сужэнскай фармацыі, дапамагае дасягнуць святасці ў штодзённым жыцці. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Жывы Ружанец
09.07.2008 13:55
Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, найбольш вядомым у нашым рэгіёне, напэўна, з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць не менш за 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «Ружамі». Хто ж не бачыў у нашых парафіях людзей, якія аб’яднаны ў Жывы Ружанец і якія моляцца ружанцовай малітвай з вялікай адданасцю і шчырасцю? Таварыства Жывога Ружанца было заснаванае Палінай Жарыко ў Францыі ў 1826 годзе. «Самая складаная і самая цяжкая справа — зрабіць Ружанец малітваю ўсіх, — пісала яна тады, — аднак кожны чалавек можа знайсці на працягу дня некалькі хвілін, каб прачытаць дзесятку Ружанца, гэта значыць адну таямніцу». Паліна Жарыко пачала арганізоўваць групы па пятнаццаць чалавек, якія пазней былі названыя «Жывымі Ружамі». Кожны з членаў групы павінен быў адмаўляць адну таямніцу, такім чынам, усе разам штодзённа маліліся ўвесь Ружанец. Непрачытаная таямніца — гэта не грэх, а страта заслугі. Мэта Таварыства Жывога Ружанца, паводле заснавальніцы, — падтрымка праз малітву, духоўную і матэрыяльную ахвяру місійнай дзейнасці Касцёла. Справу Паліны Жарыко падтрымалі многія біскупы, а генерал закону дамініканаў далучыў Таварыства Жывога Ружанца да вялікай Дамініканскай ружанцовай сям’і, у якую ўваходзілі Ружанцовае брацтва і Вечны Ружанец. Папа Грыгорый ХVІ адобрыў Таварыства Жывога Ружанца, якое ў хуткім часе распаўсюдзілася ва ўсёй Францыі, а потым ва ўсім свеце. Праз пяць гадоў Паліна Жарыко пісала: «Колькасць людзей, якія моляцца дзесятку Ружанца, расце з неверагоднай хуткасцю ў Італіі, Швейцарыі, Бельгіі, Англіі і многіх рэгіёнах Амерыкі... Усюды, дзе ствараюцца Таварыствы Жывога Ружанца, можна заўважыць незафіксаванае раней умацаванне дабра. Паступова мы становімся з’яднанымі ў малітве з усімі людзьмі свету». Распачынаючы 25-ы год свайго пантыфікату, Слуга Божы Ян Павел ІІ у апостальскім лісце «Ружанец Панны Марыі» абвясціў Год Ружанца. Вялікі Папа, верны прыхільнік ружанцовай малітвы, увёў новую частку Ружанца — таямніцы святла, — якая ахоплівае гады публічнай дзейнасці Езуса, «каб Ружанец больш абгрунтавана можна было назваць пераказам Евангелля». З таго часу Ружанец налічвае 20 таямніцаў, таму «Жывыя Ружы» складаюцца цяпер з дваццаці чалавек. «Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца», — пісаў Ян Павел ІІ. Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён складаецца не толькі з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Сяброўства з Богам нельга дасягнуць адразу, але разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога. Ружанцовая малітва патрабуе ведання асноўных праўдаў веры і адначасова «ўтрымлівае» нашу памяць, нашу ўвагу на найважнейшых падзеях, якія паўплывалі на наш лёс тут на зямлі і ў вечнасці, на збаўчых падзеях з жыцця Езуса і Найсвяцейшай Маці. Ружанец, які мы молімся, пераходзячы ад таямніцы да таямніцы, паглыбляе нашу веру і вучыць нас, што і мы павінны перажываць падзеі нашага жыцця такім жа чынам, каб гэта хоць крыху было падобна да таямніцаў нашага збаўлення, над якімі мы разважаем. Жывы Ружанец «дыхае праўдамі веры», яго члены стараюцца не толькі маліцца за іншых ва ўсіх інтэнцыях Касцёла і асабістых інтэнцыях, але вучацца перажываць сваё жыццё, захоўваючы вернасць Богу. Яны таксама далучаюцца да апостальскай дзейнасці мясцовага Касцёла. У многіх парафіях Таварыства Жывога Ружанца ўяўляе сабой групу людзей, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу, людзей, якія маюць духоўны вопыт, якія могуць прысвячаць свой час, сваё здароўе і свае сілы для дабра супольнасці веруючых, не чакаючы за гэта ніякай грашовай узнагароды. Супольнасці Жывога Ружанца з’яўляюцца не толькі супольнасцямі малітвы, але і супольнасцямі ўчынкаў, часта вельмі ахвярных. У марыйнай ружанцовай школе мы вучымся ў Маці Божай ні ў чым не адмаўляць Пану Богу і радасна несці свой штодзённы крыж працы, стомленасці, розных праблемаў разам з Хрыстом аж да хвалебных таямніцаў святога Ружанца. Кожная апостальская група ў Касцёле, каб захаваць свой дынамізм і духоўна развівацца, патрабуе таго, хто б яе ажыўляў, патрабуе кіраўніцтва. Жывым Ружанцам звычайна апякуецца святар, часцей за ўсё пробашч, з дапамогаю адказных асобаў. Супольнасць Жывога Ружанца сустракаецца раз на месяц на супольнай малітве, на змене ружанцовых таямніцаў, і звычайна падчас гэтай сустрэчы выслухоўвае хаця б кароценькія духоўныя і апостальскія настаўленні душпастыра. Такая рытмічнасць сустрэчаў гарантуе і забяспечвае добры стан духоўнага жыцця ўсяго Таварыства Жывога Ружанца. Жывы Ружанец — гэта вялікі скарб у жыцці Касцёла. Мы дзякуем Богу за тое, што супольнасць Жывога Ружанца прысутнічае ў супольнасці Касцёла і молімся аб яе пастаянным развіцці і трыванні. Гэтыя просьбы мы стараемся як найчасцей узносіць такім дарагім і знаёмым нам заклікам: Каралева святога Ружанца, маліся за нас! Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.
Старонка 3 з 6
У пачатак
Назад
1
2
3
4
5
6
Наперад
У канец
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Навіны
Касцёл у Беларусі
Літургія
Бібліятэка
Пра нас
Папулярныя радзелы навінаў
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Грэка-каталіцкая Царква
Апостальская Сталіца
Замежжа
Інтэрв'ю
Папа Францішак
Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа