Пошук


Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі на пенсіі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1962 г. Тадэвуш Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год павінен быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродне, у 1964 г. паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які ў 1970 г. скончыў на «выдатна» і атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

У 1976 г. Тадэвуш Кандрусевіч адчуў пакліканне да выключнага служэння Богу і паступіў у Духоўную семінарыю ў Коўне (Каўнас, Літва), якую скончыў у 1981 г. і 31 мая таго ж года прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.

У 1981–1986 гг. быў вікарыем у віленскім касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986–1987 гг. — вікарыем парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках (Друскінінкай, Літва), у 1987–1988 гг. — вікарыем у віленскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 г. быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касцёл) і св. Францішка Ксавэрыя (катэдра). У 1985 г. на тэалагічным факультэце ў Коўне атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, абараніўшы працу на тэму «Вучэнне Дагматычнай канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору Lumen Gentium пра Касцёл». У 1988 г. тамсама абараніў дысертацыю на тэму «Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах ІІ Ватыканскага Сабору і ў яго дакументах» і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

25 ліпеня 1989 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскую сакру, якая адбылася 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел ІІ. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, а таксама прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам.

13 красавіка 1991 г. Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістравана Апостальская Адміністратура для католікаў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структураў. Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 г. прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Поўначы еўрапейскай часткі Расіі.

Калі 11 лютага 2002 г. Ян Павел ІІ надаў Апостальскім Адміністратурам для католікаў лацінскага абраду ў Расіі годнасць дыяцэзій, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве. Дзякуючы яго намаганням у Расіі распачала працу дабрачынная арганізацыя «Caritas», былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскі і францішканскі выдавецкія цэнтры, а таксама Духоўная бібліятэка (выдадзена больш за 600 найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры). Пры ўдзеле арцыбіскупа Кандрусевіча заснаваны штотыднёвая каталіцкая газета «Свет Евангелия», Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову, Катэхетычная камісія і камісія па справах сям’і.

У 1991 г. у Маскве быў заснаваны Каледж каталіцкай тэалогіі імя св. Тамаша Аквінскага, тры філіялы якога дзейнічаюць у іншых гарадах (выдаецца часопіс «Puncta...», раней — «Theologia»); у Санкт-Пецярбургу заснавана «Радыё Марыя»; у 1993 г. адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў», якая дзейнічае ў Санкт-Пецярбургу.

У лютым 1999 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў выбраны Старшынёю новастворанай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі.

З 1999 г. — сапраўдны член (акадэмік) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

21 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI менаваў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

30 чэрвеня 2011 г. Яго Святасць Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі.

3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сваім Старшынёй.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).

Валодае беларускай, рускай, польскай, літоўскай, ангельскай і італьянскай мовамі.

3 студзеня 2021 года Папа Францішак прыняў просьбу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб вызваленні яго ад пастырскага кіравання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй у сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту.

Спампаваць у высокай якасці

Абноўлена 04.01.2021 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця