Пошук


6 жніўня ў парафіі Перамянення Пана ў аг. Негарэлае, што пад Дзяржынскам, адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Яна сабрала ў нядаўна пабудаванай тут святыні некалькі дзясяткаў мясцовых парафіянаў, да якіх з дапамогаю прамой трансляцыі на партале Catholic.by далучыліся каля пяці соцень вернікаў з усёй Беларусі і з-за мяжы.

Распачалася ўрачыстасць з супольнага разважання над урыўкам Евангелля пра Перамяненне Пана на гары Табор, які прачытаў пробашч парафіі ў Негарэлым кс. Дзяніс Шастаковіч MSF. Тэксты разважанняў суправаджаліся пабожнымі спевамі.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў кс. канонік Уладзімір Каспарэвіч, пробашч парафіі святога Юзафа ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага дэканату, а гамілію прамовіў кс. Пётр Бялевіч з законніцкай супольнасці місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі.

«Добра нам тут быць», — сказаў словамі апостала Пятра на пачатку казання святар, які цяпер будуе касцёл у Мінску, адзначыўшы хараство святыні ў Негарэлым.

У прамоўленым Божым слове ксёндз Пётр растлумачыў значэнне свята Перамянення для духоўнага жыцця хрысціянаў. Святар падкрэсліў, што гара Перамянення стала прадвесцем Галгофы — пагорка ў ваколіцах Ерузалема, дзе Збаўца, які на Таборы паказаў вучням ззянне сваёй хвалы, прыняў крыжовую смерць за збаўленне чалавецтва. Высока ўздымаючы над галавою крыж, святар сцвердзіў, што ён з’яўляецца адзіным магчымым шляхам да неба, да вечнай хвалы Нябеснага Валадарства.

Усе ўдзельнікі ўрачыстасці ў Негарэлым мелі магчымасць атрымаць адпуст пры выкананні звычайных умоваў.

Абноўлена 08.08.2020 01:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця