Святога Патрыка называюць апосталам Ірландыі. Ён нарадзіўся каля 385 – 390 гг. у рымскай Брытаніі ў сям’і вайскоўца, які пазней стаў дыяканам. Ва ўзросце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах.
Каля 432 г. быў пасвечаны ў біскупы і вярнуўся ў Ірландыю. Ён навярнуў у веру большасць мясцовых валадароў, пры падтрымцы якіх працягваў сваю місійную дзейнасць па ўсёй Ірландыі. Ён засноўваў кляштары, касцёлы і школы, а каля 440 г. сярод аднаго з язычніцкіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства. Дзейнасць святога выклікала моцнае супраціўленне з боку язычнікаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве. Дата смерці святога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахавання. На свята Патрыка ў Ірландыі носяць на адзенні трохпялёсткавы лісток канюшыны, з дапамогаю якога святы тлумачыў язычнікам таямніцу Святой Тройцы.