Пошук


Якуб Большы, або Старэйшы, быў сынам рыбака Завядзея і Саламеі, братам святога Яна Багаслова. Разам са сваім братам Янам і святым Пятром ён быў адным з улюбёных вучняў Езуса. Якуб і яго брат за свой парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам Баанергес — Сынамі грому. Якуб стаў сведкам уваскрашэння дачкі Яіра і перамянення Пана, а таксама быў з Хрыстом у Гэтсыманіі. Пасля ўваскрасення Збаўцы Якуб мужна абвяшчаў Евангелле, і ў 43 ці 44 г. па загадзе Ірада Агрыпы быў забіты ў Ерузалеме праз адсячэнне галавы.


Такім чынам святы Якуб першым з апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле. Лічыцца, што ён абвяшчаў Добрую Навіну ў Іспаніі. Рэліквіі святога былі цудоўным чынам адшуканыя на Паўднёвым Захадзе Іспаніі: над полем, дзе спачывала яго цела, заззяла зорка. Пазней на гэтым месцы (лац. campus stellae – поле зоркі) быў заснаваны горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, які ў Сярэднявеччы наведвала больш пілігрымаў, чым Рым і Ерузалем. Святы Якуб з’яўляецца апекуном Іспаніі і вайскоўцаў, а таксама яблыкаў і іншых пладоў. Яго заступніцтва просяць пры рэўматызме і ў малітвах аб добрым надвор’і.

Успамін 25 ліпеня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця