Пошук


Альжбета нарадзілася ў 1207 годзе ў Браціславе або ў замку Шарашпатак, была трэцім дзіцем караля Венгрыі Андраша II і Гертруды, сястры святой Ядзвігі Сілезскай.

Ёй было ўсяго чатыры гады, калі яна была заручана з Людвікам IV, пазней ландграфам Цюрынгіі. Яна выхоўвалася разам з ім у замку Вартбург. Яна выйшла за яго замуж толькі праз дзесяць гадоў, у 1221 годзе, ва ўзросце 14 гадоў. У шлюбе нарадзілася трое дзяцей: Герман, Зоф’я і Гертруда. Праз шэсць гадоў, у 1227 годзе, Людвік памёр падчас крыжовага паходу ў Брындызі, Італія. Такім чынам, Альжбета засталася ўдавой ва ўзросце 20 гадоў.

Яна пакінула Вартбург разам з дзецьмі і спачатку пасялілася ў суседнім Айзенаху, а потым у Марбургу, дзе заснавала шпіталь, у якім ахвотна служыла. Яна прысвяціла сябе выхаванню дзяцей, малітве, пакаянню і справам міласэрнасці. Яе спаведнікамі былі франццішканін Рудзігер і нарбэртанін Конрад Марбургскі, вядомы ў Германіі прапаведнік і інквізітар, вельмі суровы чалавек. Ён вёў яе па шляху строгага пакаяння. У 1228 годзе Альжбета дала абяцанне адрачэння ад свету і была адной з першых тэрцыярак, атрымаўшы габіт Трэцяга Ордэна святога Францішка.

Апошнія гады свайго жыцця яна правяла ў скрайнім убостве, цалкам прысвяціўшы сябе хворым і бедным. Яна памерла ў ноч з 16 на 17 лістапада 1231 года. Слава яе святасці была настолькі вялікай, што да яе магілы пачалі хадзіць паломнікі. Конрад Марбургскі, скарыстаўшыся сваім становішчам інквізітара, напісаў яе жыццярыс і афіцыйна падаў у Рым петыцыю аб кананізацыі. Папа Грыгорый IX неадкладна скіраваў камісію для даследавання жыцця Альжбеты і цудаў, якія нібыта адбываліся пры яе магіле. Было зафіксавана каля 60-і незвычайных падзей. Справу таксама падтрымаў Мітрапаліт Майнца і святы Раймунд Пеньяфорцкі. Праз чатыры гады Грыгорый IX папскай булай ад 27 мая 1235 года ўрачыста абвясціў Альжбету святой.

Успамін 17 лістапада.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.