Рыта нарадзілася каля 1380 г., па іншых звестках — у 1360 г., непадалёк ад Касіі (Умбрыя, Італія). Яна была адзіным дзіцём у сям’і, вымаленым бацькамі ў Бога. Па волі бацькоў дзяўчына ў маладым узросце была вымушана выйсці замуж за нялюбага мужчыну, які ўсяляк здзекаваўся з яе ў сужэнскім жыцці. Калі муж Рыты быў забіты, іх сыны абвясцілі вендэту — крывавую помсту, — але маці малілася, каб лепш яны самі загінулі, чым пралілі чужую кроў. І сапраўды, абодва юнакі неўзабаве памерлі падчас эпідэміі.
Застаўшыся самотнай, Рыта хацела ўступіць у кляштар аўгустыянак-эрэмітак у Касіі, але доўгі час яе не прымалі. Далучыўшыся нарэшце да гэтай супольнасці, яна вяла вельмі аскетычнае жыццё, напоўненае пакаяннем і духоўнай любоўю да Укрыжаванага Збаўцы. Яна мела шмат містычных аб’яўленняў і падчас аднаго з іх атрымала стыгматы цярнёвай кароны. Легенда гаворыць, што, будучы ўжо невылечна хворай, Рыта папрасіла прынесці ёй ружу, і, нягледзячы на тое, што гэта быў марозны зімовы дзень, у садзе для яе заквітнеў цэлы ружавы куст.
У памяць пра гэта ў дзень яе ўспаміну 22 мая ў Італіі асвячаюцца «ружы святой Рыты». Пасля смерці яе цела не было кранута раскладам. Яно спачывае ў шкляной рацы ў касцёле ў Касіі, асвечаным у яе гонар, і туды прыходзіць вялікая колькасць пілігрымаў. Святая Рыта дапамагае ў безнадзейных сітуацыях, у тым ліку падчас экзаменаў, і абараняе ад воспы.