Нарадзілася каля 1046 г. у Венгрыі. Была дачкою караля Англіі ў выгнанні Эдуарда Этэлінга. З дзесяцігадовага ўзросту разам з сям’ёю жыла пры двары свайго дзядзькі Эдуарда Вызнаўцы. Была вымушана ўцячы ад Вільгельма Заваёўніка ў Шатландыю, дзе ў 1070 г. выйшла замуж за караля Мэлкалма ІІІ і стала каралеваю. З самага пачатку мела вялікі ўплыў на каралеўскую сям’ю і падданых, штодзённа даючы прыклад жывой веры.
Яна апекавалася касцёламі і духавенствам, падтрымлівала дзейнасць кляштараў і хрысціянскіх школаў, заснавала велічнае бэнэдыктынскае абацтва. Яна была добраю маці для беднякоў і паўсюль адстойвала справядлівасць. Сваіх 6 сыноў і 2 дачок Маргарыта выхавала сапраўднымі хрысціянамі. Яна памерла 16 лістапада 1093 г. у Эдынбургу і была пахавана ў заснаваным ёю абацтве. У часы рэфармацыі рэліквіі яе і мужа былі перавезены ў Іспанію, але і сёння ў пераважна пратэстанцкай Шатландыі папулярнасць святой застаецца вельмі вялікай.