Жанна Франсуаза Фрэміо дэ Шанталь нарадзілася 28 студзеня 1572 г. у Дыжоне (Францыя) у сям’і старшыні парламента Бургундыі. Яна выйшла замуж і ў шлюбе нарадзіла шасцярых дзяцей. Калі раптоўна памёр муж Жанны, яна цалкам прысвяціла сваё жыццё рэлігіі. У 1610 г. у французскім мястэчку Анэсі яна разам са святым Францішкам Сальскім заснавала законную супольнасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, сясцёр якой называюць таксама «візіткамі» ад лацінскага слова visitatio — адведзіны.
Супольнасць вельмі хутка расла і на момант смерці заснавальніцы мела ўжо больш за 80 кляштараў. Жанна Франсуаза атрымала шмат містычных ласкаў, але разам з тым да канца жыцця змагалася з цяжкімі спакусамі і пакутавала ад розных хваробаў, якія зносіла як мучаніцтва, без скаргаў. Яна памерла 13 снежня 1641 г. і была пахаваная ў касцёле сясцёр візітак у Анэсі. Жанна Франсуаза дэ Шанталь, кананізаваная ў 1767 г., з’яўляецца апякункаю заснаванай ёю супольнасці. Праз яе заступніцтва просяць шчаслівых родаў.