Пошук

09.03.2019 10:00   а. Андрэй Авен OCD / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява. koldernc.ru

«Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых»

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Езус нас запрашае прыслухацца да гэтых словаў: да чытанняў, псальма, акламацыі, да Евангелля, каб адкрыць для сябе ўсё тое багацце, якое змешчана ў Божым слове.

Хлебам штодзённым мы кормім нашае цела, але нам таксама неабходны пасілак для нашай душы. Менавіта слова, якое выходзіць з Божых вуснаў, трапляючы ў самую глыбіню нашых сэрцаў, насычае нас жыццядайнай сілай, узмацняе наш дух, робіць падобнымі да Божага Сына.

Насычацца Божым словам — гэта праграма не толькі на Вялікі пост, але і на ўвесь час. Божае слова павінна стаць нормай нашага жыцця.

Бог у сваім слове прамаўляе да нашых сэрцаў, і нам трэба на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі, якая трывае пры Божым слове, услухоўваючыся ў яго, годна наследаваць Божую Маці, каб прыняць тое, што для нас падрыхтаваў Бог.

Перыяд Вялікага посту для гэтага адкрывае перад намі вялікія магчымасці, каб мы, пачуўшы голас Бога, праз пакаянне і навяртанне наблізіліся да Айца міласэрнасці і прынялі Ягоную ласку прабачэння, якая так неабходная кожнаму з нас. Дзеля гэтага сёння варта задумацца: што менавіта нам хоча сказаць сёння Езус, што асабіста мне хоча сказаць Божы Сын, над чым нам карысна было б засяродзіцца і паразважаць, асабліва ў кантэксце перыяду Вялікага посту.

Не памылюся, калі скажу, што кожнаму з нас знаёмае жаданне штосьці змяніць, аднавіць, асвяжыць... Напрыклад, набыць новую вопратку, змяніць інтэр’ер кватэры, можа, нават памяняць машыну або зрабіць дома капітальны рамонт. Усё гэта нашыя цудоўныя планы, якія, як паказвае практыка, нам рэальна ажыццявіць, можа, толькі не адразу.

А як нашыя справы выглядаюць у сферы аднаўлення духоўнага жыцця? Якія нашыя планы адносна яго? Ці наогул яны існуюць?

Дарагія, літургічны перыяд, які мы зараз перажываем у Касцёле, а менавіта Вялікі пост — гэта нашая добрая магчымасць стварыць такія планы духоўнага аднаўлення. Асноўную, базавую схему для гэтага аднаўлення Касцёл нам ужо дае ў форме набажэнства Крыжовага шляху, Песняў жальбы, іншых велікапосных набажэнстваў, якія ставяць мэтай набліжэнне да нас таямніцы збаўлення, мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

Інакш кажучы, добрую аснову мы ўжо маем. Для нас важна ва ўсім гэтым спаткаць Хрыста, які жадае нас аднавіць. І вось на гэтым месцы адкрываецца поле для нашага духоўнага будаўніцтва. Мы можам скласці цудоўную праграму перажывання часу Вялікага посту, ведаючы, дзеля чаго нам патрэбны гэты час і якая ягоная мэта.

У аднаўленні, якое датычыць матэрыяльнай сферы нашага жыцця, нашыя планы, асабліва калі яны рэалізуюцца, прыносяць нам безліч радасці, нават даюць больш сілаў, яны нас падбадзёрваюць. Тым больш нашае духоўнае аднаўленне дадасць нам сілы і бадзёрасці, калі мы рэалізуем Божы план, які асабліва актуальны ў час Вялікага посту і які мы асабліва выразна чуем у літургіі Папяльцовай серады: навяртайцеся і верце ў Евангелле! Так! Гэта вельмі цудоўны план як на час Вялікага посту, так і на далейшы час нашага жыцця. Бо навяртанне ўключае ў сябе нашае пакаянне і прымірэнне з Богам, а таксама з братамі і сёстрамі.

Магчыма, для гэтага вельмі карысна паглядзець на сваё мінулае, не дзеля таго, каб яшчэ больш папракаць сябе ў памылках або кусаць локці па прычыне добрых, але не рэалізаваных магчымасцяў.

Не! Зірнуць на карціну свайго мінулага жыцця належыць з асаблівай развагай і мудрасцю, каб убачыць у гісторыі свайго жыцця прысутнасць Бога, што Ён побач не толькі тады, калі прамаўляе, але і тады, калі нам здаецца, што Ён маўчыць.

Відавочны прыклад гэтага мы сёння чуем у першым чытанні з Кнігі Другазаконня. Дзеля чаго, вы думаеце, Майсей узгадвае гісторыю ізраэльскага народу, асабліва той момант, калі габрэі пакутавалі ў Егіпце?

Майсей жадае наступіць на балючы мазоль свайго народу? Ніякім чынам! Народ вельмі добра ведае сваю гісторыю, каб яе яшчэ раз узгадваць. Справа ў іншым. Вялікі Божы пасланец, якім з’яўляецца Майсей, звяртае ўвагу свайго народу на мінулае, каб народ у гэты момант вярнуўся да пачатку сваёй гісторыі.

Што там адбывалася? Майсей распавядае аб невялікай групе людзей, якую ўзначаліў адзін арамеец, перасяліўшыся на нейкі час ў Егіпет. І гэтая невялікая група з цягам часу разраслася ў вялікі і магутны народ, якога пачалі баяцца нават самі егіпцяне. А паколькі тагачасны фараон мала што ведаў пра вялікі ізраэльскі народ, апрача толькі таго, што ён вялікі, то вырашыў гэты народ паволі знішчаць, каб ён выпадкова не злучыўся з непрыяцелямі і не заваяваў Егіпет.

Што адбываецца? Ізраэльцы цяжка працуюць, становяцца рабамі ў Егіпце, і іх плач і галашэнне даходзяць да Божых вушэй: «Мы ўсклікалі да Пана, Бога айцоў нашых, і пачуў нас Пан, і ўбачыў нашае прыніжэнне, нашую нядолю і ўціск. І вывеў нас Пан з Егіпта моцнаю рукою і распраўленым плячом, у вялікім страху, сярод знакаў і цудаў. Ён прывёў нас у гэтае месца і даў нам гэтую зямлю, што сочыцца малаком і мёдам».

Тут Майсей паказвае, што, нягледзячы на складанае мінулае, якое сустрэла ізраэльцаў, Бог заўсёды быў прысутны ў іх гісторыі.

Быў прысутны ў Егіпце, калі яны пакутавалі, як і прысутны зараз, калі яны амаль увайшлі ў зямлю абяцаную. І, калі габрэі ўсведамляюць Божую прысутнасць у сваім жыцці, яны ўздымаюць свае рукі ўгору, каб дзякаваць Богу за цудоўнае ацаленне, за ўратаванне з рук ворагаў і як знак гэтай падзякі ахвяраваць плады зямлі, той зямлі, у якую іх накіраваў Бог.

Па гэтай прычыне нам, дарагія браты і сёстры, варта зірнуць у сваё мінулае, прыгледзецца да свайго жыцця, каб там убачыць прысутнасць Бога, які нас у духоўным сэнсе вядзе да абяцанай зямлі збаўлення. Каб мы ў сваім сэрцы склалі ахвяру добрых учынкаў, ахвяру прабачэння і міласэрнасці для Таго, хто нам прабачае і аказвае сваю міласэрнасць. А ўсе нашыя памылкі ўжо не маюць істотнага значэння, бо мы іх ведаем і імкнемся не паўтараць. А сілы для гэтага мы чэрпаем з Божага слова і Эўхарыстыі, якія нас павучаюць і ўмацоўваюць.

Калі мы ўбачым Божую прысутнасць у нашым мінулым, то падзякуем за яе зараз і будзем мець надзею ў Езусе Хрысце, што ў перспектыве дойдзем да мэты, якой з’яўляецца нашае збаўленне.

«Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены».

Дарагія! Калі Божага Сына спакушаў злы дух, аб чым мы сёння чуем у Евангеллі, то і нас будзе спакушаць. Не думайце, што нас абміне гэты лёс. І не толькі ў перыяд Вялікага посту. Але нам не трэба гэтага баяцца. Езус паказвае, як перамагчы ўсялякага роду спакусы.

Па-першае, толькі разам з Езусам мы здольныя іх па-сапраўднаму перамагчы. Па-другое, Божы Сын дае тры канкрэтныя парады супраць усялякага роду спакусаў. Гэтыя парады нібы зброя і зачэрпнутыя са Святога Пісання: «Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек... Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць... Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго».

Калі перад абліччам спакусаў мы сэрцам прамовім гэтыя словы, то будзьма ўпэўненыя: разам з Езусам мы пераможам!

Таму няхай сённяшняе Божае слова і Эўхарыстыя, якую прымем, напоўняць нас адвагай і дапамогуць распачаць добрае перажыванне Вялікага посту. Дзеля таго, каб годныя перамены адбыліся і ў нашым духоўным жыцці, каб кожны па слову апостала, хто ў веры пакліча імя Пана, быў збаўлены. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця