Пошук

16.02.2019 16:31   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана»

1 чыт. Ер 17, 5–8; Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6. 2 чыт. 1 Кар 15, 12. 16–20. Ев. Лк 6, 17. 20–26

Дарагія браты і сёстры!

Рэфрэн сённяшняга псальма можна лічыць своеасаблівым дэвізам хрысціянскага жыцця. Літургія Божага слова ставіць выразны націск на надзею і спадзяванне ў жыцці чалавека. Калі задумацца, то сапраўды цяжка ўявіць жыццё без надзеі або без спадзявання на Кагосьці.

Калі звярнуць увагу на гісторыю ізраэльскага народа, а гэтая гісторыя вельмі выразна адлюстравана на старонках Старога Запавету, то можна прыйсці да высновы, што Бог ставіць чалавека перад канкрэтным выбарам.

Напрыклад, у Кнізе Другазаконня ёсць такія словы: «Стаўлю перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і праклён. Дык выбірайце ж жыццё!» Як гэтыя словы звязаны са спадзяваннем, аб якім мы з вамі распачалі разважаць?

Калі мы значна шырэй паглядзім на жыццё, то зразумеем, што няма безвыходных сітуацый. Складаныя сітуацыі, канешне, існуюць, часамі нам можа здавацца, што ёсць і безнадзейныя сітуацыі ў жыцці, але гэта не зусім так. Чалавек заўсёды мае магчымасць выбару, што ў сваю чаргу прадугледжвае надзею.

Нягледзячы на тое, ведае ён аб гэтым ці не, згаджаецца ці не, але па сутнасці выбірае або благаслаўненне, або праклён. Трэцяга не дадзена. І перад абліччам вось такога выбару сённяшняя літургія ставіць кожнага з нас, прапануючы ўсвядоміць яшчэ лепш гэтую праўду. Аб гэтым сёння нам кажа прарок Ерамія ў першым чытанні, якое мы пачулі. Выдатна гэтую тэму раскрывае сённяшняе Евангелле, дзе Хрыстус па паліцах раскладае навуку, што значыць быць шчаслівым і ў якім выпадку чалавеку гора.

Дарагія! У школе Хрыста кожны з нас з’яўляецца вучнем, а гэта ў сваю чаргу робіць нас абавязанымі рабіць свядомы выбар у сваім жыцці. Мудры, сталы чалавек заўсёды здольны ўбачыць і выбраць благаслаўленне. А выбраць гэта бывае няпроста.

Здараецца, што такі жыццёвы выбар вельмі складаны, можа, нават звязаны з цярпеннем або са змаганнем. Выбар заўсёды чагосьці каштуе.

Напрыклад, калі чалавек апынецца перад абліччам нейкага зла або граху, у яго ёсць выбар, здзейсніць гэты ўчынак ці сказаць: стоп, я гэта не выберу, бо гэта прынясе мне смерць. Гэта значыць, што ў здзяйсненні выбару нам трэба добра ведаць не толькі тое, што мы хочам, але і вынік гэтага, што будзе пасля таго, калі мы задаволім сваё жаданне або як гэты выбар на нас паўплывае, будзе ён благаслаўленнем для нас ці праклёнам.

Чым жа з’яўляецца благаслаўленне, а чым праклён? Сённяшняе першае чытанне выразна кажа: «Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана». І ў сваю чаргу «благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана і надзея якога — Пан».

Праклён, у які найхутчэй трапляе чалавек, перш за ўсё грунтуецца на тым, што чалавек ставіць сябе ў цэнтры ўсяго, лічыць сябе самым паспяховым, ад якога ўсё залежыць, самым разумным, самым прыгожым, моцным і спадзяецца выключна на свае сілы. Гэта самы кароткі і пэўны шлях да праклёну — пачаць лічыць сябе самым галоўным і самым асноўным.

Аднак калі чалавек сэнс свайго жыцця і ўсяго таго, што ў гэтым жыцці адбываецца, ускладае на Бога, у Ім бачыць сваю надзею, на Яго спадзяецца, — гэта іншы шлях, шлях благаслаўлення.

Вельмі часта ў нас ёсць спакуса знайсці для сябе апору не ў Богу, а ў кімсьці іншым. Пабудаваць сваё жыццё на нейкім уласным фундаменце. Аднак калі мы паслухаем прыпавесць Езуса пра багатага чалавека, якую занатаваў евангеліст Лука, можам зразумець, наколькі шлях самаўпэўненасці для нас небяспечны. Наколькі чалавек здольны пабудаваць сваё жыццё на чымсьці ілюзорным, што яму прыносіць выключна матэрыяльны дастатак або нейкую карысць, і гэта паставіць на першае месца ў сваім жыцці.

Багач быў самаўпэўнены, таму ў ягоным сэрцы з’явіліся такія думкі: «...скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся». Гэтая прыпавесць ілюструе, як можна пакласці надзею ўсяго свайго жыцця, выбіраючы праклён. Пра тое, што гэта зусім не жарты, а вельмі рэальная небяспека для чалавека, сведчаць далейшыя словы Езуса з той жа прыпавесці: «Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?»

Вось, дарагія браты і сёстры, выразны прыклад словаў самога Хрыста адносна надзеі і правільнага выбару. А вынік гэтага выбару нас можа нават спалохаць. Вось што значыць паставіць на першае месца ў сваім жыцці дабрабыт і матэрыяльныя каштоўнасці.

Часам чалавек будуе сваё жыццё, абапіраючыся цалкам на іншага чалавека, гэта значыць ускладаючы сваю надзею цалкам на яго. Выдатным прыкладам гэтага можа быць сітуацыя нарачоных. Здараецца, што гэты стан людзей з’яўляецца пачаткам будавання сумеснага жыцця, але, на жаль, не ў бок благаслаўлення. Таму што чалавек трапляе ў ілюзію, спрабуючы будаваць жыццё на іншай асобе.

Але часцей за ўсё чалавек сваё спадзяванне ўскладае на самога сябе. Напрыклад, у кнізе Апакаліпсіса святога Яна гаворыцца пра такога чалавека, які спадзяецца толькі на сябе, праслаўляе сябе і хваліцца сабою, што ён багаты і нічога не патрабуе. Аднак Бог выразна кажа: «Ты не ведаеш, што ты нешчаслівы, годны літасці, бедны, сляпы і голы».

Дарагія! Важна кожнаму з нас задумацца і адказаць сабе на пытанне: на чым мы грунтуем нашую надзею, на каго мы спадзяемся? Заўсёды, калі чытаем пра такога чалавека, які цалкам даверыўся Богу, адчуваем спакой і замілаванне. Дастаткова прыслухацца да сённяшняга псальма, які мы спявалі: «Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана. Ён будзе як дрэва, пасаджанае каля воднага патоку, якое плод прыносіць у свой час...» Гэта прыгожае апісанне выбару шляху благаслаўлення.

Чалавек, які ўскладае сваю надзею на Бога, які ўкараніўся ў сваім Стварыцелі, становіцца быццам дрэва, якое прыносіць багаты плён.

І нават калі мы перажываем не самы лёгкі час, цярпенне, хваробу ці страту блізкага, усё роўна, дзякуючы надзеі, якую мы ўсклалі на Бога, наш плён заўсёды будзе багаты, таму што Бог благаславіць нас і мы будзем падобныя да лісця, якое не вяне, нават у час засухі.

Іншы вобраз, які прадстаўляе чалавека, што давярае толькі сабе, змешчаны ў іншым фрагменце Кнігі прарока Ераміі, такі чалавек падобны да дзікага куста ў стэпе, які выбірае засушлівае месца ў пустыні, неўрадлівую глебу, салёную і бязводную. Так гэты вобраз малюе прарок Ерамія, калі мы не будуем на Богу, калі сваё жыццё цалкам Яму не падпарадкоўваем, тады мы падобныя да такога дзікага куста. І, вядома, ні пра якія плады тут не ідзе гаворка, бо няма Божага благаслаўлення.

Езус у сённяшнім Евангеллі выразна кажа, што значыць быць благаслаўлёным, што значыць быць шчаслівым. Благаслаўленне раўназначна шчасцю. Шчаслівыя ўбогія духам, тыя, хто галадаюць, якія цяпер плачуць, тых, якіх узненавідзілі з-за Сына чалавечага. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе.

Аднак не значыць, што калі чалавек бедны — то ён аўтаматычна благаслаўлёны, а калі багаты — то пракляты. Той, хто ўбогі духам, насамрэч багаты Богам.

Нават корань слова «багацце» паходзіць ад слова «Бог». Таму багаты чалавек таксама можа быць убогі духам, такое здараецца, можа, нячаста, але існуе.

Езус нам сёння тлумачыць, што калі мы па-сапраўднаму шчаслівыя, то нам належыць валадарства Божае. Убогі духам чалавек здольны сваю надзею ўскласці на Бога, таму што ён убогі. Зрэшты, а што значыць слова «ўбогі»? Убогі — гэта значыць той, які патрабуе дапамогі ад Бога, які спадзяецца на Бога, таму вельмі важна кожнаму з нас стаць убогім духам.

Не толькі багатаму чалавеку трэба стаць убогім духам, але і беднаму. Беднасць спрыяе таму, што нам зрабіць гэта лягчэй, але сама па сабе беднасць як стан чалавека, якому не хапае матэрыяльных сродкаў для шчаслівага жыцця, не з’яўляецца аўтаматычным паказальнікам убогасці духам. Бедны матэрыяльна чалавек можа не спадзявацца на Бога. І вось, калі мы сталі ўбогімі духам, з гэтага моманту мы здольныя прыняць Божае валадарства з усім яго багаццем.

Умілаваныя ў Хрысце! Якое вялікае багацце і сапраўднае шчасце змяшчаецца ў гэтых павучальных евангельскіх словах. Гэта сапраўды каштоўная навука, у святле якой нам лягчэй распазнаць шлях, які вядзе да благаслаўлення, як і той шлях, які вядзе да праклёну, і не толькі распазнаць гэтыя шляхі, але і здзейсніць правільны выбар. Бо толькі ўбогі духам чалавек здольны прыняць скарб Божага валадарства і стаць у гэтым валадарстве насамрэч багатым.

Усе багацці гэтага свету, якія змяшчаюцца ў матэрыяльных каштоўнасцях ці нават у іншых людзях, нішто ў параўнанні з Богам, якога мы прымаем у святой Камуніі.

Без Эўхарыстыі мы падобныя да дзікага куста Ераміі, мы становімся бязводнымі, сухімі, бясплоднымі, бо ніякае зямное багацце і шчасце не дапаможа нам адкрыць свае сэрцы, каб стаць у праўдзе перад сабою і быць годнымі Божага валадарства.

Якім будзе наш выбар? Няхай кожны з нас адкажа Езусу індывідуальна. Тое, што мы зараз тут сабраліся, — гэта самае важнае для кожнага з нас. Прынамсі так павінна быць. Няхай жа сённяшняе Божае слова дапаможа нам прыняць у сэрца навуку Хрыста, бо яна датычыць не толькі сённяшняга дня, не толькі гэтага года, нават не дзясяткаў ці соцень год; яна датычыць вечнасці і таго, ці будзем мы там канчаткова шчаслівымі. Амэн.

Абноўлена 16.02.2019 16:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця