«І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Валадар, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля»
Дарагія браты і сёстры!
У Кнізе Лічбаў, змешчанай у Старым Запавеце, можна знайсці наступныя словы: «Бачу Яго, але яшчэ не сёння; бачу Яго, але не блізка. Узыходзіць зорка ад Якуба і паўстае жазло ад Ізраэля, і б’е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых».
Гэтыя словы выражаюць праўду, якую спазнаем і перажываем зараз. Сённяшняя ўрачыстасць Аб’яўлення Пана змешчана ў кантэксце свята Божага Нараджэння і з’яўляецца пэўным яго працягам, толькі яшчэ з дадатковымі асаблівасцямі.
Евангелле нам апавядае пра Бэтлеемскую зорку і пра мудрацоў з Усходу, якія, назіраючы за незвычайнай астранамічнай з’яваю, вырушылі ў далёкае падарожжа, каб знайсці Караля-Месію і пакланіцца Яму, прыносячы ў дары золата, кадзіла і міра.
Сённяшняе першае чытанне і псальм ствараюць правобраз гэтага незвычайнага візіту, аб якім распавядае Евангелле: «Прыйдзе да цябе скарб народаў. Закрые цябе мноства вярблюдаў. Усе яны прыйдуць з Сабы, прынясуць золата і кадзіла, і абвяшчаць будуць хвалу Пану», — а таксама: «Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, каралі Аравіі і Сабы складуць даніну».
Дарагія! Божае слова, змешчанае ў Старым Запавеце, амаль дакладна перадае тыя падзеі, якія папярэднічалі Божаму Нараджэнню. Хоць перадае іх вельмі сімвалічна і вобразна, але, калі знаходзім гэтыя словы ў Бібліі, то можам здзіўляцца, з якой дакладнасцю Бог прамаўляе імі да нас.
Калі чытаем сённяшні ўрывак з Евангелля, напэўна, у нашым сэрцы можа ўзнікнуць шэраг розных пытанняў. Напрыклад: што за з’ява ўзнікла на зорным небе, якую назвалі Бэтлеемскай зоркай? Або адкуль мудрацы ведалі пра гэтую зорку і пра нараджэнне Караля Юдэйскага? І як наогул, карыстаючыся гэтай пуцяводнай зоркай, маглі дакладна знайсці месца, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус?
Гэта цікавая пытанні, але для нас яны не самыя галоўныя. Адносна Бэтлеемскай зоркі ёсць нямала гіпотэз: адны лічылі, што гэта яднанне трох планетаў: Юпіцера, Сатурна і Марса, што і выклікала падобную з’яву, іншыя меркавалі, што гэта магла быць нават камета, якая доўгі час вельмі выразна была бачная на зорным небе, а яшчэ іншыя казалі, што гэта магла быць нейкая таямнічая з’ява, якую Бог выкарыстаў, каб аб’віць вялікую падзею людзям.
Ці мудрацоў было трое — насамрэч цяжка сказаць. Традыцыя нам падае такую лічбу, можа, таму, што яна адпавядае колькасці падарункаў, якія ўзгаданы ў Евангеллі: золата, кадзіла і міра. Але на самой справе мудрацоў магло быць менш, а магло і больш, для нас гэта таксама не самае важнае. Дык што ж тады для нас самае важнае і пэўнае?
Дарагія браты і сёстры! Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, — Ён з’яўляецца самай пэўнай і галоўнай Зоркай. Бэтлеемская зорка — гэта толькі знак для нас, якія таксама хочуць прыйсці і пакланіцца Богу.
У мудрацах, якія прыйшлі з Усходу, можна ўбачыць усе народы зямлі, якія прымуць Збаўцу, народы, якія ў Ім убачаць Караля, Найвышэйшага Святара і Збаўцу.
Звярніце ўвагу на падарункі, аб якіх кажа Евангелле: золата — годны падарунак для Караля, кадзіла — для Святара, а духмяная міра — знак будучых пакутаў і смерці Езуса Хрыста. Паглядзіце, якая багатая сімволіка сённяшняй урачыстасці.
Калі глыбей пранікнуцца ў змест сённяшняга Божага слова і паразважаць над ім, то можам прыйсці да высновы, што Бог шукае чалавека і менавіта таму становіцца адным з нас, каб мы ў Езусе Хрысце змаглі нанова адкрыць сапраўднае шчасце, той згублены рай, каб маглі ў сапраўдным Богу знайсці адказ на хвалюючыя пытанні, якія датычаць сэнсу і мэты нашага жыцця.
Дарагія! З таго моманту, калі чалавек згубіў рай, ён згубіў не толькі Бога, але і самога сябе, і таму з’явіліся хвалюючыя пытанні, якія нас перастануць цікавіць толькі тады, калі мы цалкам паяднаемся з Богам. Гэтыя пытанні і прывялі мудрацоў у Бэтлеем. У Езусе яны ўбачылі Кагосьці большага, чым проста караля Юдэйскага, і, наталіўшы смагу сваёй мудрасці і ведаў, яны, напэўна, шчаслівыя вярнуліся ў сваю краіну.
Так і кожны з нас, дзякуючы дару мудрасці і адчуваючы прагненне шукання Бога, мае магчымасць знайсці Яго, не толькі сёння, ва ўрачыстасць, але і ў кожны момант свайго жыцця.
Бо ёсць пытанні, якія можна пакінуць адкрытымі. Але на важныя пытанні заўсёды павінен знайсціся адказ.
Важна, каб мы не былі да гэтага абыякавымі, але безупынна трывалі ў пошуках праўды, якая нам дапаможа знайсці Бога і зразумець саміх сябе. А гэта і ёсць той шлях, які некалі згубілі нашыя прабацькі. Шлях, які нас прывядзе да сапраўднага шчасця, якога тут, на зямлі, нават нельга сабе ўявіць. Амэн.