6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой маліўся за ўсіх вернікаў архідыяцэзіі.
На пачатку Эўхарыстыі арцыпастыр коратка ўвёў прысутных у літургію дня, растлумачыўшы сэнс урачыстасці Аб’яўлення Пана.
«Гледзячы на гэтую чырвоную лямпку, якая нагадвае аб прысутнасці сапраўднага Бога ў табэрнакулюме ў постаці Эўхарыстычнага Хлеба, я ўзгадваю і думаю пра Бэтлеемскую зорку, што прывяла Мудрацоў да Езуса. Езус прысутнічае з целам, душой і Боскасцю ў выглядзе хлеба!
Сёння гэтае чырвонае святло паказвае, куды прыйсці, каб аддаць пашану Пану Богу, Езусу Хрысту. Ці памятаю пра гэта я, калі прыхожу ў касцёл? Сёння мы ідзем да нашага Бэтлеема; сёння я паказваю іншым шлях да Бога», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі ва ўступе да Імшы.
У прамоўленай гаміліі іерарх прапанаваў задумацца над развіццём і паглыбленнем асабістых адносін з Богам, які стаў чалавекам.
«Рознымі шляхамі можна дайсці да Езуса, розныя сцежкі вядуць да Яго. Некаторыя, як пастухі, толькі спусціліся з гары да горада Бэтлеема, каб пакланіцца Езусу. Іншыя, як Тры Каралі, павінны былі прайсці доўгі шлях, каб, нарэшце, сустрэцца з Езусам, пакланіцца Дзіцяці і прапанаваць Яму свае дары. Менавіта пра намаганні і мужнасць гэтых мудрацоў мы разважаем сёння і захапляемся імі.
Ці можна шкадаваць аб пройдзеным шляху, пражытых гадах, калі ў канцы чакае Бог? Гледзячы на падарожжа Мудрацоў, мы бачым таксама цяжкасці і перашкоды, якія ўзнікаюць на іх шляху.
У іх мы вучымся пераадольваць і перамагаць гэтыя цяжкасці, і так можам служыць парадай іншым, каб ішлі на сустрэчу з Хрыстом.
У кожнага з нас ёсць моманты, калі мы не хочам ісці далей, калі падаем ад стомленасці, калі прыходзіць спакуса вярнуцца назад ці, прынамсі, застацца на тым месцы, дзе знаходзімся цяпер. У такія хвіліны давайце паглядзім на доўгі шлях Мудрацоў. Яны не стаміліся ў дарозе, таму што шукалі паўнату праўды, праўдзівую крыніцу мудрасці. Сёння яны з’яўляюцца прыкладам для нас, каб мы паглыблялі нашую веру, каб былі людзьмі надзеі і даверу, каб знайшлі ў Хрысце поўны сэнс і мэту свайго жыцця», — адзначыў арцыбіскуп Станеўскі.
Гаворачы пра тое, як Мудрацы пазналі ў Немаўляці Валадара і Збаўцу свету, іерарх нагадаў словы Папы Францішка: «„Яны пакланіліся Яму, таму што не спыніліся на знешніх прыкметах, але глядзелі глыбей. Гляделі сэрцам: так, як гэта робіць сам Пан Бог, бо Бог глядзіць і адчувае сэрцам“. Менавіта да такога позірку на сённяшні свет заахвочвае нас Пантыфік.
Трэба і нам сёння, гледзячы на касцёлную сям’ю, грамадскую супольнасць, калектыў на працы, тых, хто поруч за партай у школе і ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, не шукаць толькі слабасці і няслушнасці, але заўважыць звышнатуральнае вымярэнне.
Бо кожны чалавек у нашым зямным вандраванні ні толькі дадзены, але і зададзены Божым Провідам, а таму з’яўляецца для мяне дарам, заданнем і іспытам майго братэрства і сяброўства паводле веры. Бо ўсе мы браты і сёстры, усе. Гэта няспынна нагадвае нам Папа Францішак».
Сваю гамілію іерарх завяршыў заахвочваннем: «Браты і сёстры, мудрацы і каралі ХХІ стагоддзя, прымем жа Бога ў Эўхарыстыі, будзем жа цаніць брата і сястру і, асветленыя промнем Божай любові, будзем вяртацца ў свой дом „іншай дарогай“ — перамененымі унутрана, напоўненымі любоўю і Божай ласкай».
Падчас Эўхарыстыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі маліўся аб мірным вырашэнні складанай сітуацыі ў Казахстане, а таксама павіншаваў праваслаўных братоў і сясцёр са святам Божага Нараджэння.