Пошук

21.07.2018 08:56   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах»

Дарагія браты і сёстры!

Адным з найбольш простых спосабаў праверыць сапраўдную любоў з’яўляецца клопат аб адпачынку для любімай асобы. Напрыклад, у сям’і: пакуль муж заўважае стомленасць жонкі, пакуль цікавіцца яе самаадчуваннем, то па-сапраўднаму яе любіць.

З моманту, калі зацікаўленасць яе самаадчуваннем знікае, любоў як бы пачынае халаднець. Вядомая рэч, гэтая ўвага датычыцца не толькі пытання «як сябе адчуваеш, дарагая?». Хоць і гэтае пытанне важнае, але ўвага датычыцца асобы ў цэлым, таго, што чалавек для нас не абыякавы.

Той, хто па-сапраўднаму любіць, заўсёды цікавіцца запасам сілаў, які мае любімая асоба. Сутнасць гэтай зацікаўленасці грунтуецца на тым, што для асобы, якая для нас дарагая, але стомленая, адразу шукаецца магчымасць адпачынку. Бывае, рабіць гэта прыходзіцца коштам уласнага часу, сілаў, але заўсёды гэтаму ўчынку спадарожнічае радасць, супакой, праўдзівая любоў.

Дарагія! Хрыстус нам аб’яўляе любоў, у якой Ён клапоціцца пра сваіх вучняў. Звярніце ўвагу на словы, якія мы з вамі чулі ў Евангеллі. Калі вучні моцна стаміліся, Езус кажа: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны».

Ведаеце, шкада, што заклік нашага Збаўцы адносна адпачынку не зусім у поўнай меры дайшоў да нашых дзён. Адпачынак, можна сказаць, з’яўляецца формай збаўлення чалавека ад пэўных цяжкасцяў: знешніх або нават унутраных. Езус як Збаўца клапоціцца пра тое, каб апосталы зноў набраліся сілаў. А здзейсніць гэта без адпачынку немагчыма. Трэба было абавязкова змяніць атмасферу безупынных размоваў і сустрэчаў з людзьмі.

Сёння нам трэба звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя словы Езуса: пайдзіце і крыху адпачніце. Хрыстус ведаў, наколькі чалавеку гэты адпачынак патрэбны, наколькі ён важны, нават неабходны для чалавека.

Таму ў школе Езуса адпачынак займае далёка не апошняе месца. А каб навучыцца па-сапраўднаму адпачываць, трэба, каб у гэтым адпачынку быў парадак. І, як паказвае практыка, тое, каб навучыцца выдатнаму адпачынку, нярэдка патрабуе шмат сілаў і часу.

Чаму так? Бо ў нашым свеце ўсё ж такі большая ўвага звяртаецца на працу, на пэўную дзейнасць, актыўнасць, на ўменне добрай малітвы, напрыклад, а вельмі мала ўдзяляецца часу, каб навучыцца правільна адпачываць. Я не сустрэў яшчэ ніводнай кнігі, якая б распавядала пра адпачынак у духу Евангелля. Дзіўная гэта рэч, што можна на тэму працы ці на тэму дасканаласці малітвы знайсці цэлыя бібліятэкі матэрыялаў. Аднак што датычыць пэўных практычных заўвагаў пра хрысціянскі адпачынак, выхаванне да такога адпачынку, то такіх матэрыялаў вельмі мала або наогул няма.

Дарагія! Важна ўсвядоміць адну рэч: уменне добра адпачыць, уменне арганізаваць такі адпачынак для іншых з’яўляецца фактам сапраўднай любові да бліжняга. Калі бачым, што нашыя бліжнія патрабуюць адпачынку, бо стомленыя, то любоў у нашым сэрцы клапоціцца аб тым, каб мы стварылі неабходныя ўмовы адпачынку для іх. Бо значна лягчэй захоўваць спакой сэрца перад абліччам цяжкіх сітуацый, калі чалавек поўны сілаў. Ён тады моцны, мае ў сабе раўнавагу. Сапраўдная любоў уплывае на тое, каб мы клапаціліся пра іншых і пра сябе ў справах сапраўднага выдатнага адпачынку.

Не абавязкова такім адпачынкам павінен быць водпуск ці вакацыі. Наадварот, бывае, што чалавек больш стомлены ад водпуску, чым ад працы. Больш карысным і якасным адпачынак будзе ў тым выпадку, калі, напрыклад, выходзім на прагулку, паасобку ці разам з сям’ёю. Адпачынак будзе тады, калі нам хапае гадзінаў сну, калі стараемся паслухаць цішыню, хоць пэўны час, каб засяродзіцца і знайсці самога сябе, якога так часта губляем у штодзённай мітусні. Ведаеце, часам хапае нават гадзінкі такога адпачынку, каб перамяніць сумныя рысы твару на сапраўдную радасную ўсмешку.

Самым небяспечным ворагам адпачынку ў сучасным свеце з’яўляецца марнаванне часу на празмерны заробак грошай. Грошы сапраўды рэч вельмі патрэбная, але толькі без фанатызму – калі грошы зарабляюцца коштам цярпення блізкіх. Гэта нешчаслівыя грошы, і яны не пойдуць на карысць. Бо значна лепш той час прысвяціць мужу, жонцы, дзецям, сям’і ў цэлым, блізкім, сябрам. А не жыць толькі дзеля таго, каб увесь час перамяняць у грошы. Бо мудры адпачынак мае вялікі ўплыў не толькі на іншых людзей, але і на вынік працы. Адпачыўшы, чалавек здольны стварыць вакол сябе выдатную атмасферу, у якой значна лепш працуецца і вынік працы адрозніваецца ад выніку працы чалавека стомленага, якому свет нямілы.

Дарагія браты і сёстры! Каб нашая сённяшняе разважанне над адпачынкам не засталося толькі пустым словам, варта спрабаваць у найбліжэйшы час, для сябе, для сваіх блізкіх, арганізаваць пэўны час адпачынку. Няхай гэта будзе такая форма правядзення часу, якая найбольш карысная і любімая для нас і нашых блізкіх. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця