Пошук

02.06.2018 08:30   а. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

Дарагія браты і сёстры!

Перш чым мы засяродзімся над думкаю, якую прапануе нам сённяшняе Божае слова, належыць сказаць некалькі словаў пра шабат. Асноўную інфармацыю пра яго мы пачулі ў першым чытанні. Шабат у юдэяў — гэта сёмы дзень тыдня, які наказвае ўстрымацца ад працы.

У кнізе Быцця ў другім раздзеле ёсць словы адносна сёмага дня: «І закончыў Бог да сёмага дня ўсе справы свае, якія Ён учыніў, і благаславіў Бог сёмы дзень і асвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх справаў сваіх, якія Бог тварыў і ствараў». Іншымі словамі шабат — гэта адпачынак. Гэты адпачынак ёсць ушанаваннем Бога і таксама з’яўляецца неабходным для чалавека.

Сёння разам з вамі я хачу крыху паразважаць менавіта пра адпачынак. Ужо на першых старонках Святога Пісання пасля апісання стварэння чалавека ідзе гаворка пра адпачынак самога Бога. Калі над гэтым засяродзіцца, то можам сказаць, што для кожнага з нас адпачынак з’яўляецца вельмі важнай справай. Чаму?

Праца, якую мы выконваем, запэўнівае нам матэрыяльнае ўтрыманне, праца ўпрыгожвае чалавека, але часамі бывае залежнасцю. Чалавек так моцна ўваходзіць у гэтую працу, што часам больш нічога апрача яе не бачыць і забываецца нават пра звычайны адпачынак. Допінгам могуць быць як большыя грошы, так і іх сур’ёзны недахоп.

Мае дарагія! Творца вельмі мудра ўсё ўчыніў і паклікаў чалавека да гармоніі, да жыцця ў ладзе з Богам, з сабою і з наваколлем. Паглядзіце, дарагія браты і сёстры, на створаны рытм дня і ночы. Дзеля гэтага ён ёсць, каб чалавек, уваходзячы ў гэты рытм, меў час на працу, але таксама і на годны адпачынак.

Дзякуючы сну чалавек можа аднавіць свае сілы, вычарпаныя за дзень працы. Нашым мазгам таксама патрэбны адпачынак. Калі няма добрага сну, нам вельмі складана аднавіць свае сілы, і новы дзень мы можам распачаць менш эфектыўна. Усе мы гэта добра ведаем.

Сучасная цывілізацыя нам крыху ўскладняе арганізоўваць добры рэгулярны адпачынак. Электрычнасць, камп’ютэрызацыя і многае іншае дазваляюць нам працаваць ноччу не горш, чым днём. Напрыклад, можна дапазна глядзець розныя забаўляльныя праграмы, любімыя тэлесерыялы, фільмы, слухаць канцэрты і так далей. Ёсць безліч цікавых рэчаў, якія нас спакушаюць ахвяраваць для іх сном. І мы самі добра ведаем, што такое начное чуванне перад блакітным экранам ці маніторам сканчваецца тым, што наступны дзень у нас можа распачацца значна пазней, або, калі мы і ўстанем раней, то прыйдзем у сябе не адразу, а яшчэ нейкі час будзем на «аўтапілоце».

Дарагія! Як бачым ва ўсім патрэбна мудрасць. У працы і адпачынку таксама. Канешне, ёсць сітуацыі, калі ад нас не ўсё залежыць, але наогул вельмі важна, каб годны адпачынак у нас усё ж такі быў.

Калі вярнуцца да шабату, то яго мы таксама можам назваць спосабам адпачынку. Адзін дзень на працягу тыдня належыць прызначыць на адпачынак. Для нас, дарагія браты і сёстры, гэтым шабатам з’яўляецца нядзеля. І самае галоўнае, прызначыць гэты дзень для Бога. Бо не толькі цела патрабуе аднаўлення сілаў, але і нашая душа патрабуе адновы духоўнай моцы, якуя мы можам чэрпаць з сустрэчы з жывым і сапраўдным Богам.

Таксама гэты нядзельны час патрэбны нам для таго, каб мы былі разам з сям’ёю. Працоўны тыдзень вельмі часта робіць нас падобнымі да вавёркі ў коле, таму нам трэба мець час для сябе, на тое, каб адпачыць сярод сваіх найбліжэйшых, знайсці час для родных і сяброў.

Умець ахвяраваць свой час вельмі важна. Калі мы знойдзем час і арганізуем для сябе адпачынак, адчуем вялікую радасць у сэрцы, пазбавімся ўнутранай мітусні і проста скіруем увагу на іншага чалавека, каб яго выслухаць, каб парадавацца або пасумаваць разам з ім. Можа, хтосць нас чакае і жадае, каб мы, арганізоўваючы такі адпачынак для сябе, падзяліліся гэтым адпачынкам з іншым чалавекам. Тады мы і самі знойдзем сілы і зможам дапамагчы знайсці іх іншым людзям.

Але калі мы абыякава будзем ставіцца да справы адпачынку, гэта, на жаль, можа вельмі пашкодзіць як нашаму целу, так і душы. Хто жадае жыць у гармоніі з Богам, з бліжнімі і з самім сабою, той павінен цаніць адпачынак, сапраўдны адпачынак, а не гультайства.

Умілаваныя браты і сёстры! Калі мы молімся, то часта ўзгадваем нашых спачылых братоў і сясцёр, калі прыходзім на могілкі, калі ўдзельнічаем ў святой Імшы, то просім для іх аб вечным адпачынку. Паглядзіце: і тут адпачынак — вельмі важнае, ключавое слова. Гэты адпачынак — удзел у вечнай радасці, да якой кожны з нас пакліканы. Сапраўдная радасць і вечны адпачынак ёсць тады, калі мы з’яднаныя з Богам. Таму давайце ж цаніць адпачынак і адносіцца да яго з усёй належнай адказнасцю, з такой пашанай, якую ўклаў у адпачынак сам Бог. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа