«Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла»
Дарагія браты і сёстры!
Вельмі прыгожае сведчанне апостала Пятра мы сёння чуем у першым чытанні. Ён, напоўнены Духам Святым, адважна прамаўляе перад старэйшынамі народу. Іншымі словамі, святы Пётр тлумачыць цуд аздараўлення, які адбыўся ў супольнасці веруючых, і праз гэты цуд выкладае веру, гэтым нават робячы сорамна старэйшынам, якія яго слухаюць.
Пётр кажа вельмі вострыя словы: «Ён (Езус) — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі, але Ён стаўся галавою вугла. І няма ні ў кім іншым збаўлення. Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне». Таму што «гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы, дзякуючы імені Езуса Хрыста з Назарэта, якога вы ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых». Адвага — гэта тое, дзякуючы чаму Пётр змог аб’явіць Езуса, паказаць, у каго верыць ён сам, а таксама іншыя апосталы і вучні.
Дарагія! У сённяшнім свеце і нам з вамі трэба мець нямала адвагі, каб так, як Пётр, прызнавацца ў Хрысце. Можа, мы кожны дзень і не становімся сведкамі вялікіх цудаў, як калісьці апосталы. Нас сёння Езус кліча, каб мы абаранялі прынцыпы хрысціянскага жыцця. Каб мы з адвагаю, можа, нават без словаў, але сваімі паводзінамі паказалі, што Евангелле — гэта сэнс нашага жыцця, да якога мы пакліканы. У сучасным свеце мы, як і Хрыстус, з’яўляемся гэтым краевугольным камнем, які так часта адкідваецца. Бо ў свеце існуе шмат іншых прынцыпаў, якімі жывуць людзі, аднак гэты свет не можа прыняць навукі Хрыста Уваскрослага.
Другое чытанне з сённяшняй літургіі слова звяртае нашую ўвагу на дар Божай любові, які з’яўляецца сэрцам нашага хрысціянскага жыцця. Пётр адважна сведчыць пра Хрыста Уваскрослага не дзеля таго, каб прынізіць людзей, якія яго слухаюць, не дзеля таго, каб яны адчулі сябе нікчэмнымі, але каб праз шчыры жаль маглі ўбачыць, нават адчуць айцоўскую любоў Бога і Езуса, які аддаў сябе дзеля нас усіх. Бо дзякуючы гэтай любові мы названы Божымі дзецьмі і насамрэч імі з’яўляемся.
Таму, дарагія браты і сёстры, майце адвагу! Да гэтага нас заахвочваюць Хрыстус Уваскрослы і апостал Пётр, які рашуча прапаведуе Хрыста дзеля збаўлення праз веру. Як вядома, мы таксама, як апосталы, павінны быць мужнымі. А гэта Божы дар. У кнізе прарока Ісаі можам знайсці такія словы: «Вырасце галінка з пня Ессэевага. На ёй спачне Дух Пана, дух мудрасці і розуму, дух рады і мужнасці, дух ведаў і боязі Божай». У кнізе Зыходу ёсць такія словы: «Пан мая моц і крыніца мужнасці! Яму дзякую за маё выратаванне». Такім чынам, Святое Пісанне выразна кажа аб тым, што мужнасць — гэта Божы дар, які нам у жыцці вельмі патрэбны.
Святы Дух, калі ўдзяляе нам гэты дар, то ўмацоўвае нас знутры. Гэтая мужнасць пачынае дзейнічаць, выплываючы з сэрца чалавека, і дазваляе добра будаваць хрысціянскае жыццё. Калі мужнасць разглядаць толькі як чалавечую цноту, як прыроджаны дар, то можам адзначыць, што сама па сабе чалавечая мужнасць нясталая, без Божай падтрымкі. Нават у гісторыі збаўлення Бог выбраў слабых людзей, каб дар мужнасці іх перамяніў і зрабіў адважнымі і моцнымі. А святы апостал Павел некалі скажа: «Я усё магу ў тым, хто мяне ўмацоўвае».
Дарагія! Цнота мужнасці вельмі патрэбная нам сёння. Усім нам, не толькі людзям маладым, але і ў кожным узросце мужнасць патрэбная і карысная. Гэтая цнота спрыяе таму, што мы становімся трывалымі перад жыццёвымі выпрабаваннямі і сталымі ў імкненні да дабра. Мужнасць выхоўвае наш характар, робіць нас моцнымі ў пераадольванні ўсялякага роду спакусаў і перашкодаў, як у духоўным жыцці, так і ў жыцці маральным, і ўрэшце гэтая ж мужнасць натхняе людзей да складання сапраўднага сведчання веры, а нават і ахвяры са свайго жыцця. Прыкладам гэтага з’яўляецца жыццё апосталаў і мучанікаў Хрыстовага Касцёла. Іх мужнасць перарасла ў гераізм веры, якую яны адважна вызналі, не баючыся таго, якія пакуты іх чакалі пасля. Яны ведалі, што Хрыстус, які іх умацаваў, які здзейсніў столькі знакаў і цудаў праз іх рукі і даў гэты дух мужнасці, не пакіне іх да канца жыцця.
Дарагія браты і сёстры! Чацвёртая Велікодная нядзеля ў літургічным годзе мае назву Нядзелі Добрага Пастыра. Хрыстус Уваскрослы, які збірае нас каля свайго алтара, жадае, каб мы не баяліся да Яго наблізіцца з усім тым, што ў нас ёсць. Каб мы не баяліся да Яго наблізіцца нават тады, калі ў нас, на нашу думку, нічога добрага няма. Бо Ён, Добры Пастыр, дасць нам тое, што для нас найбольш карыснае. Можа, гэта нам не зусім будзе падабацца, але гэта ўжо іншая справа.
Кожнаму з нас трэба мужна стаць у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў. Веруючыя людзі некалі аддавалі жыццё за Хрыста, гэта самае лепшае сведчанне, якое толькі можа быць, а мы часам занядбоўваем нават самыя простыя рэчы, якія таксама з’яўляюцца сведчаннем. Выкананне Божых і касцёльных запаведзяў — гэта асабістая адказнасць кожнага з нас за дар веры. Нам таксама трэба быць мужнымі ў сваім жыцці, каб не баяцца жыць па-хрысціянску. Можа, іншыя людзі жывуць нейкімі іншымі прынцыпамі, але мы, веруючыя, павінны жыць так, як вучыць Езус Хрыстус, будуючы сваё жыццё паводле Евангелля. Бо інакш які сэнс нашай веры?! Калі мы жывём насуперак таму, у што верым, як тады мы можам быць вучнямі Хрыста?
Мае дарагія, нам трэба шмат адвагі і мужнасці, каб перамагчы духоўную ляноту і абыякавасць, якая здаецца бяскрыўднай на першы погляд, але насамрэч прыносіць вялікую шкоду ў духоўным жыцці. Лянота як іржа: калі яе мала — то яшчэ нічога, але калі дазволіць ёй развівацца, то паржавее ўсё нашае духоўнае жыццё і стане непрыдатным ні да чаго. Таму будзьце адважнымі і абараняйце сваю веру!
Няхай сённяшняе сведчанне апостала Пятра, а таксама жыццё і прыклад першай хрысціянскай супольнасці будуць для нас добрым прыкладам, каб жыць па-хрысціянску сёння, у наш час. А наш супольны ўдзел у гэтай нядзельнай Эухарыстыі няхай будзе плённым і з’яднае нашыя сэрцы ў шчырым вызнаванні веры, памножыць цноту адвагі, каб мы, як некалі апосталы, усім сваім жыццём сведчылі аб вялікай Божай любові, якую прыносіць добрая вестка аб Уваскрасенні Пана. Амэн.