“Ці ж вы не ведаеце, што вы — святыня Божая і што Дух Божы жыве ў вас?”
Прагну паўтарыць гэтыя словы разам са святым апосталам Паўлам, дадаючы: а святыня Божая — святая, і вы ёй з'яўляецеся!
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
У сённяшнюю нядзелю адзначаем урачыстасць асвячэння нашай святыні. Той момант, калі гэты прыгожы, цудоўны Божы дом стаў асаблівым чынам прысвечаны Пану. 25 ліпеня мы адзначалі чарговую гадавіну з дня кансэкрацыі нашай святыні, якую здзейсніў Яго Эксцэленцыя біскуп Эдвард Роп у 1904 годзе. У сённяшняй літургіі адзначацца гадавіна асвячэння ўласнага касцёла, якую перажывае кожная кансэкраваная святыня Паўсюднага Касцёла, наша таксама.
Менавіта сам Езус Хрыстус, які памёр і ўваскрос, з'яўляецца вуглавым каменем гэтай святыні, а мы на Ім пабудаваны на жывую Божую святыню. І Бог, у Найсвяцейшай Тройцы, тут, сярод нас, мае свой дом. Для нас, дарагія браты і сёстры, сёння выдатная нагода яшчэ раз задумацца над тым, якое месца касцёл, як дом Божы, займае ў жыцці кожнага з нас.
Калі мы паглядзім у розныя часы на розныя культуры і рэлігіі, то можам заўважыць, што святыні прысутныя ўсюды: і на Усходзе, і на Захадзе, і ва ўсім свеце. Дарэчы, найпрыгажэйшыя будынкі – гэта звычайна святыні. Бо чалавек, які верыць, заўсёды Богу аддасць лепшае. Бо Яму гэта належыць.
У сённяшні час амаль нічога не змянілася, толькі Бог для некаторых змяніўся. Сёння для многіх бог – гэта грошы, гэта бізнэс, а яго святыні – кірмашы, банкі і гандлёвыя цэнтры. Сёння, асабліва на Захадзе, шмат святыняў наогул пустуе. А там, дзе калісьці будавалі свет без Бога, шмат касцёлаў і цэркваў было знішчана. Вельмі сумна і балюча, што на Захадзе многія святыні закрыты або прададзены, бо няма каму ў іх хадзіць.
Сёння дзякуем Богу за нашую прыгожую святыню, за нарачанскі касцёл, за тое, што ён не пустуе, што вы, дарагія браты і сёстры, прыходзіце ў дом Божы, каб маліцца, каб яднацца з Богам і бліжнімі, каб сустракацца з Езусам у Эўхарыстыі.
У сённяшняй літургіі слова ў другім чытанні апостал Павел нагадвае нам вельмі важную рэч. Ён кажа нам, што самай прыгожай святыняй у свеце з'яўляецца чалавечае сэрца. Кожны з нас усё сваё жыццё праз веру і любоў будуе святыню на фундаменце Хрыста і Яго апосталаў. А як наша святыня выглядае – гэта ўжо залежыць ад нас. Ад таго, наколькі мы клапоцімся пра святыню сваёй душы. Наколькі для нас важная прыгажосць нашай унутранай святыні.
Дарагія! Сёння разам з апосталам Пятром хочам усклікнуць: “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога!” Бо сёння тут, у нашым касцёле, Езус Хрыстус да кожнага з нас звяртаецца з пытаннем: а ты кім лічыш Мяне? Чым для цябе з'яўляецца Мой дом?
Калі мы сваім жыццём адкажам падобна як апостал Пётр, то пачуем тыя ж словы, толькі звернутыя да нашых сэрцаў, да святыні сэрца кожнага з нас. Сам Езус Хрыстус у нашым сэрцы пабудуе святыню.
Апостал Пётр вызнае ад імя ўсяго Касцёла, што Хрыстус – Божы Сын. З таго моманту Паўсюдны Касцёл паўтарае за Пятром гэтае вызнанне і не перастае паўтараць увесь час. На гэтым жа вызнанні збудавана наша нарачанская святыня, якая з'яўляецца часткаю Паўсюднага Касцёла і ў якой пастаянна праз сотні вуснаў і сэрцаў гучаць словы вызнання апостала Пятра.
Умілаваныя! Цудоўна, што ў наш час усё часцей і часцей будуюцца прыгожыя каплічкі і касцёлы, што ў нашай парафіі вельмі прасторны і прыгожы касцёл, які збірае вернікаў і тых, хто хоча наведаць нашу святыню як у духоўных, так і ў эстэтычных мэтах.
Гэта ўсё вельмі добра, але, дарагія браты і сёстры, нельга нам забываць пра самую дарагую і важную святыню, якую кожны з нас будуе. І таму ў гэтым будаўніцтве заўсёды павінна знайсціся месца на малітву, на жыццё паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў, на ўменне прабачаць і любіць бліжніх. Усё гэта найлепш упрыгожвае святыню нашага сэрца. І толькі так мы гэтую нашу святыню можам насамрэч збудаваць. Бо святыня Божая – святая, і вы ёй з'яўляецеся. Амэн.