Мінскі архікатэдральны касцёл, 20 жніўня 2017 г.
Будзьма людзьмі моцнай веры
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. “Няхай усе народы славяць Цябе, Божа”. Гэты рэфрэн святой Імшы ХХ Звычайнай нядзелі вельмі добра прадстаўляе галоўную думку ўсіх сённяшніх чытанняў. Яны пацвярджаюць тое, што Бог з’яўляецца Богам усіх людзей і здзейсненае Езусам збаўленне адносіцца да ўсіх народаў. Бог таксама не пакідае нас адных і выслухоўвае нашы просьбы, калі гэта патрэбна для нашага збаўлення.
Сённяшняе Евангелле прадстаўляе дыялог паміж ханаанскай жанчынай і Езусам. Жанчына прыходзіць да Езуса са сваёй бядой, бо яе дачка была апантана злым духам. Езус як быццам не чуе яе просьбы. Больш за тое, Ён кажа, што нягожа забіраць хлеб у дзяцей і аддаваць шчанятам.
Хто тут дзеці, а хто шчаняты?
На пачатку Езус, выпрабоўваючы жанчыну, кажа, што пасланы да авечак з Ізраіля, а ханаанцы не належалі да Выбранага народа. Аднак жанчына не здаецца і на гэты аргумент Езуса адказвае, што і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадара.
Прыемна ўражаны такім адказам, Езус хваліць яе за моцную веру. Нягледзячы на тое, што яна не належала да Выбранага народа, тым не менш яна верыла ў паўсюднасць місіі Езуса і Яго дапамогу патрабуючым. І сапраўды, Езус чыніць цуд, і дачка жанчыны выздараўлівае.
2. Калі б хтосьці нам задаў наступнае пытанне: “Якімі пяццю словамі з хрысціянскага пункту гледжання можна найлепей ахарактарызаваць чалавека?” Вядома, што адказы могуць быць розныя ў залежнасці ад таго, вядомы чалавек ці не, вучоны ён ці просты чалавек, бацька сям’і ці святар, кансэкраваная асоба і г.д.
У сённяшнім Евангеллі Езус прадстаўляе нам пяць несмяротных слоў, калі так можна выказацца: “О жанчына, вялікая твая вера”. Евангелле падае вельмі скупыя звесткі пра гэтую жанчыну, мы не ведаем ні яе імені, ні сацыяльнага статусу. Вядома толькі, што яна належала да роду ханаанітаў, якія знаходзіліся ў варожых адносінах з яўрэямі. Аднак адно ведаем напэўна: што Езус падчас адзінай сустрэчы з ёй акрэсліў яе як чалавека моцнай веры.
3. Толькі некалькі слоў, але іх дастаткова, каб зрабіць жанчыну несмяротнай, бо той, хто верыць, будзе збаўлены. Мы павінны верыць гэтым словам, бо яны сказаны самім Збаўцам, найлепшым экспертам у справе веры.
Езус шукаў людзей моцнай веры, падобна таму, як золаташукальнік шукае гэтага каштоўнага металу. Ён не заўсёды быў задаволены верай сваіх слухачоў, а часам нават і апосталаў. Словамі, якімі Ён акрэсліў ханаанскую жанчыну, Ён ніколі не не назваў апосталаў. Наадварот, нават папракаў іх з-за слабой веры. Добрым прыкладам можа быць суцішэнне буры на моры, калі апосталы наракалі на Езуса, што не ратуе іх у той час, калі ім пагражае смерць. Езус тады папракаў іх у сваю чаргу з-за слабой веры.
Або калі Пётр, даверыўшыся словам Езуса, ішоў да Яго па хвалях узбуранага мора, а потым сканцэнтраваўся на хвалях, перапужаўся і пачаў тануць. Тады Езус яго выратаваў, але адначасова папракнуў за слабую веру.
4. Словы, якімі Езус назваў ханаанскую жанчыну, абуджаюць нас з духоўнага сну і заклікаюць паглядзець на нашу веру. Якая яна? Моцная і жывая ці, можа, вельмі слабая? Можа, яна падобная да тонкай галінкі дрэва і нахіляецца ў той бок, куды дзьме вецер, а можа, і мы апантаныя злым духам нашага часу, не зважаем на веру і яна ў нас памірае, а можа, ужо памерла?
Такіх прыкладаў у сучасным свеце можна знайсці шмат. Сучасны чалавек нярэдка больш верыць сабе, чым Богу. Мы яшчэ добра памятаем Чэмпіянат свету па хакеі, які адбываўся ў Мінску ў 2014 г. Сярод каманд, якія выступалі, была Канада, адна з найлепшых хакейных дружын свету, між іншым, сучасны чэмпіён. І вось падчас аднаго матчу канадскі балельшчык сядзеў з плакатам, на якім было напісана: “I do not believe God. I believe Crosby” – “Я не веру ў Бога. Я веру ў Кросбі”. Кросбі – гэта вельмі добры канадскі хакеіст. Не будзем гадаць, Бог пакараў канадцаў ці проста так адбылося ў гульні, але яны гэты матч прайгралі. І ўвогуле на тым Чэмпіянаце свету занялі толькі пятае месца.
Нездарма Святое Пісанне заклікаць пакладаць надзею не ў чалавеку, але ў Богу. А для гэтага патрэбна моцная вера. І аб гэтым трэба прасіць Бога, каб яе ўмацаваў.
5. Гісторыя навяртання святога Аўгустына вельмі цікавая і павучальная. Як вядома, доўгія гады ён жыў па-за Касцёлам, не верыў у Бога. Яго маці святая Моніка ўвесь час малілася аб навяртанні сына. Таксама яна прасіла дапамогі мудрых людзей. Калі Аўгустын захапіўся маніхейскай філасофіяй, то яна прасіла, каб адзін з вельмі мудрых людзей паразмаўляў з ім і паказаў яму, чаму яго вера не сапраўдная. Маніхеізм – гэта дуалістычнае рэлігійнае вучэнне, якое прадстаўляе свет як сумесь дабра і зла, а чалавека як вырадка пекла, які заключыў сваю душу ў аковы цела.
Мудры чалавек, які ў свой час таксама быў прыхільнікам маніхеізму, адмовіўся, бо ведаў, што такі інтэлектуал, якім быў Аўгустын, заўсёды знойдзе масу контраргументаў. Тады Моніка пачала плакаць, бо баялася за будучыню свайго сына. На гэта мудры чалавек сказаў, што немагчыма, каб слёзы маці былі на дарма.
І сапраўды, так сталася. Мудры чалавек меў рацыю. Аўгустын быў так моцна закрануты словамі Святога Пісання, што змяніў свой жыццёвы шлях, і сёння ў яго асобе мы маем аднаго з найлепшых хрысціянскіх філосафаў і тэолагаў.
Дарагія браты і сёстры. Прыклад аздараўлення дачкі ханаанскай жанчыны і навяртання св. Аўгустына паказвае, што ў Бога ўсё магчыма. Неабходна толькі нястомна Яго аб гэтым прасіць.
Не дазволім таму, каб нашы слёзы згасілі агонь веры ў Бога. Можа, нам здаецца, што Бог ігнаруе нашы просьбы, як гэта было ў выпадку з ханаанскай жанчынай ці маці св. Аўгустына. Не. Бог не застаецца глухім на нашы просьбы, трэба толькі з верай прасіць Яго аб гэтым. Амэн.