Пошук

10.07.2013 09:53  
1 чыт. Дрг 30, 10-14; Пс 69 (68), 14 і 17. 30-31. 33-34. 36ab і 37 альбо Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11.
2 чыт. Клс 1, 15-20.
Ев. Лк 10, 25-37.

Дзейнічаць, каб зразумець і жыць

Адной з частых спакусаў, з якімі мы сустракаемся, з'яўляецца імкненне аддзяляць «дзеянне» ад «разумення», любоў ад праўды, тэорыю ад практыкі. Такое аддзяленне шкоднае, галоўным чынам, у рэлігіі. У сапраўднасці ў пытаннях рэлігіі любоў апярэджвае разуменне і плённую практычную дзейнасць і робіць магчымым разуменне і свабоднае рашэнне далучыцца да праўды. Вернік знаходзіцца нібы ў стане закаханасці, а людзі не становяцца закаханымі па «разумных» матывах. Закаханасць нельга выводзіць проста з прычын, умоваў, пэўных прадпасылак, але яна — новая праява асабістай свабоды, з якой выцякае новае разуменне і новы шэраг рашэнняў. Любоўю мы пазнаём каштоўнасці, якіх раней не заўважалі або на якія дагэтуль не звярталі ўвагі. Для таго, каб зразумець любоў, чалавеку неабходна адсочваць, абдумваць і ставіць сабе пытанні.

Яўрэйскі тэолаг

Адзін яўрэйскі тэолаг звярнуўся да Езуса і папрасіў Яго адказаць на самае складанае пытанне чалавечага жыцця: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Гэтае пытанне выключна важнае. Але здаецца, што ў гэтым выпадку яго задалі Езусу хутчэй з інтэлектуальнай цікаўнасці, чым па шчырым пабуджэнні сэрца. Гэтае пытанне ставіць хутчэй розум тэолага, чым чалавечае сэрца яўрэя. Езус прымае пытанне з поўнай сур'ёзнасцю і ў адказе спасылаецца на Закон, выражаны ў Дрг 6, 5: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім» („і бліжняга свайго, як самога сябе“).  Але Езус дае знаўцу Закона адказ, які той ужо ведаў, і дадае: «Так рабі і будзеш жыць».

Тэолаг такім чынам паставіў дарэмнае пытанне: ён хацеў толькі дыскутаваць. Адказ ён ведаў, хапіла б практычна карыстацца ім. Замест гэтага ён пытаецца: «А хто мой бліжні?» Гэта самая дрэнная тэалогія! Хто не дрыжаў перад гэтай цвёрдай запаведдзю, у каго над ёй не затойвала подыху, хто са страхам не ўсведамляў вялізнай дыстанцыі, якая ляжыць паміж гэтымі прыгожымі абавязваючымі словамі і сваім сапраўдным канкрэтным жыццём, той падобны да гэтага яўрэйскага несур'ёзнага і непераканаўчага тэолага.

Езус, аднак, адказвае цярпліва і на другое пытанне і апавядае славутую прыпавесць, якую мы ўсе ведаем: бліжнім для цябе з'яўляецца кожны, хто патрабуе тваёй дапамогі і Каму ты можаш зрабіць што-небудзь добрае. Таксама і ў гэтым выпадку Езус падмацоўвае адказ цвёрдымі словамі: «Ідзі і ты рабі таксама».

Любоў стаіць на першым месцы перад любой формай абрадаў і веравучэнняў. З гэтага пункту гледжання прыпавесць становіцца строгім судом для кожнага хрысціяніна. Святар і левіт, убачыўшы яго, прайшлі міма. А гэта часта робім і мы! Самаранін з прыпавесці не быў артадаксальным яўрэем. Для праявы сваёй любові яму не патрэбна было ўзбраення рэлігійнымі пабуджэннямі, добрымі намерамі, набытымі ў духоўных практыкаваннях. Ён толькі дзейнічае па голасе свайго сэрца і такім чынам ставіць у ганебны стан і святара, і левіта, і яшчэ многіх з нас.

Езус не вырашае практычнага пытання пра тое, хто мой бліжні, але пераносіць праблему з нябеснай тэорыі ў жыццёвую практыку. Хіба гэта не праўда і ў нашым выпадку, што нежаданню зрабіць штосьці падпарадкоўваюцца мнонія пытанні пра нашу «тоеснасць» і «тоеснасць» іншых? «Дзейнічай!» — гэта лепшы шлях, кааб знайсці і тэарэтычны адказ. «Дзеянне» вядзе да «разумення», жыццё вядзе да праўды.

Прыслухоўвацца да слова Пана

Глава з Пятай кнігі Майсея — Другазаконня — пераследуе логіку, якую мы ўжо пазначылі: ад паслухмянасці слову Бога да навяртання, да прызнання Бога: «Будзеш слухацца голасу Пана Бога твайго, захоўваць запаведзі і наказы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе Закону, і вернешся да Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй». У той жа главе гаворыцца, што Бог «абрэжа» сэрцы, іншымі словамі нас радыкальна ўнутрана адновіць, кааб даць чалавеку здольнасць любіць і, такім чынам, у поўнай меры быць паслухмяным. Можна сказаць, што прынцып міласэрнасці («абразанне сэрца» з боку Бога) звязаны з паслухмянасцю Закону, значыць волі Божай.

Ізраэль не можа адмаўляць ні тое, што Божая запаведзь не па яго сілах («Хто б узышоў для нас у неба і прынёс яе нам»), ні што яна далёкае ад яго («Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам»). Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго. Паколькі Божае слова блізкае да нас, яно знаходзіцца ў глыбіні нашай душы, яно можа і павінна ажыццяўляцца ў нашай практычнай дзейнасці (пар. Рым 10, 6-8). Толькі той, хто вырашыў адвергнуць Божую волю і зачыніў сваё сэрца на замок перад Божай ласкай, у таго не будзе «абрэзанага» сэрца і той не атрымае Божага слова. Такім чынам, ля кораня пазнання Божай волі знаходзіцца гатоўнасць, згода чалавека і Божая ласка.

У тэксце Другазаконня 30, 11-14 падкрэсліваецца, што для таго, хто хоча пачуць Божае слова і быць яму паслухмяным, не трэба нейкіх звышчалавечых намаганняў або эзатэрычнай мудрасці. Трэба толькі прыняць Божыя ўчынкі, якія нас унутрана перамяняюць, якія «абрэжуць» сэрцы. Цяпер зададзім сабе пытанне: чаму многія запаведзі пакідаюць нас без водгуку? Можа, яны занадта цяжкія для разумення, занадта аддаленыя ад нас, банальныя або ўжо не маюць значэння? Або нас ужо не перамяняе чытанне Святога Пісаня, яго тлумачэнне, бо на самой справе мы не хочам, кааб наша сэрца перамянілася да такой ступені, каб мы слухалі з карысцю для нас, каб мы практычна жылі тым, што пачулі?

Першынствo Хрыста

На снове ўрыўку з Пятай кнігі Майсея — Другазаконня — і чытання Евангелля мы маглі б прыйсці да высновы, што хрысціянін стаіць перад абліччам закону, абавязкам любіць, перад словамі загадаў. Цяпер у другім чытанні мы можам пазбегнуць такой трактоўкі, бо яно нам кажа, што Езус Хрыстус — той, каго мы павінны пазнаваць, кааб быць збаўленымі, палюбіць бліжняга і быць шчаслівымі. За Хрыстом на самой справе«ва ўсім першынство», «у Ім жыве ўся паўната», «праз Яго прымірыў з сабою ўсё», «у Ім створана ўсё». Езус Хрыстус таму становіцца першым аб'ектам пазнання, з'яўляецца першай і абсалютнай каштоўнасцю, якую трэба свабодна выбраць і палюбіць.

Якім чынам можна засвоіць сапраўдную мудрасць, як мы можам яе зразумець і жыць на яе аснове сапраўдным, праўдзівым жыццём? На пачатку сапраўднай мудрасці жыцця трэба ўспрыняць Езуса як цэнтр, як сэрца, як Першага і Апошняга ў лесвіцы каштоўнасцяў і праўды. Мудрасць — гэта не пазнанне, адарванае ад любові, але любоў да Хрыста, якая паслядоўна патрабуе, кааб мы Яго правільна пазнавалі, зразумелі і ацэньвалі. Калі не будзем зыходзіць з любові да Езуса, не даведаемся, што Ён — Праўда. Але мы пойдзем на рызыку, калі з Праўды, якой Ён з'яўляецца, створым штосьці пад сваю мерку.

«Першынство» Хрыста, пра якое кажа ўрывак з Ліста да Каласянаў, азначае, што Езус — гэта і «сэнс», і «праўда», вырашальная і асноўная каштоўнасць не толькі для хрысціян, але і для кожнага чалавека. Павел кажа: «у Ім было створана ўсё». Калі ўсе людзі бяруць пачатак у Езусе Хрысце, гэта азначае, што Ён з'яўляецца сэнсам і мэтай кожнага чалавека, які імкнецца жыць паўнавартасным жыццём. Калі мы не зыходзім з Езуса, мы не здольныя зразумець паходжання і мэты чалавека. У Ім разважаем пра дасканалую рэалізацыю чалавека, паўнату і праўду чалавечай асобы. Тым, што Езус з'яўляецца Божым Сынам, Ён стаў непераўзыдзеным абсалютам усяго, што па-сапраўднаму чалавечае. Значыць, чалавек знаходзіць цэнтр і меру свайго быцця не ў сабе, а па-за сабой. Вынікам гэтага з'яўляецца тое, што калі чалавек хоча цалкам рэалізаваць сябе ў жыцці, ён павінен навучыцца абіраць такім чынам, як Езус, паводзіць сябе, як Ён, любіць, як Ён, значыць стаць Яго вучнем. У тым, што мы становімся вучнямі Хрыста, зліваюцца ў адну дзве рэчаіснасці: «разумець» і «хацець», «дзейнічаць» і «жыць», таму што тады ўвесь чалавек злучыцца са сваім сапраўдным «цэнтрам».

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 01.06.2022 23:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа