Пошук

05.06.2013 15:26  

1 чыт. 1 Вал 17, 17-24; Пс 30 (29), 2-4. 5-6. 11 і 12a i 13b.
2 чыт. Гал 1, 11-19.
Ев. Лк 7, 11-17.

Пан — Даўца жыцця

«Вызваленне» — гэта адно са словаў, якое сёння знаходзіць вялікі водгук… Гэта правільна, таму што сучасны чалавек лепш, чым у мінулым, усведамляе, што яму трэба вызваліцца ад многіх формаў рабства. Але сучасны свет таксама лепш усведамляе свае абмежаванні: пасля энтузіязму і надзеі на неабмежаваны «прагрэс» у 60-х гадах ХХ ст. дало пра сябе знаць адчуванне скептыцызму, недаверу, амаль пакоры, якое нас сёння суправаджае. Чалавек не перамог голад у свеце. Вайна, нават сусветная атамная катастрофа, больш не з'яўляюцца толькі выдуманай небаспекай. Распаўсюджваецца насілле, тэрарызм стаў амаль невылечнай хваробай. Наркотыкі штодзённа губяць сваіх ахвяраў. Медыцынская навука бездапаможная перад многімі хваробамі. Ідэалогіі знаходзяць сваіх прыхільнікаў усіх напрамкаў, і г.д. Хто нас зможа вызваліць ад зла, якое няспынна пагражае нам з усіх бакоў?

Зноў пачаць жыць


Прарок Ілля вяртае жыццё мёртваму дзіцяці. Маці дзіцяці бачыць у смерці сына пакаранне за свае грахі. Яна кажа прароку: «Ты прыйшоў да мяне нагадаць пра беззаконне маё?» Гэтая жанчына стварыла сабе ўяўленне пра Бога як пра суддзю, які старанна адкрывае грахі і вінаватых пазбаўляе жыцця або жорстка іх карае.

Калі прарок вярнуў жыццё яе дзіцяці, гэтая жанчына ўсклікнула: «Вось цяпер я пазнала, што ты чалавек Божы, і што праўдзівае слова Пана ў вуснах тваіх». Яна даведалася, што Бог не такі, якім яна Яго ўяўляла сабе да смерці сына, значыць, Богам, які забівае. Цяпер яна зразумела, што Бог дорыць жыццё, вызваляе ад смерці. І Божае слова мае настолькі вялікую сілу, што яно дорыць жыццё нават таму, хто памёр. Мэтай аповеду пра цуд з’яўляецца толькі тое, каб пацвердзіць місію прарока: «Вось цяпер я пазнала, што ты чалавек Божы». Жанчына зразумела, што прарок мае пэўную «святую» ўладу, але яна ўспрымала гэта як штосьці двухсэнсоўнае. Цуд рассеяў двухсэнсоўнасць: місія і ўлада прарока як Божага чалавекa прызначаны для жыцця.

Ілля паказвае, што Бог — гэта не той, хто карае і пазбаўляе жыцця, а што Ён з'яўляецца Богам жыцця. Бог — не двухсэнсоўная сіла, якая без прычыны, згодна са сваім настроем, ажыўляе або забівае, без прычыны дорыць і бярэ. Наадварот, Ён хоча, каб людзі жылі.

У нас існуе прага жыцця, але і схаваныя сілы, якія прыводзяць чалавека да знішчэння самога сябе. Божае слова, якое абвяшчае Бога жыцця і пераконвае таксама ў абсалютнай надзеі, дае нам сілу, каб перамагчы нашу схільнасць да смерці і каб у нас пераважала воля жыць вечна.

Евангелле Езуса

Апостал Павел тлумачыць сутнасць Евангелля, якое абвяшчае. Ён адзначае, што «Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека». Гаворка ідзе не пра ідэалогію, не пра нейкую з многіх філасофій. Евангелле, якое абвяшчаў Павел, утвараецца з аб'яўлення Езуса Хрыста. Апостал паўтарае: «Бог (…) пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам». Павел не абвяшчае «Евангелле» многіх іншых старажытных прапаведнікаў, але і не сённяшніх, якое магчыма было б аб'яднаць у форме слоганаў: «верыць самому сабе», «верыць у чалавека», «верыць у жыццё». Ні абстрактныя вучэнні, ні нарцыстычная замкнёнасць у самім сабе… Павел сустрэў Езуса Хрыста, і для яго Евангелле — сам Езус.

Апостал Павел быў перакананы яўрэй, вельмі пабожны і маральна беззаганны, нават да такой ступені, што дзеля абароны хрысціянскай артадаксальнасці стаў пераследаваць хрысціянскі Касцёл. Яго «навяртанне» не было маральнай зменай або пераходам ад нявер'я да веры, а сустрэчай з Асобай уваскрослага Езуса. Павел падсумаваў свой хрысціянскі досвед і кажа: «Хрыстус жыве ўва мне», што значыць: «Уваскрослы Хрыстус з'яўляецца пачаткам майго новага жыцця».

Вялікія заснавальнікі рэлігій прапаноўвалі чалавецтву «вучэнне» або «ідэальную рэлігійную сістэму». Яны з'яўляліся настаўнікамі рэлігійных вучэнняў, але самі яны не сталі прадметам веры. Так, напрыклад, мусульманін не ставіць Мухамеда цэнтрам сваёй веры, ён лічыць яго толькі прарокам. У выпадку Езуса Хрыста ўсё цалкам па-іншаму: Езус не толькі абвяшчаў пэўнае вучэнне, пэўную маральную сістэму, але Ён «даў» самога сябе як прадмет веры і меру, норму маральных паводзінаў. Езус з'яўляецца не толькі абвяшчальнікам свайго Евангелля, але Ён сам — складнік Евангелля, Ён нават жывое Евангелле.

Хлопча, кажу табе, устань

Выпадак з Евангелля паказвае нам сустрэчу Езуса з удавой, якая ідзе за насілкамі з мёртвым сынам. «Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю». «Kyrios»,  Пан — гэта тытул, які атрымаў уваскрослы Езус, Пан жыцця, які перамог смерць. Пан яе «бачыць» і «злітаваўся над ёю». Езус паказвае нам адносіны Бога да людзей, Бога, які не сляпы ў дачыненні да нашых пакутаў і клопатаў, які не з'яўляецца абыякавым і неадчувальным да нас. Бог бачыць, і Яму шкада чалавецтва, якое прыгнятаюць, якое пакутуе пад цяжарам столькіх формаў рабства, якія яго пазбаўляюць жыцця і жыццёвых радасцяў.

Езус наблізіўся да насілак і дакрануўся да іх. Гэты жэст іўдзейскі закон забараняў, бо кантакт з мёртвым апаганьваў чалавека. Але Езус мае ўладу перамагчы нават смерць, Ён вызвалены ад страху перад смерцю. Юнаку Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань». Пакуль старазапаветны прарок моліцца і жэстамі заклікае Пана над мёртвым дзіцём (пар. 3 Вал. 17, 21; 4 Вал. 4, 33),  Езус ажыўляе сілай свайго ўсемагутнага і неадольнага слова, таму што Яго слова — гэта Божае слова.

Лука робіць выснову: «Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ». Усе прароцтвы знаходзяць сваё спаўненне ў Езусе. Уся падрыхтоўка ў Старым Запавеце знаходзіць сваё дасканалае спаўненне ў апошнім і канчатковым прароку — у Езусе Хрысце. Гэта значыць, што больш не будзе магчымым, каб існавала слова, якое пераадолела б слова Езуса, таму што «апошняе слова» заўсёды застаецца за Езусам. І гэтае слова — слова, якое ажыўляе, якое атрымлівае перамогу над самым вялікім злом — над смерцю.

У рэшце рэшт Бог «наведаў свой народ» праз пасрэдніцтва Пана Езуса (Kyrios). У Езусе да нас прыйшло апошняе і канчатковае слова Бога, не толькі нейкае прароцкае слова сярод іншых прароцкіх словаў. Праз пасрэдніцтва Езуса нам Бог канчаткова і неадольным чынам абвясціў «усё сваё слова». Ён таксама сказаў нам, што за смерцю няма апошняга слова, што яна не з'яўляецца заключнай пячаткай, непераадольным злом.

Такім чынам, рэфрэн псальма гэтай нядзелі можа падсумоўваць усе тры чытанні: «Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў». Бог сваім Евангеллем, якім з’яўляецца Езус, вызваляе нас ад усялякай фальшывай пабожнасці, і калі мы ў Яго паверым, мы вызвалены ад смерці.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця