Пошук

15.05.2013 00:00  

1 чыт. Дз 2, 1-11; Пс 104 (103), 1ab і 24ac. 29bc-30. 31 і 34.
2 чыт. 1 Кар 12, 3b-7. 12-13. альбо Рым 8, 8-17.
Ев. Ян 20, 19-23  альбо Ян 14, 15-16. 23b-26
.


Дух жыцця

У літургіі Нядзелі Спаслання Духа Святога мы святкуем дар, які даў Езус сваім вучням — дар Духа Святога. У Сімвале веры мы вызнаем, што Дух дае нам жыццё. Таму сёння — свята жыцця! Уваскрослы Езус дае нам свайго Духа, таму што хоча, каб мы жылі.

 

Для свету сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца святам надзеі, адказам на нашае непагаснае жаданне жыцця. Мы самі не зможам цалкам рэалізаваць гэтае жаданне, але з дапамогай Езусавага Духа можам жыць паўнавартасным і вечным жыццём. Яго Дух дае нам магчымасць жыць, таму што з’яўляецца «жыватворчай энергіяй» Бога.

Грэх чалавека прынёс у свет смерць, і здаецца, што смерць з’яўляецца бязмежнай уладаркай, аднак жыватворчая моц Духа мацнейшая за смерць. І сёння мы з радасцю паўтараем: «Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу».


Павеў Духа

У аповедзе пра Пяцідзясятніцу (Дз 2, 1–11) Лука карыстаецца двума сімваламі, каб звярнуць увагу на прысутнасць Духа: вецер і агонь. Лука кажа: «узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру». Да «шуму» дадаецца вобраз ветру, нібыта аўтар хацеў сказаць, што гэты моцны шум абумоўлены ветрам. Вецер і агонь традыцыйна суправаджаюць аб’яўленні Бога, апісаныя ў Бібліі. Яны з’яўляюцца сімвалам жыцця, а дакладней сказаць, сімвалам непераадольнай сілы. Дух Езуса — гэта ўлада, перад якой нішто не ўстаіць, гэта вецер, які праходзіць праз любую перашкоду, гэта агонь, які спальвае ўсё, што з’яўляецца брудным і агідным.

У Дзеях Апосталаў пералічваюцца нацыі, якія прысутнічалі ў Ерузалеме, здаецца, для таго, каб атрымалася ўражанне, што там прадстаўлены ўвесь свет, усё чалавецтва. Дух Езуса  — для ўсіх, незалежна ад нацыі, расы, мовы. І ўсе могуць чуць і казаць на сваёй мове пра вялікія справы Божыя. Дух выступае ў ролі перакладчыка, каб кожны змог зразумець Яго вялікія справы. Дух з’яўляецца Настаўнікам, які вучыць кожнага чалавека ў глыбіні яго душы. Дух чыніць кожнага чалавека здольным пазнаць Божую прысутнасць і Божае дзеянне, а значыць, пазнаць сэнс жыцця. Убачыць сэнс жыцця ў Богу з’яўляецца першачарговай і асноўнай справай, каб мы маглі жыць праўдай і сапраўдным жыццём. Дух Езуса прапануе гэтую цудоўную магчымасць усім людзям, каб яны пачулі пра вялікія справы Божыя і пачалі казаць пра іх.


Адзінства ў любові

Ва ўрыўку з паслання да Карынцянаў святы Павел кажа, што гэта Дух, які робіць нас веруючымі: «Ніхто не можа сказаць „Езус — Пан“, калі не будзе ў Духу Святым». Вызнаваць, што Езус, чалавек, які нарадзіўся ад Панны Марыі і памёр на крыжы, з’яўляецца Уваскрослым і праслаўленым Панам, азначае мець веру, быць хрысціянінам. І гэта магчыма толькі з дапамогай дару Духа.

Па-другое, Дух з’яўляецца крыніцай усіх дароў і ласк, якія атрымлівае кожны чалавек для свайго асвячэння: «Але кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць». Святы Павел хоча тут сказаць, што Дух абагачае кожнага чалавека ўсімі ласкамі, якія неабходны для паўнавартаснага хрысціянскага жыцця, кожнаму адпаведным яму чынам.

Па-трэцяе, Дух з’яўляецца пачаткам адзінства ахрышчаных: «Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела» і «ўсе напоены адным Духам». Гэта і ёсць Дух Святы, які аб’ядноўвае ўсіх ахрышчаных у адно Цела Хрыстовае — Касцёл. Мы напоены Духам Хрыста, каб мы аб’ядналіся з Хрыстом і адно з адным, каб папярэджваць падзелы, пра якія кажа Павел у пачатку свайго Паслання да Карынцянаў.

У сваім Пасланні да Рымлянаў (Рым 8, 8–17) апостал Павел падкрэслівае шматгранныя «наступствы» Духа ў чалавеку. Тое, што мы належым Хрысту, — перш за ўсё справа Духа: «Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму».

Акрамя гэтага, Дух вызваляе нас «ад панавання цела», а значыць, ад эгаізму і граху, і дае нам жыццё: «Дух — гэта жыццё». Эгаізм, які Павел называе «целам», і грэх — свет поўны фальшывых, няправільных каштоўнасцяў, якія ўплываюць на нашае жыццё, — вядуць да смерці. Але Дух чыніць так, што мы належым Хрысту, і дае нам магчымасць жыць так, як жыў Ён, каб мы маглі «жыць» па-сапраўднаму.

Па-чацвёртае, Дух, які прабывае ў нас, з’яўляецца гарантам нашага канчатковага ўваскрашэння з памерлых. Калі Дух уваскрасіў Езуса з памерлых, Ён уваскрасіў таксама нас. Калі мы маем Духа, які жыве ў нас, мы маем таксама сілу, якая дае нам вечнае жыццё.


Вы атрымаеце Духа

У сённяшнім Евангеллі падкрэсліваецца, што Дух з’яўляецца пасхальным дарам Уваскрослага Езуса. Змёртвыхпаўстанне з’яўляецца пачаткам новай эры чалавецтва, у якой Хрыстус дае свайго Духа кожнаму чалавеку, які верыць у Яго. Такім чынам, паміж Езусам і Духам існуе непарушная сувязь.

Аднак, калі мы заглянем у Евангелле паводле Яна (Ян 14, 15–16.23b–26), то можам заўважыць ролю Духа, які яднае нас з Езусам і робіць нас дзецьмі Айца. Прысутнасць Духа Святога азначае прысутнасць Сына і Айца: «І прыйдзем да Яго, і зробім жыллё ў Яго». Дух нясе ў нас любоў Айца: «І палюбіць таго Айцец Мой», і жыццё Езуса: «Бо Я жыву і вы будзеце жыць».

Боскае прабыванне Найсвяцейшай Тройцы ў нас абумоўлена не столькі Богам, які, безумоўна, хоча быць з намі, колькі намі самімі. Езус кажа пра гэта так: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё». У гэтых словах мы чуем дзве ўмовы для таго, каб у нас прабывала Найсвяцейшая Тройца: мы павінны любіць Езуса і захоўваць слова Ягонае. Аднак дзве ўмовы пераўтвараюцца ў адну, бо Езус кажа: «хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё». Такім чынам, любіць Езуса азначае жыць так, як Ён нам наказаў.

Усё тое, што Бог абяцаў ужо з першай старонкі Святога Пісання, здзяйсняецца ў дары Духа Святога, а значыць, усе Божыя абяцанні з’яўляліся абяцаннем Духа. Гісторыя збаўлення дасягае сваёй вяршыні ў дары Духа. Не застаецца нічога іншага, як толькі чакаць поўнага развіцця гэтага дару.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 02.05.2020 23:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця