Ев. перад працэсіяй Лк 19, 28-40
1 чыт. Іс 50, 4-7; Пс 22 (21), 8-9. 17-18а. 19-20. 23-24.
2 чыт. Флп 2, 6-11.
Ев. Лк 22, 14 - 23, 56 альбо (карац.) Лк 23, 1-49.
Пакуты мучаніка
У гэтую нядзелю ўвага веруючага хрысціяніна павінна быць звернута на муку Езуса Хрыста. Пакуты з’яўляюцца сутнасцю сённяшняга евангельскага ўрыўка, да якога нас рыхтуе чытанне з Кнігі прарока Ісаі пра пакутнага слугу Пана і таксама каментарый святога Паўла пра прыніжэнне і ўзвышэнне Езуса.
Пакуты Езуса не з’яўляюцца адной з многіх «падзей». Мука і смерць Божага Сына — адзіныя і выключныя.
Пакуты
Гісторыя пра муку і смерць Пана Езуса — гэта падзея даўняга мінулага, падзея, якая спраўды мела месца, якая адбылася ў часы панавання Понція Пілата ў палестынскім Ерузалеме. Для гісторыка гэтая падзея з’яўляецца хутчэй «звычайнай», адным са шматлікіх укрыжаванняў, якія здзейснілі рымляне. Мы верым, што Езус панёс цярпенні і памёр на крыжы, аднак тое, у што мы верым, з’яўляецца не нейкай таямніцай, а гістарычна даказанай рэчаіснасцю.
І менавіта ў смерці Езуса Хрыста — на першы погляд нязначнай падзеі, як аднаго са смяротных прысудаў — мы бачым аб’яўленне Бога і Яго збаўленчай справы адкуплення свету, Яго збаўленчай любові.
Такім чынам, калі мы хочам пазнаць, кім з’яўляецца Бог, мы павінны шукаць Яго ў жыцці Езуса Хрыста, у якім мы таксама ўбачым спраўдную тоеснасць чалавека. Менавіта з пакутаў Езуса Хрыста мы можам навучыцца разважаць пра боль і чалавечыя пакуты.
Менавіта з мукі і смерці Хрыста сыходзіць збаўленне для ўсяго чалавецтва. Мы верым, што Езус памёр пры Понцкім Пілаце, а значыць мы верым Богу, які кіруе гісторыяй, Богу, які прымаў удзел у падзеі мукі і смерці Яго Сына.
Боль Езуса
Пакуты Езуса маюць пэўную паслядоўнасць: цярпенне, нападкі, асуджэнне, асмяянне, здрада, прыніжэнне. Езус не чытае лекцыю па тэорыі болю, Ён яго перажывае. Ён не кажа, што боль — гэта каштоўнасць, Ён моліцца, каб Нябесны Айцец адвёў ад Яго гэты жахлівы час смяротных пакут.
Езус не паводзіў сябе так, як часта паводзім сябе мы. Ён не шукаў вінаватага ў Яго болю, каб перанесці на яго цяжар сваіх пакут… Ён не паўставаў супраць Бога і не казаў пра сваю нявіннасць. Ён не крычаў, што ўсё не мае сэнсу, калі жыццё поўнае пакут. Калі мы пакутуем, мы пачынаем абараняцца і абвінавачваць іншых, мы абураемся або падаем у адчай, а гэта — тупік. Як жа паводзіў сябе Езус?
Боль і смерць Езуса з’яўляюцца болем і смерцю пабожнага і нявіннага. Пілат сказаў, што не знаходзіць у Езусе віны. І сотнік, гледзячы на паміраючага Езуса, усклікнуў: сапраўды гэты чалавек быў нявінны. Хто ж вінаваты — Бог ці людзі?
Аднак Езус, паміраючы, маліўся: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць… У рукі Твае аддаю дух Мой». Езус прабачае людзям і аддаецца Айцу, перажывае свае пакуты і смерць як жэст з’яднання з людзьмі, як жэст прымірэння і адданасці Богу. Злачынцу, якога ўкрыжавалі побач з Ім, Езус абяцаў: «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі». Смерць Езуса характарызуюць не мяцеж, не адчай ці блюзнерства, а жаданне паяднацца з Богам Айцом і людзьмі. Муку і смерць Езуса мы называем ахвярай, а ахвяра і азначае жэст паяднання, які мы бачым і адчуваем па сённяшні дзень дзякуючы Эўхарыстыі.
Людзі прыбілі Езуса да крыжа з нянавісці, помсты і жорсткасці, але Ён тое, што з’яўляецца пладом злосці, граху і насілля, перажывае як ахвяру, як акт адкупленчага паяднання з чалавецтвам.
Агіда і пакора
Адносіны Езуса да болю маюць два вымярэнні: агіду і пакору. З аднаго боку, Езус не жадае болю, не шукае яго, просіць Айца збавіць Яго ад гэтага келіху. Езус не выбірае таксама бездапаможную пасіўнасць, Ён не падпарадкоўваецца болю, не адмаўляецца змагацца супраць болю.
І ўсё ж такі Ён аддае сябе Богу. І гэта не праяўляе Яго як чалавека ў адчаі, які апускае рукі, калі бачыць, што яго барацьба не мае сэнсу. Пакутуючы Езус аддаецца цудоўнай Божай таямніцы, аддае сябе ў рукі Айца, які з’яўляецца вышэйшым гарантам надзеі. Гэта пакора, але таксама акт надзвычайнай моцы. Гэта не падпарадкаванне ці нейкая слабасць, а жэст таго, хто цалкам і адназначна з’яўляецца панам самога сябе.
Паводзіны Езуса — гэта супраціўленне ў пакоры, барацьба ў даверы, што Бог Айцец Яго падтрымлівае, што Ён гарантуе Яму перамогу, міласэрную, але сапраўдную перамогу.
Езус здолее нават учыніць са свайго болю справу любові, з’яднання з Богам і людзьмі, ператворыць яго ў сапраўдную ахвяру. Таму Езус рэкамендуе сваім вучням працягваць маліцца, каб не паддацца спакусе. Толькі малітва як адданасць Богу і дыялог з Ім дае людзям моц вытрываць боль, не супраціўляцца адчайна супраць яго або пасіўна яму паддавацца. Малітва дае чалавеку сілы не падпарадкавацца болю, насіллю, несправядлівасці, смерці, а аддаць сябе таму, хто нават у смерці, болю і несправядлівасці дапаможа адшукаць сэнс і надзею. Таму чалавек не павінен шукаць боль і запэўніваць сябе, што ён моцны. Трэба шукаць Бога ў кожных абставінах, нават у болю і смерці.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.