Пошук

15.02.2013 00:00  

1 чыт. Дрг 26, 4-10; Пс 91 (90), 1-2. 10-11. 12-13. 14-15.
2 чыт. Рым 10, 8-13.
Ев. Лк 4, 1-13
.


Спакушэнні і вернасць Богу

Пачынаецца час Вялікага посту. І адразу ж да нас прыходзіць пытанне: што мы павінны рабіць у гэты час? Многія прыслухоўваюцца да парадаў біскупаў і святароў. Аднак ёсць прапанова, якая ўключае ў сябе ўсе іншыя прапановы і пранікае ў сутнасць, у сэрца часу посту. Яна перавышае тое, што мы можам выконваць практычна. Гэта заклік навяртання, заклік да цвёрдай веры. Гэты заклік скіроўвае да нас таксама св. Павел: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

Кожная ініцыятыва павінна дапамагаць нам узрастаць у нашым навяртанні да Бога, у веры ў Яго. А гэта значыць, што час Вялікага посту з’яўляецца для нас заклікам паставіць Бога на першае месца, вышэй за ўсё. Час Вялікага посту мы толькі тады перажывём «добра», калі ў глыбіні нашай душы адчуем і ўсвядомім сабе, што без Бога мы не можам жыць. Калі мы пазнаем, што Бог нам патрэбны больш, чым хлеб, больш, чым прызнанне і розныя формы «прыбытку», мы зможам адпаведна перажыць час посту.


Тры выпрабаванні

На пачатку сатана выпрабоўвае Езуса, намаўляючы Яго ператварыць камень у хлеб, каб стаць такім чынам дабрадзеем чалавецтва. Падобна думаем і мы. Нам здаецца, што мы вырашым праблемы людзей, калі накормім іх усіх, забяспечым дабрабыт, калі дадзім упэўненасць у працы і жыцці. Чаму гэтыя рэчы могуць стаць спакусай? Звернем увагу на тое, што Езус адказвае сатане: «Нaпiсaнa: не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек, але ўсялякім словам Божым». Езус кажа, што найперш людзям патрэбны Бог, што Бог з’яўляецца для іх большай каштоўнасцю, чым хлеб.

Праўда і тое, што Езус накарміў натоўп дзякуючы цудоўнаму размнажэнню хлябоў. Аднак гэта не было самай важнай Яго справай. Нават калі б у час спакусы Езус аказаўся перад выбарам накарміць людзей ці даць ім Бога, Ён абраў бы другое — даць ім Бога. Хлеб не ўратуе людзей ад адчаю і смерці, ад зла і болю. Але Бог мацнейшы за смерць, толькі Ён робіць людзей шчаслівымі, дае ім паўнацэннае жыццё. Давайце і надалей падчас посту збіраць ахвяраванні для бедных або для місій. Аднак пры гэтым мы не павінны забываць, што мы павінны даваць іншым Бога, а не толькі міласціну — большую ці меншую. Бог павінен быць самай вялікай каштоўнасцю ў нашым жыцці — больш за ўсё астатняе.

Другое выпрабаванне датычыла ўлады — панавання над усім светам. Да нас таксама прыходзіць спакуса верыць, што ўлада нясе з сабою самы высокі дабрабыт і шчасце, што яна дасць магчымасць жыць добра і прысвячаць сябе іншым. Але Езус на спакусу рэагуе так: «Нaпiсaнa: Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць». Улада не прыносіць збаўленне, не робіць людзей шчаслівымі, не дае ім магчымасць жыць. Улада прыгнячае, знішчае і прыводзіць да смерці. Адзіным, хто можа зрабіць усё, каб мы жылі, з’яўляецца Бог. Улада дае магчымасць набываць многія рэчы, але рэчы не робяць людзей па-сапраўднаму шчаслівымі. Бог дае ў дар самога сябе, сваё жыццё, сваю праўду. Бог дае нам жыццё і робіць нас шчаслівымі. Час Вялікага посту мы перажывём добра тады, калі нам удасца пазбавіцца неўтаймаванага жадання мець, валодаць, зарабляць і набываць усё большую ўладу.

Калі мы сапраўды паставім Бога вышэй за ўсё і калі будзем пакланяцца Яму, а не грошам, сексу, асалодзе, поспеху ці кар’еры, мы перажывём цудоўны час посту — час, калі мы павінны спаліць усіх ідалаў і выключыць з нашага жыцця іншыя магчымасці акрамя аднаго Бога.

Трэцяе выпрабаванне — самае моцнае: мы думаем, што можам заняволіць і Бога. Езус кажа: «Скaзaнa: не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго». Аднак мы ствараем сабе нейкага бога для нашага ўжытку і нашых патрэбаў, з якім мы можам кантактаваць так, як нам падабаецца. Зразумела, што гэта будзе замена Богу цалкам свабоднаму і трансцэндэнтнаму, таямнічаму і бязгрэшнаму. Бог — гэта абсалютная свабода. Такую праўду даў нам пазнаць Езус. Сэнсам нашага жыцця не з’яўляецца нейкая рэч, нават ніякае жывое стварэнне. Ім з’яўляецца абсалютная і любячая Любоў.

Мы хацелі б заўсёды ўплываць на Бога і прымаць толькі такога Бога, які адпавядае нашым малым і часта нязначным планам. Чаму нам так складана верыць? Таму што нам складана цалкам і з даверам аддацца ў рукі абсалютнай, непрадбачнай, але заўсёды міласэрнай Божай волі. Час посту мы перажывём добра тады, калі зможам — як Езус і разам з Ім — цалкам і безумоўна ўскласці надзею на свабоду Божай любові. Гэта значыць, што мы павінны навучыцца адмаўляцца ад планавання і кіравання нашым жыццём, нібыта ўсё залежала б толькі ад нас. Неабходна пераадолець саміх сябе і адмовіцца ад нашага скрытага пераканання, што нам трэба нешта пакінуць для сябе, пакінуць для сябе ў нашым сэрцы прастору, якую мы не жадаем даць Богу, каб мы маглі аддавацца падманліваму ўяўленню, што мы самі з’яўляемся будаўнікамі нашага асабістага жыцця. Езус кажа, што толькі Бог дае нам магчымасць жыць.

На пачатку посту важна пазнаць, кім мы ёсць. Запытацца ў саміх сябе: «Чаго больш за ўсё я жадаю ў сваім жыцці?» Мы адкрыем, што тры выпрабаванні Езуса з’яўляюцца таксама нашымі выпрабаваннямі. Аднак Езус паказаў нам, як мы можам і павінны іх пераадолець — давяраць толькі Богу! Будзем працягваць спакойна жыць, як і раней, але давайце спрабаваць рабіць гэта, цалкам давяраючы Богу і адводзячы Яму першае месца ў нашым жыцці. Усё зменіцца, і мы зноў адкрыем радасць жыцця.


Слова веры

Езус адказвае на спакусы сатаны тым, што спасылаецца на напісанае Божае слова. Такім чынам Ён сведчыць сваю вернасць Богу. У другім чытанні з Паслання апостала Паўла мы будзем працягваць нашыя разважанні: «Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення».

Апостал Павел тут коратка выражае хрысціянскую веру: паверыць, што «Езус з’яўляецца Панам». Чалавек з Назарэта ўваскрос з памерлых. Ён жыве ў Богу, з’яўляецца Панам, які нясе збаўленне і які апраўдвае. Калі мы верым усёй сваёй сутнасцю, то нам прыйдзе збаўленне ад Пана. Верыць азначае дзейнічаць так, як Езус падчас выпрабаванняў: абраць Бога і абапірацца на Яго больш, чым на каго-небудзь іншага. Верыць — значыць даць Богу магчымасць кіраваць нашым жыццём, адмовіцца ад памылковага прэтэндавання на самастойны клопат пра нашае жыццё і нашае шчасце. Час посту мы перажывём добра, калі зробім рашучыя крокі ў такім росце ў веры, калі мы будзем давяраць Богу больш, чым сабе ці камусьці іншаму. Бог — адзіная для нас альтэрнатыва сапраўднага жыцця.


Гісторыя збаўлення

Наша вера з’яўляецца працягам веры, якую вызнавалі юдэйскія хрысціяне, калі прыходзілі ў святыню. Сваю веру яны вызнавалі, распавядаючы пра гісторыю збаўлення, якую перажыў ізраільскі народ. Праз такое вызнанне веры прызнаецца, што Божае збаўленне дзейнічае і становіцца прысутным у гісторыі чалавецтва: Ізраэль гэта перажыў. Але гэтае гістарычнае перажыванне збаўлення «ўключана» ў жыццё Езуса Хрыста як гістарычнай і выключнай падзеі. Кожная падзея ў гісторыі становіцца падзеяй гісторыі збаўлення ў адносінах да «выключнай» гістарычнай падзеі жыцця Езуса.

Час посту з’яўляецца для нас запрашэннем, каб мы ў нашым штодзённым асабістым жыцці, а таксама ў жыцці супольнасці зноў адкрывалі збаўленне, якое прыходзіць ад Езуса Хрыста: толькі Ён можа даць нашаму жыццю канчатковы сэнс і збаўчую каштоўнасць. Акрамя Езуса няма нікога, хто даў бы нам магчымасць жыць і хто збавіў бы нас. Час посту як шлях навяртання і веры мы перажывём добра, калі зноў адкрыем на ім Езуса як нашага Збаўцу.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 25.01.2019 19:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця