Пошук

31.01.2013 00:00  

1 чыт. Ер 1, 4-5. 17-19; Пс 71 (70), 1-2. 3-4a. 5-6ab. 15ab і 17.
2 чыт. 1 Кар 12, 31 - 13, 13 альбо (карац.) 1 Кар 13, 4-13.
Ев. Лк 4, 21-30
.


Слова, ісціна і любоў

Кожнае слова набывае сваё поўнае значэнне толькі тады, калі яно знаходзіцца цалкам на службе ісціне. Фальшывае слова з’яўляецца абясцэньваннем яго ж самога. Мы маглі б сказаць, што праўдзівае і паўнацэннае слова зараджаецца з любові да ісціны. І ісціна з’яўляецца святлом, якое павінна ператварыцца ў цяпло, каб стаць карысным для іншых. Калі ісціна не ператворыцца ў любоў, яна не сапраўдная. Гэтыя думкі нараджаюцца ў нас пасля прачытання літургіі слова на гэтую нядзелю: прароцкае слова знаходзіцца на служэнні ісціне, каб стварыць любоў. Гэтая тэма аб’ядноўвае ўсе тры чытанні.


Драматычнае пакліканне

Слова Пана — гэта рэальнасць, якая ўключаецца ў чалавечую гісторыю, як гэта было таксама ў выпадку, калі Пан звярнуўся да Ераміі каля 628 г. да нараджэння Хрыстовага, каб паклікаць яго стаць прарокам. Божы заклік атаясамліваецца з Божым стваральным дзеяннем: Бог «пазнае», «асвячае» і «ўстанаўлівае» Ерамію прарокам для народаў перш чым ён быў зачаты ва ўлонні маці. Ерамія павінен абвяшчаць Божае слова: «скажаш ім усё, што Я табе загадаю». Прарок з’яўляецца чалавекам слова. Ён павінен аддаць сваё жыццё на службу Божаму слову з поўным даверам і верай у Божую прысутнасць у ім: «бо Я з табою».

Ужо само пакліканне Ераміі з’яўляецца прадвесцем сумных і драматычных падзей у яго жыцці: барацьбы, цярпення, неразумення і адзіноты, пераследу і выгнання. Ерамія меў рамантычны дух і драматычна перажываў сваю самоту, на якую ён быў асуджаны праз адмаўленне Ізраэля паверыць і зразумець яго прароцтва, нават і неразуменне з боку яго самых блізкіх родных. Прарок павінен адзін змагацца супраць «усёй гэтай зямлі», ён падобны да цытадэлі, акружанай з усіх бакоў. Але прарок ведае, што перамога будзе на яго баку, таму што Бог з ім. Слова Пана пераможа няпраўду і насілле тых, хто не хоча паверыць. Людзі, якія не жадаюць слухаць прарока, хацелі б прымусіць маўчаць Бога. Але падобна таму, як квітнее міндальнае дрэва, калі прыйдзе яго час, такім жа чынам споўніцца ў свой час слова Пана.


Езус — непрыняты зямляк

Езус прыйшоў у свой горад, у Назарэт, у сінагогу, дзе Ён чытаў са скрутка прарока Ісаі. Здаецца, нічога асаблівага не здарылася, але Ён здзівіў усіх, калі сказаў: «Сёння споўнілася Пісанне гэтае, пачутае вамі». Людзі Яго краіны ганарыліся тым, што маюць такога незвычайнага земляка. Па сутнасці Езус цытаваў словы прарока Ісаі і сказаў, што Божае абяцанне споўнілася. Праўдзівыя словы — святыя словы! Аднак сутнасць справы заключалася ў тым, каб даведацца, хто Ён, — і менавіта гэтага Яго землякі не разумелі: «хіба гэта не сын Юзафа?» Праблема заключаецца менавіта ў Яго асобе, а не ў тлумачэнні Кнігі прарока Ісаі. Яны бачаць у Езусе толькі аднаго з іх — жыхара Назарэта.

Назаране гатовы паверыць толькі пры ўмове, што яны атрымаюць «доказ», толькі калі праявіцца надзвычайная мой Езуса. І перш чым паверыць, яны хочуць дакрануцца да Яго і ўбачыць. Назаране не жадаюць прыняць простага і пакорнага Месію, які пры гэтым не робіць цудаў, які моцны толькі Божым словам, якое абвяшчае. Езус жа мае толькі моц слова — як прарокі. І таму Ён на нежаданне сваіх землякоў рэагуе тым, што цытуе прымаўку: «Ніводнага прарока не прымаюць у сваёй айчыне». Паралельны тэкст евангеліста Марка больш доўгі і больш жорсткі: « Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго» (Мц 13, 57). Евангеліст Ян падкрэслівае думку пра пашану: «Прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне » (Ян 4, 44). У радках кожнага з чатырох евангелістаў захаваліся словы Езуса: кожны свабодна сінтэзуе словы свайго Настаўніка.

У Назарэце распачаўся крыжовы шлях Езуса. Езус, непрыняты, працягваў свой шлях сярод неразумення і нянавісці ажно да крыжовай смерці. Сваё «вандраванне» Ён завяршае ўнебаўшэсцем. Усё Яго жыццё — гэта шлях.


Любоў — плод веры

Падобна таму, як нельга жыць без праўды, нельга жыць таксама без любові. У абодвух чытаннях, пра якія мы сёння разважалі, пераважае тэма прароцкага абвяшчэння праўды, якая знаходзіць сваю рэалізацыю і ўвасабленне ў Хрысце. Як Ерамія, так і Езус сустрэліся з нежаданнем сваіх суайчыннікаў паверыць, абодва яны пакутавалі з-за слабой веры сваіх слухачоў. Урывак з Паслання святога апостала Паўла завяршае аповед, які мы можам акрэсліць наступнай формулай: слова — ісціна — любоў; Божае слова — вера як прабыванне ў праўдзе — справа любові. Гэта формула, якая складаецца з трох частак і выражае глыбокую логіку, пра якую мы казалі ў пачатку. Божае слова прыводзіць нас да жыцця з веры, і вера вядзе нас да справаў любові.

Братэрская любоў з’яўляецца канчатковай рэальнасцю і спаўненнем усялякай «ісціны». Калі мы не любім, словы застаюцца пустымі і поўнымі ілжы. Гаворка ідзе пра любоў, якая вынікае з веры і яднаецца з надзеяй. Ва ўрыўку з Паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў мы чыталі пра ўласцівасці любові, якая пераходзіць у жыццё вечнае, таму што неба будзе дасканалым удзелам у любові, якою з’яўляецца сам Бог. Там таксама ісціна знойдзе сваё спаўненне, бо мы будзем бачыць Бога «тварам у твар…».

Адмаўленне ад ісціны, якую абвяшчаў Ерамія, прывяло яго суайчыннікаў да насілля. Нежаданне назаранаў паверыць абуджала ў іх сэрцах намер забіць Езуса. Папа Ян Павел ІІ надзвычай дакладна выразіў адносіны паміж ісцінай і любоўю ў сваім пасланні на Дзень міру, калі сказаў: «Ісціна… адкрывае тое, што аб’ядноўвае бакі, якія да гэтага былі супраць адно аднаго; мінулы недавер яна адсоўвае на задні план і рыхтуе глебу для далейшага прагрэсу ў справядлівасці і братэрстве, у мірным суіснаванні ўсіх людзей».


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 13.01.2022 00:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.